Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына атрымала скаргу на саму сябе


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыня ЦВК апавяла пра памылковую скаргу, прамаўчала пра аналягічную сапраўдную.

Лідзія Ярмошына распавяла журналістам, што атрымала памылковую скаргу на саму сябе. Яна назвала гэта «кур’ёзным выпадкам» і зьедліва адзначыла, што такая скарга паказвае ўзровень палітычнай культуры чалавека, які яе падаў.

Паводле яе слоў, адзін з назіральнікаў з Гомеля даслаў ёй скаргу на інфармацыйныя брашуры са зьвесткамі пра ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Назіральнік палічыў, што гэта «незаконныя агітацыйныя матэрыялы» і што трэба «пресечь незаконную деятельность». Паводле слоў Ярмошынай, гэтыя інфармацыйныя матэрыялы вырабленыя ЦВК, афіцыйна распаўсюджваюцца «Белпоштай» і ня ўтрымліваюць агітацыі.

Тым часам Ярмошына не згадала пра сапраўдныя скаргі на незаконную агітацыю: кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі Тацяна Караткевіч падала скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію на свайго суперніка Аляксандра Лукашэнку. Яна патрабуе, каб Цэнтравыбаркам вынес яму афіцыйнае папярэджаньне за злоўжываньне адміністратыўным рэсурсам: у выбарчай кампаніі Лукашэнкі, сьцьвярджае кандыдатка, выкарыстоўваюцца тыя ж самыя сымбалі, якія выкарыстоўваюцца і для агульнай прапаганды ідэі выбараў.

Гэта не адзіны выпадак незаконнай агітацыі. Нядаўна «Эўрарадыё» зацікавілася плякатамі з выбарчым лёзунгам Лукашэнкі і ягоным фота, прычым без выходных зьвестак. Плякат, на які ў раённы выбаркам паскардзілася «Эўрарадыё», праз пэўны час зьнялі, хоць падобныя яшчэ можна заўважыць на стэндах, прысьвечаных выбарам.

Але такая друкаваная прадукцыя з прыкметамі агітацыі выходзіла і далей: на перадавіцы «Советской Белоруссии» ад 29 верасьня 2015 году можна заўважыць нешта падобнае да агітацыі за аднаго кандыдата. Побач зь вялізным надпісам «Калі ты за Беларусь, ГАЛАСУЙ», стаіць фота Лукашэнкі — аднаго з кандыдатаў, за якога можна прагаласаваць 11 кастрычніка.

Падобны выпадак з «Советской Белоруссией» быў у 2006 годзе, калі на перадавіцы фота Лукашэнкі і Ярмошынай падпісалі вялікімі літарамі: «Выбіраць нам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG