Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: «Лічыцца, што кандыдатам у дэпутаты можа стаць любы дурань»


Як сказала старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, паводле яўкі на выбары на 18.00 можна сказаць, што «парлямэнцкія выбары ў Беларусі паўсюль адбыліся». Яўку на гэты час спадарыня Ярмошына абазначыла як 67,7% і сказала, што спадзяецца ў 24:00 паведаміць пра вынікі выбараў па большасьці з 110 акругаў.

Ход выбарчай кампаніі Лідзія Ярмошына ахарактарызавала гэтак: «У першыя часы былі трывожныя тэндэнцыі, магло падацца, што выбарцы ведаюць больш пра выбары ў Расеі, якія адбудуцца 18 верасьня. Але гэтак было толькі на першым этапе, калі вылучаліся кандыдаты ў дэпутаты. Потым усё зьмянілася, сытуацыю пераламіла дзяржава. Дзяржаўныя выданьні, якім я ўдзячная, і інтэрнэт-рэсурсы, якія працуюць на моладзь, таксама былі актыўныя. Ва ўсякім разе, у Менску. Усё гэта прывяло да таго, што выбарцы сталі цікавіцца выбарамі».

Пры гэтым, паводле Лідзіі Ярмошынай, выбарчая кампанія была малаканфліктная, і гэта яе турбуе.

«Баюся сурочыць», — пачала дзяліцца асабістымі меркаваньнямі Лідзія Ярмошына і распавяла, чаго ёй не хапіла падчас кампаніі: «кандыдатаў, якія праводзяць кампанію на ўзроўні сучасных выбарчых тэхналёгіяў».

«Лёгкасьць, зь якой у нас вылучаюцца ў кандыдаты, уводзіць выбарцаў у зман. Яны чамусьці лічаць, што стаць дэпутатам можна вельмі проста, што гэта можа любы дурань. Вось чаму ў нас шмат кандыдатаў, якія, мякка кажучы, не гатовыя. Гэта зьніжае аўтарытэт выбарчай кампаніі», — прызнала Лідзія Ярмошына.

Старшыня ЦВК мяркуе, што калі краіна пяройдзе на зьмешаную сыстэму фармаваньня парлямэнту, то партыйная вярхушка будзе «больш прыстойна праводзіць дэбаты і ўсю выбарчую кампанію».

Лідзія Ярмошына абурылася, калі журналіст зь дзяржаўнай газэты «Рэспубліка» назваў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу «палаткай».

«Палатка — гэта зьняважліва, гэта недапушчальна. Як бы вы ні ставіліся да парлямэнту, гэта як да сямʼі, трэба выказвацца заўсёды зь піетэтам...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG