Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Эўрапарлямэнт, верагодна, не прызнае Палату прадстаўнікоў


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

13 кастрычніка ў Эўрапарлямэнце ў Брусэлі прайшло сумеснае пасяджэньне працоўнай групы ў справах Беларусі парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга партнэрства «Эўранэст» і дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў пытаньнях сувязяў зь Беларусьсю.

Асноўнымі тэмамі сустрэчы былі палітычная сытуацыя ў Беларусі і выбары ў Палату прадстаўнікоў.

З дакладамі выступілі кіраўніца кароткатэрміновай місіі назіраньня БДІПЧ АБСЭ ў Беларусі Тана дэ Сулюэта, віцэ-прэзыдэнт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ і адмысловы каардынатар кароткатэрміновай місіі АБСЭ па назіраньні ў Беларусі Кент Гэрштэт, а таксама некаторыя прадстаўнікі Эўрапейскай камісіі.

На запрашэньне Эўрапарлямэнту ў гэтай нарадзе ўзялі ўдзел лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Абʼяднанай дэмакратычнай партыі Анатоль Лябедзька, экс-кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, лідэрка «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч.

Як паведаміў Свабодзе Аляксей Янукевіч, на яго думку, у выступах прадстаўнікоў АБСЭ прагучала рэалістычная і адэкватная ацэнка таго, што адбывалася падчас выбараў у Беларусі.

«Рэзюмаваць гэтую ацэнку можна рэплікай Кента Гэрштэта, які сказаў, што ў сустрэчах зь беларускімі ўладамі перад выбарамі прадстаўнікі АБСЭ чулі вельмі шмат слушных словаў, аднак рэалізацыя гэтых словаў была надзвычай слабая».

Усе прадстаўнікі беларускай дэлегацыі заявілі ў Эўрапарлямэнце, што было б вялікай памылкай уключыць Палату прадстаўнікоў у працу «Эўранэсту».

«Самыя памяркоўныя выказваньні на гэтую тэму прагучалі з вуснаў Тацяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі — яны прапанавалі пачакаць і вярнуцца да пытаньня ўключэньня Палаты прадстаўнікоў у „Эўранэст“ праз год ці яшчэ пазьней — пасьля мясцовых выбараў», — сказаў Янукевіч.

Ён сказаў, што падкрэсьліў на паседжаньні: апазыцыйныя палітыкі ня супраць дыялёгу паміж эўрапейскімі структурамі і беларускімі ўладамі, але не праз уключэньне Палаты прадстаўнікоў у «Эўранэст».

«Такі дыялёг важны, каб набліжаць сыстэмныя зьмены, у тым ліку дэмакратычныя. Аднак Палата прадстаўнікоў ня можа быць удзельнікам такога дыялёгу, таму што яна не прадстаўляе беларускае грамадзтва і таму што ня мае рэальнай улады — гэта марыянэткавы орган».

На паседжаньні таксама гаварылі пра палітычных вязьняў у Беларусі.

У Эўрапарлямэнце цікавяцца справамі Эдуарда Пальчыса і Ўладзімера Кондруся.

«У Эўрапарлямэнце цікавяцца справамі Эдуарда Пальчыса і Ўладзімера Кондруся. Ведаюць, што заўтра будзе суд над першым зь іх», — кажа Янукевіч.

Старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па стасунках зь Беларусьсю Богдан Здраеўскі, які вёў паседжаньне, сказаў, што праз 10 дзён у Страсбуры на паседжаньні Эўрапарлямэнту прадставяць праект рэзалюцыі па выніках парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Галасаваньне па гэтай рэзалюцыі — празь месяц.

«Хоць пакуль гэты праект у распрацоўцы і дапрацоўцы, Богдан Здраеўскі выказаў меркаваньне, што, найхутчэй, новаабраны парлямэнт у Беларусі ня будзе прызнаны Эўрапарлямэнтам і аўтаматычна ня зможа трапіць у «Эўранэст», — сказаў лідэр БНФ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG