Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Памяць пра падзеі 19 сьнежня 2010 году ці кар’ерныя меркаваньні — што ў аснове перасьцярогаў старшыні ЦВК?

Цыганкоў: Кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына назвала магчымыя акцыі пратэсту апазыцыі самай вялікай пагрозай для парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі 11 верасьня. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію тэлепраграме «Контуры» на АНТ.

«Розныя палітычныя сілы могуць выкарыстоўваць выбары як падставу, каб абвастрыць палітычную сытуацыю. Усе заклікі, якія раздаюцца цяпер, паказваюць, што ўдзельнікі падзеяў 2010 году нічому не навучыліся нават у турме. Гэта значыць, яны спрабуюць справакаваць нейкія акцыі непадпарадкаваньня. Гэта зьяўляецца самай вялікай пагрозай», — сказала Ярмошына. І далей заўважыла: «З усім астатнім мы справімся. Усё знаходзіцца пад кантролем».

Чаму ўлады так баяцца гэтых пратэстаў, якія, відавочна, ня могуць прывесьці да зьмены ўлады? Праўладны палітоляг Юры Царык выказаўся ў фэйсбуку дастаткова шчыра на гэты конт:

«Тым колам ў Расеі, якія хочуць зрыву нармалізацыі па лініі Беларусь-Эўразьвяз, Беларусь-ЗША, можна досыць танна арганізаваць неабходныя правакацыі. І нават кадры выкарыстоўваць часткова тыя ж, што і ў 2010 годзе, на што празрыста намякае Лідзія Ярмошына.

Яшчэ горш, што праваахоўныя і іншыя сілавыя органы час ад часу без усялякіх правакацый робяць крокі, здольныя выклікаць лякальны ўсплёск пратэстных настрояў», — піша Царык.

Улады апошнім часам даволі актыўна разыгрываюць карту еднасьці.

Можна заўважыць, што ўлады апошнім часам даволі актыўна разыгрываюць карту еднасьці, маўляў, зараз перад пагрозай замежнай небясьпекі ня трэба пратэставаць, а трэба аб’яднацца. Кожны, хто выходзіць на пратэст, ён, маўляў, дзейнічае супраць збліжэньня з Захадам і фактычна гуляе на баку Расеі.

Такая лёгіка дзейнічала і на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году, і тады яна спрацавала бездакорна, усе палітычныя сілы заявілі, што няма ніякай патрэбы, неабходнасьці выходзіць на Плошчу, больш за тое, гэта небясьпечна па тых прычынах, якія я называў, і нават Мікола Статкевіч, які быў у нашай студыі, тлумачыў, чаму не ідзе на Плошчу, а туды прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, паколькі ён не бачыць арганізаванага пратэсту.

Але зараз апазыцыйныя сілы на чале з тым самым Міколам Статкевічам заклікаюць пайсьці 12 верасьня на Плошчу, і вось якое стаўленьне гэта выклікае ва ўлады. Яна кажа, што гэтымі пратэстамі апазыцыя не перашкодзіць ёй, а можа сарваць працэс дыялёгу з Захадам. То бок апазыцыя выстаўляецца ледзь не як нейкі расейскі агент, які гуляе супраць нармалізацыі адносінаў.

Тут будзе дарэчным заўважыць, што супраць збліжэньня з Захадам дзейнічаюць перш за ўсё тыя сілавікі, якія ствараюць у Беларусі новых палітзьняволеных, грамяць незалежных сацыёлагаў, уломваюцца ў кватэры дактароў, затрымліваюць людзей на вуліцах і гэтак далей.

Але цікава адзначыць гэты аргумэнт, які цяпер выкарыстоўваецца ў ідэйнай і прапагандысцкай барацьбе — што той, хто выходзіць супраць улады, ён фактычна выступае супраць беларуска-заходняга збліжэньня.

Карбалевіч: Прывід Майдану ўвесь час бачыцца беларускім высокім чыноўнікам. Яны ўвесь час пра гэта думаюць. І часта думаюць услых. Можна ўзгадаць. як Лукашэнка доўгі час як мантру паўтараў: Майдану ў Беларусі ня будзе. Што ў каго баліць, пра тое яны і гавораць.

Лідзія Ярмошына перажыла жахлівыя часы 19 сьнежня 2010 году, калі вялізны натоўп людзей стаяў на Плошчы Незалежнасьці.

Думаю, Лідзія Ярмошына перажыла жахлівыя часы 19 сьнежня 2010 году, калі вялізны натоўп людзей стаяў на Плошчы Незалежнасьці, фактычна каля дзьвярэй Цэнтрвыбаркаму і людзі крычалі непрыветлівыя слоганы на адрас старшыні Цэнтрвыбаркаму. Перажыты страх ператварыўся ў пэўны комплекс, сындром Плошчы. Сындром Плошчы ці прывід Майдану закладзеныя ў матрыцу беларускага палітычнага жыцьця, прычым, як апазыцыі, так і ўладаў.

Але, на мой погляд, Ярмошына ўсё ж мела на ўвазе акцыі пратэсту нацыянальна- арыентаванай, празаходняй апазыцыі. Невыпадкова яна намякала на Статкевіча. А вось Царык казаў пра прарасейскую апазыцыю. І тут ёсьць адрозьненьні.

Мяне больш зацікавілі іншыя словы Ярмошынай. Кіраўніца ЦВК прызнала, што «ў парлямэнце павінны быць прадстаўленыя розныя палітычныя сілы, яны павінны абавязкова дыскутаваць, выпрацоўваць канструктыўную пазыцыю на карысьць грамадзтва». «Калі кажуць, што парлямэнт не месца для дыскусіяў — гэта сьмешна», — сказала Ярмошына.

Гэтая рэпліка кіраўніцы ЦВК гучаць амаль як рэвалюцыя ўяўленьняў пра парлямэнт. Як раз нядаўна Лукашэнка апавядаў пра перавагу беларускага парлямэнтарызму перад замежным. Ён казаў, што ў нас жа ня б’юцца дэпутаты, як ва ўкраінскім парлямэнце, у нас ўсё ціха, спакойна, без гвалту. Сапраўды, з 1996 году ніякіх дыскусій ў парлямэнце не было нават блізка.

І вось раптам Ярмошына загаварыла пра дыскусіі. Думаю гэтая рэпліка адрасаваная ня толькі замежным назіральнікам. Гэта таксама намёк апазыцыі. Маўляў, кагосьці прапусьцім, у вас ёсьць шанец. Таму ня варта паводзіць сябе так, як Лагвінец, весьці яркую кампанію, парушаючы ўстаноўленыя абмежаваньні і правілы. Будзеце весьці кампанію ціха, то можаце ў якасьці ўзнагароды атрымаць мандат.

Зусім ня факт, што кагосьці з апазыцыі туды прапусьцяць. Але «моркву» паказаць можна, каб заманіць да канструктыўнага супрацоўніцтва.

Дракахруст: Я б паспрачаўся з тэзай Віталя наконт страху. Я б замяніў гэтае слова на перасьцярогу. У мяне такая мэтафара ўзьнікла, вось вы, Віталь, аўтааматар, вы баіцеся патрапіць у аварыю? Ну, напэўна, вы, падумаўшы, адказалі б «так». А гэты страх прымушае вас не садзіцца за стырно? Не, зразумела. Ёсьць такая небясьпека, але гэта не надта ўплывае на вашыя дзеяньні.

Мне здаецца, адносна спадарыні Ярмошынай падыход прыкладна такі ж. Акрамя таго, менавіта у яе выпадку дзейнічае звычайная нармальная чынавенская лёгіка: ёй выдзелены пэўны ўчастак, ад посьпехаў на гэтым участку залежыць яе кар’ера, усялякія бонусы. Тым больш, калі яна ўжо зьбіраецца сыходзіць. Ну дык добра сыходзіць на піку.

Вось яна памятае, што летась выбары прайшлі без крыві. У выніку былі зьнятыя санкцыі і падняліся акцыі Ўладзімера Макея. Калі і цяперашнія выбары пройдуць без крыві, вельмі вялікія шанцы, што яны будуць у той ці іншай форме прызнаныя Захадам.

Яна, магчыма, ня столькі баіцца таго, што паўстане Майдан, які зьмяце рэжым, а таго, што беларускія касталомы з АМАПу і іншых падразьдзяленьняў вядома як дзейнічаюць.

Гэта было б цудоўным завяршэньнем яе шматпакутнай кар’еры, гэты «ляўровы вянок» яна падзеліць са спадаром Макеем на дваіх. І ў дадзеным выпадку яна, магчыма, ня столькі баіцца таго, што паўстане Майдан, які зьмяце рэжым, а таго, што беларускія касталомы з АМАПу і іншых падразьдзяленьняў вядома як дзейнічаюць, і яны менавіта ёй асабіста могуць сапсаваць усю «маліну», разагнаўшы Плошчы гэтак жа, як яны гэта зрабілі 19 сьнежня 2010 году.

І таму такая яе рэакцыя — проста адстойваньне свайго палажэньня ў гэтай сыстэме. Умоўна кажучы, старшыня КДБ так бы не сказаў, для яго і разгон Плошчы не такая ўжо вялікая бяда. А для яе — бяда.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG