Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грошай няма, але вы трымайцеся...» — партыі сваім кандыдатам


Рэклямны плякат у Горадні на ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы

Рэклямны плякат у Горадні на ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы

Перадвыбарчая кампанія на Гарадзеншчыне, хоць кандыдатаў зарэгістравалі тыдзень таму, амаль ніяк не праяўляецца. Некаторыя кандыдаты спасылаюцца на тое, што пакуль на правядзеньне кампаніі не сабралі сродкаў. Адзіны кандыдат, які паўнавартасна вядзе выбарчую кампанію, — сябра БНФ са Слоніма Іван Шэга.

Нават у абласным цэнтры, на тэрыторыі якога чатыры выбарчыя акругі, ёсьць толькі рэкляма пра тое, што выбары адбудуцца 11 верасьня. Ніякіх агітацыйных матэрыялаў ці абʼяваў пра сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты з выбарнікамі няма.

Маўклівасьць выбарчай кампаніі кандыдаты ў дэпутаты тлумачаць арганізацыйнымі момантамі, але галоўнае — тым, што няма на яе сродкаў. Так, кандыдат у дэпутаты па выбарчай акрузе № 50 ад БСДПГ Алег Рамашкевіч распавядае, што ўласных сродкаў на паўнавартасную кампанію з друкаванымі матэрыяламі нестае, а ахвяраваць, нават сярод прыхільнікаў, таксама няма каму.

Алег Рамашкевіч, кандыдат у дэпутаты ад БСДПГ

Алег Рамашкевіч, кандыдат у дэпутаты ад БСДПГ

«Мне толькі зь Бераставіцы да Горадні на дарогу кожны дзень туды і назад трэба выкладваць канкрэтную суму. А партыя наша хоць і вылучыла мяне, але падтрымкі матэрыяльнай ніякай няма. Выходзіць як у таго Мядзьведзева — грошай няма, але вы трымайцеся... Я, вядома, пляную і пікеты, і сустрэчы зь людзьмі. Але як і што атрымаецца, пэўнасьці няма».

Кандыдат ад партыі БНФ у Лідзе Станіслаў Суднік распавядае, што імкнецца правесьці выбарчую кампанію напоўніцу. Шмат часу, паводле яго, забіраюць арганізацыйныя пытаньні. Зьвярнуўся ў камісію па дазвол павесіць свой рэклямны білборд — і цяпер невядома, колькі часу пойдзе на тое, каб высьветліць, хто павінен даць на гэта дазвол.

Станіслаў Суднік

Станіслаў Суднік

«Наагул, час бяжыць хутка. Ужо мінуў тыдзень, як атрымалі пасьведчаньні кандыдацкія, але дагэтуль не было ніводнае сустрэчы і нават пікету. Сустрэчы праводжу на вуліцы асабіста з кожным гараджанінам», — жартуе Суднік і сурʼёзна дадае, што нават для пікетаў і сустрэчаў няма друкаванай прадукцыі.

Паводле Судніка, партыя матэрыяльна падтрымаць ня можа, а фундатараў, якія б маглі ў раённым горадзе ахвяраваць нейкія сродкі, таксама знайсьці цяжка. Суднік кажа, што плянуе надрукаваць трохі ўлётак за ўласныя сродкі і толькі пасьля выйдзе на пікеты і на сустрэчы з выбарнікамі.

Кандыдатка ад партыі АГП у Івейскім, Воранаўскім і Ашмянскім раёнах Ірына Давідовіч распавядае, што паўдня пайшло толькі на тое, каб адкрыць рахунак, яшчэ дзень — каб паехаць у абласны цэнтар і зрабіць запіс на тэлебачаньні. Але галоўнае — на рахунку пакуль пуста, а час ідзе.

Ірына Давідовіч, кандыдат у дэпутаты ад АГП

Ірына Давідовіч, кандыдат у дэпутаты ад АГП

«Асабліва няма на каго разьлічваць, а ў самой вялікіх грошай таксама няма. Я загадзя сплянавала ход сваёй кампаніі, але даходзіць да таго моманту, калі патрэбныя сродкі, каб наняць аўта, заправіць яго, надрукаваць улёткі і ехаць па акрузе сустракацца зь людзьмі. У прынцыпе, я выдатна разумею, што трэба рабіць у дадзенай сытуацыі, але адсутнасьць сродкаў на гэта прыпыняе ўсю справу».

Кандыдат ад партыі «Справядлівы сьвет» па Гарадзенскай выбарчай акрузе № 49 Віктар Міхальчык распавядае, што гэтымі днямі абскарджвае папярэджаньне — за тое, што нібыта несвоечасова падаў дакумэнты аб тым, што на пэрыяд выбараў ён у адпачынку. Падобныя папярэджаньні вынесеныя 5 кандыдатам. Паводле Міхальчыка, яны не змаглі гэтага зрабіць таму, што былі выходныя дні.

«Рахунак я ўжо адкрыў, але там пакуль пуста. А гэта, зразумела, галоўная прычына таго, што кампанія выходзіць такая маўклівая. У партыі маёй сродкаў няма на падтрымку. Дый наагул, акрамя як на ўласныя рэзэрвы, больш спадзявацца няма на каго. Магчыма, нехта зь сяброў нешта пералічыць. Але ўлёткі я ўсё ж надрукую, і сустрэчы і пікеты ў мяне яшчэ наперадзе».

Адзіны ў Гарадзенскай вобласьці кандыдат, які паўнавартасна вядзе выбарчую кампанію, — сябра БНФ са Слоніма Іван Шэга. Першыя пікеты ў Слоніме адбыліся яшчэ ў нядзелю. Іван Шэга, былы лекар раённага шпіталя, добра вядомы ў горадзе і раёне, мае аўтарытэт сярод выбарнікаў. Свабодзе ён заўважыў, што да выбарчай кампаніі рыхтаваўся разам са сваёй камандай загадзя і мае намер правесьці яе годна да самага канца.

Іван Шэга

Іван Шэга

«У нас таксама няма грошай ад партыі, але ёсьць мае ўласныя сродкі, многія людзі мяне ведаюць і нават зрабілі невялікія ахвяраваньні. І ўлёткі мы друкуем невялікім накладам, але так, каб было што раздаць людзям. Мы выкарыстоўваем старыя плякаты, якія яшчэ пазаставаліся зь мінулых выбараў, кнігу маю раздаём, газэты. Ведаеце, той, хто хоча нешта зрабіць — шукае магчымасьці, а той, хто ня хоча — шукае прычыны, каб гэтага не рабіць».

Сёньня ў вёсцы Васілішкі Слонімскага раёну ініцыятыўная група Шэгі ладзіць агітацыйны пікет. Кіраўнік перадвыбарчага штабу Віктар Марчык кажа, што настрой прыўзьняты, бо ў вёсцы людзі ведаюць Шэгу, галасавалі за яго раней і кажуць, што будуць галасаваць ізноў.

Віктар Марчык

Віктар Марчык

«Мы раздаём улёткі, газэты, кнігу Івана Шэгі. На нас усе вельмі добра рэагуюць, асабліва ўсіх прываблівае бел-чырвона-белы сьцяг. Некаторыя кажуць, гледзячы на яго, што сьцяг стварае атмасфэру свабоды. З кожнай машыны, якая праяжджае, таксама людзі глядзяць на сьцяг. Адзінае, што многія пытаюцца, як падлічаць галасы, бо ў справядлівасьць выбарчых камісіяў людзі ня вераць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG