Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кандыдатаў ня бачылі, дэпутатаў ня ведаем». Як праходзіць выбарчая кампанія ў Сапоцкіне


Сельсавет у Сапоцкіне

Сельсавет у Сапоцкіне

У мястэчку Сапоцкін Гарадзенскага раёну людзі чулі пра выбары пакуль толькі з тэлевізара: кандыдаты ў дэпутаты сюды не заяжджалі, а дэпутатаў ніхто ня памятае. Праўда, адна жанчына ўсё ж узгадала, што подпісы сёлета за некага зьбіралі, але за каго, сказаць не змагла.

Мястэчка Сапоцкін — за дваццаць кілямэтраў ад Горадні, на ажыўленай трасе да Аўгустоўскага канала. У свой час мястэчка было нават раённым цэнтрам, але цяпер нагадвае хутчэй ціхую вёсачку зь бязьлюднымі вуліцамі.

Разгаварыліся са спадаром Станіславам, ён перадпэнсійнага веку, і ягонай жонкай Ірынай. На маё пытаньне — ці прыяжджалі ў Сапоцкін кандыдаты ў дэпутаты? — спадар Станіслаў адрэагаваў адразу сурʼёзна. Маўляў, мы тут забытыя ня толькі дэпутатамі, але і ўсімі астатнімі.

«Вось у нас вуліца Тэалінская, яе рамантуюць ужо невядома колькі, а там праехаць на машыне немагчыма. Калі па ёй вязуць нябожчыка да касьцёла адпяваць, то ён па дарозе ажывае, а перад касьцёлам ізноў памірае», — кажа спадар Станіслаў.

Тэалінская вуліца. Колькі гадоў яе ня могуць заасфальтаваць

Тэалінская вуліца. Колькі гадоў яе ня могуць заасфальтаваць

Мужчына махае рукою. Відаць, яму баліць за сваё мястэчка. Дый дарога насамрэч на Тэалінскай выбітая, ледзь сунецца малакавоз.

«А колькі ў нас людзей было, моладзі. А цяпер цяжка некага на вуліцы спаткаць — усе разьехаліся, бо няма працы, і за гэтыя заробкі ў калгасе пражыць немагчыма», — называць прозьвішча спадар Станіслаў адмаўляецца, бо кажа, што яшчэ на пэнсію ня выйшаў, а за шчырую размову з журналістам могуць пагнаць з працы.

Спадарыня Ірына распавядае, што ў іхнім мястэчку раней былі такія чароды кароваў, што часам і вуліцу было не перайсьці, як іх гналі. А цяпер цяжка малака знайсьці для дзіцяці.

«Была свая пякарня, быў каўбасны і малочны цэхі, людзі мелі працу на месцы, рух нейкі быў. Вось бы гэтыя дэпутаты, якіх мы ніколі ня бачылі, вярнулі нашаму мястэчку ўсё гэта. Мы вось тут колькі жывём, то ніводнага дэпутата ня бачым. Вось за прыпынкам зрабілі грамадзкую прыбіральню, а адчыняюць яе толькі па сьвяточных днях, а ў будзённыя людзям трэба да ветру хадзіць, бо там зачынена. А вы кажаце — дэпутаты... Раскажыце ім на сваім радыё, няхай хоць паслухаюць праз вас, што мы пра іх думаем», — скардзіцца жанчына.

Спадар Станіслаў яе перабівае і кажа, што часам нехта прыяжджае ў сельсавет, але на сход зьбіраюць толькі патрэбных людзей і самі ўсё абмяркоўваюць, а ў астатніх ніхто ні пра што не пытаецца.

Побач са сквэрам прадпрымальнікі з машыны гандлююць адзеньнем. Кандыдатаў яны таксама ня бачылі і ня чулі. Кажуць, што перадвыбарчую кампанію толькі ў тэлевізары паказваюць, і скардзяцца, што пакупніцкая здольнасьць у местачкоўцаў зусім слабая.

«Прадаём тут тавар толькі сэзонны, часам нешта на заказ прывозім, але ў людзей няма грошай. Вось сёньня за дзень прыйшла адна спадарыня і папрасіла, каб туфлі ёй на сьмерць прывезьлі. Вось паглядзіце, стаіць будынак — гэта былы ўнівэрмаг, некалі тут на двух паверхах усё прадавалі, а цяпер крама займае 25% усяго будынку: ні тавару, ні пакупнікоў...», — кажа адзін з прадпрымальнікаў.

Падыходзяць яшчэ двое мужчын. На пытаньне пра выбары адказваюць, што няма чаго сказаць, бо чулі пра іх толькі па тэлебачаньні. Праўда, спадзяюцца, што яшчэ нехта з кандыдатаў прыедзе, выступіць.

Рэкляма выбараў побач з крамай

Рэкляма выбараў побач з крамай

«Навошта яны наагул грошы трацяць на гэтыя выбары, хай бы лепей якую вытворчасьць у Сапоцкіне аднавілі, бо працаваць няма дзе, а ў калгасе нічога не заробіш», — наракае адзін.

Другі кажа, што наагул не разумее, якая ў Беларусі ўлада, бо зь людзьмі ніхто ніколі не сустракаецца, па тэлебачаньні паказваюць штодня аднаго Лукашэнку, а жыцьцё звычайнага чалавека з кожным годам толькі горшае.

«Чаму ва ўрадзе няма такога чалавека, як Яраслаў Раманчук? Вось тут побач ягоная маці жыве, я зь ім знаёмы, кніжкі ягоныя чытаў. Чаму такіх людзей няма ва ўрадзе?»

Да размовы далучаецца маладая жанчына:

«Наша Сапоцкіна ператварылі ў яму. Ні працы, ні заробкаў, моладзь паўцякала, ніхто не цікавіцца, як мы тут жывём. Пэдыятар у паліклініку прыяжджае на некалькі гадзін — не прабіцца. А ў горад ехаць — трэба за некалькі дзён запісвацца да лекара, кошт на аўтобусе 23 тысячы ў адзін бок, а гэта ж ня жарты пры нашых заробках. Няхай бы хоць адзін дэпутат калі прыехаў, паслухаў і распавёў там у парлямэнце, як мы тут насамрэч жывём. Мы таму іх і ня ведаем, бо яны да нас ніколі носа не паказваюць».

Малады спадар выйшаў з крамы разам з жонкай і маленькім хлопчыкам. Пра тое, што ідзе выбарчая кампанія, ведае. Але ў Сапоцкіне, паводле яго, яна зусім не адчуваецца. Ёсьць толькі трохі рэклямы, што выбары адбудуцца 11 верасьня. Дадае, што жыць тут цяжка. Нядаўна звольніўся з калгасу, бо ня даў рады працаваць зь мясцовым начальствам.

«Я пайшоў перавучвацца на другую катэгорыю кіроўцы, але ім гэта не патрэбна. А што мне за 2 мільёны ўвесь час працаваць? Звольніўся, давучуся і пайду ў горад працы шукаць, бо тут нічога няма. Пару гадоў таму ўсё крычалі, што зробяць нешта на Аўгустоўскім канале і праца будзе. А што яны там зрабілі? Насамрэч — нічога: там па-ранейшаму няма дзе нават паесьці, пераначаваць... Ніхто нічога там ня робіць, і мясцовым там працы няма. А на выбары пайду. Хачу, каб ведалі, што мы тут яшчэ жывём, бо прагаласую адпаведна».

XS
SM
MD
LG