Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шостая палата выбрала сьпікерам Андрэйчанку. Супраць была адна дэпутатка


Уладзімер Андрэйчанка

Уладзімер Андрэйчанка

Палата прадстаўнікоў 6-га скліканьня на першым пасяджэньні 11 кастрычніка выбрала сьпікерам на безальтэрнатыўнай аснове самага сталага дэпутата Палаты, 67-гадовага Ўладзімера Андрэйчанку, перадае з Палаты карэспандэнт Свабоды.

Дэпутатка ад Полацкай выбарчай акругі Натальля Гуйвік прапанавала вылучыць Андрэйчанку, які два папярэднія тэрміны ўжо ачольваў парлямэнт. Гуйвік казала, як ёй пашчасьціла працаваць пад кіраўніцтвам Андрэйчанкі, які ён патрыёт, як добра ведае заканатворчую дзейнасьць, праблемы вёскі і гораду. Але асаблівы талент у яго разьвіўся тут, у Палаце прадстаўнікоў, заявіла Гуйвік.

На пытаньне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра іншыя кандыдатуры адказу не было. За вылучэньне кандыдатуры прагаласавалі 108 дэпутатаў, двое не галасавалі. Андрэйчанка ў праграмным выступе расказаў, як плённа павінен працаваць парлямэнт, гаварыў пра эканоміку, бюджэт, інвэстыцыі, прынцыповую работу з урадам, міжнароднае супрацоўніцтва з ЭўрАзЭС, Кітаем, Эўразьвязам, пра наладжваньне сувязяў з Паўднёва-Ўсходняй Азіяй і Лацінскай Амэрыкай. Пытаньняў да яго не было. Кандыдата ў выступах падтрымалі дэпутаты Дзьмітры Шаўцоў і Леанід Цупрык.

За Андрэйчанку прагаласавалі 109 дэпутатаў, супраць была адна дэпутатка — прадстаўніца АГП Ганна Канапацкая. Па галасаваньні яна прызналася, што не чакала такой аднадушнасьці.

«Сум», — сказала Канапацкая пра пачатак першага пасяджэньня парлямэнту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG