Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ведаем, хто што піша». Магілёўская друкарня ўзгадняе тэкст агітацыйнай улёткі апазыцыйнага кандыдата


Улётка Шанцава, якую раздрукуюць пасьля ўзгадненьня

Улётка Шанцава, якую раздрукуюць пасьля ўзгадненьня

Агітацыйную ўлётку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Шанцава магілёўская друкарня растыражуе толькі пасьля ўзгадненьня тэксту з акруговай камісіяй.

Пра гэта актывісту паведамілі, калі ён наведаўся на гэтае прадпрыемства. Паводле сябра АГП, друкарня кожную выбарчую кампанію не наважваецца самастойна аказаць яму паслугі па выдруку агітацыйных матэрыялаў.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў лічыць, што дзеяньні друкарні незаконныя. На ягоную думку, прадпрыемства мусіць раздрукоўваць агітацыйныя матэрыялы пасьля прадʼяўленьня пасьведчаньня кандыдата ў дэпутаты і аплаты паслугі.

«На мой пратэст мне заявілі, што будуць узгадняць тэкст незалежна ад таго, варта так паступаць ці не, — пераказвае пазыцыю друкарні партыец.

«Мне паабяцалі, што паведамяць аб рашэньні наконт выдруку ўлётак. Ва ўлётцы самае крамольнае выказваньне — што „ўладу трэба мяняць, як падгузьнікі“. У друкарні ў мяне запыталіся, дзе мы возьмем мільён працоўных месцаў. Але якая справа друкарні да нашай партыйнай праграмы? Або ў яе зьявіліся функцыі цэнзара?»

У стале заказаў Магілёўскай друкарні імя Сьпірыдона Собаля прызналі, што ўлётку кандыдата ў дэпутаты возьмуцца раздрукоўваць пасьля ўзгадненьня тэксту з акруговай камісіяй. Як камісія дазволіць, то замову Шанцава возьмуць у працу.

«Мы ня першы раз праходзім перадвыбарчую кампанію, таму ведаем, хто і што піша. Мы яму не адмовілі. Зразумейце, мы дзяржаўнае прадпрыемства і ня можам браць на сябе адказнасьць. Пасьля ўзгадненьня мы дадзім яму адказ. Ніякага скандалу няма», — сказала супрацоўніца друкарні.

Прайшоўшы не адну выбарчую кампанію, Уладзімер Шанцаў перакананы, што і пасьля ўзгадненьня друкарня ня возьмецца за ягоную выбарчую агітацыю. Цяпер кандыдат шукае магчымасьці памножыць улётку ў прыватных капіравальных арганізацыях. Ён і сам як прадпрымальнік аказвае такія паслугі.

«Мае магчымасьці ў гэтым пытаньні абмежаваныя. Патрэбна іншае абсталяваньне. Калі ня возьмецца дзяржаўная друкарня, зраблю ў іншым месцы. Аднак калі друкарня — дзяржаўнае прадпрыемства, то яно павінна выконваць і законы дзяржавы», — кажа Ўладзімер Шанцаў.

У друкарню партыец вырашыў зьвярнуцца, бо там таньней. «У прыватнікаў даражэй, і іхнае стаўленьне да апазыцыйнага вылучэнца баязьлівае. Ня кожны наважыцца зь ім працаваць», — кажа сябра АГП.

XS
SM
MD
LG