Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянец у Магілёве аформіў свой рэстаран па-беларуску, а беларусы — у асноўным па-расейску


Італьянец Джавані Сконда ў сваёй рэстарацыі ў Магілёве
Італьянец Джавані Сконда ў сваёй рэстарацыі ў Магілёве

У Магілёве італьянец Джавані Сконда назву свайго рэстарану падаў на беларускай і італьянскай мовах. На пешаходнай вуліцы Ленінскай, якая патанае ў моры расейскамоўных шыльдаў, ягоны рэстаран адразу кідаецца ў вочы.

Джавані лічыць: напісаўшы на шыльдзе па-беларуску, ён падкрэсьлівае сваю павагу да беларускай культуры.

Тым часам тутэйшыя ўладальнікі крам і кавярняў пазьбягаюць ужываць беларускую мову ў назвах і афармленьні інтэр’ераў. Беларускамоўных шыльдаў у цэнтры гораду няшмат.

Беларускі варыянт назвы рэстарану — «Італіец». На шыльдзе да назвы дададзенае беларускае слова «забавы» і інтэрнацыянальнае беларускім правапісам — «піцца». Рэстаратар запэўнівае, што наведнікі заўважаюць у назьве беларускую мову, і гэта ім падабаецца.

Шыльда італьянскага рэстарана зь беларускай мовай
Шыльда італьянскага рэстарана зь беларускай мовай

«Паколькі я італьянец і прыехаў у Беларусь, то падача назвы рэстарана на беларускай і італьянскай мовах — падыход абсалютны слушны. Беларускамоўным варыянтам назвы падкрэсьліваецца мая павага да беларускай культуры і яе носьбітаў — беларусаў», — кажа Джавані Сконда.

Тое, што беларусы не гавораць на сваёй мове, італьянцу незразумела, і яго гэта бянтэжыць. Прызнаецца, што пакуль ведае няшмат беларускіх слоў. Тыя, што чуў, на ягоную думку, падобныя да расейскіх. Па-расейску Джавані гаворыць кепска.

Адкрыць жа рэстаран у Беларусі ён задумаў, бо ўзаемадачыненьні між італьянцамі і беларусамі даўнія і дужа добрыя. Італьянскія сем’і, кажа ён, ахвотна прымалі на аздараўленьне беларускіх дзяцей пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і цяпер італьянцы дапамагаюць беларусам.

«Італія адна зь першых эўрапейскіх краінаў пачала прымаць дзяцей зь Беларусі пасьля Чарнобыля. Дзеці жылі ў італьянскіх сем’ях, і цяпер яны кажуць, што ў Італіі ў іх ёсьць другія мамы і таты. За прамінулы час да нас наведалася блізу 800 тысяч беларусаў, — кажа Джавані і дадае:

«Цяпер 47 італьянцаў рамантуюць шпіталь пад Гомелем. Матэрыялы для рэканструкцыі лякарні і ўвесь комплекс працаў аплачваюцца італьянскім бокам».

Для Джавані Беларусь — эўрапейская краіна

«У Эўропе Беларусь выглядае найбольш прыбранай ды чыстай, — кажа ён. — У вашай краіне спакойна, няма крыміналу. Спакойныя, прыязныя людзі. Мне думаецца, што Беларусь будзе паступова разьвівацца. Сваім знаёмцам я шмат апавядаю пра вашу краіну. Запрашаю іх сюды прыяжджаць. Тут я нічога і нікога не баюся».

Інтэр’ер з італьянскім трыкалёрам, выкладзеным з пасты
Інтэр’ер з італьянскім трыкалёрам, выкладзеным з пасты

У аздабленьні рэстарану беларушчыны няма. Пэрсанал вітае наведнікаў на італьянскай мове.

«І сапраўды, напісана па-беларуску, — зьдзівіўся мінак ля рэстарану італьянца.— Хоць замежнік нам нагадае, што ў беларусаў ёсьць свая мова».

«Ну, напісаў тры словы па-беларуску, во ўжо радасьці», — адрэагавала наступная суразмоўніца.

Беларуская мова ў Магілёве бывае… расейскай

«А ці ёсьць наагул тая беларуская мова? Толькі па радыё яе і чулі, — разважаючы, дадала жанчына. — Мне ўжо даўно за пяцьдзясят, але я памятаю, як нас у горадзе вучылі беларускай мове. Вы зьдзівіцеся: па-расейску. Толькі вершы вучылі па-беларуску. А беларуская мова мне падабаецца, калі правільна на ёй гавораць».

Характэрны куток вуліцы Ленінскай — амаль усё па-расейску
Характэрны куток вуліцы Ленінскай — амаль усё па-расейску

Вітрына крамы «Мясны майстар»
Вітрына крамы «Мясны майстар»

Вітрына крамы «Мясны майстар» аформленая таксама па-беларуску. Яе гаспадыня Ірына ня ўтойвае, што беларушчына вылучае гандлёвы аб’ект з расейшчыны, якая пануе наўкола. Разам з тым, заўважае яна, як надумаліся незвычайна для Магілёва аформіць вітрыну, то па-за ўвагай не застаўся і складнік патрыятызму.

«Каб наведнікі крамы і мінакі згадалі, што мы жывём у Беларусі і варта трымацца беларускай мовы. І што назваць краму ў Беларусі па-беларуску — гэта нармальна, патрыятычна», — кажа Ірына.

«Хаця, па шчырасьці, людзі ідуць да нас больш па недарагую прадукцыю, а не таму, што ў нас беларуская вітрына, — з усьмешкай дадае суразмоўніца. — Але тое, што мы вылучаемся, — гэта праўда. Мінак ідзе, зьвяртае ўвагу на вітрыну дый думае: „Зайду ды пагляджу!“, а зайшоўшы, нешта купіць у нас. Крамаў, аформленых па-беларуску, у Магілёве, на жаль, пакуль няшмат. Можа, мы і станем заснавальнікамі такой традыцыі».

На думку Ірыны, тэндэнцыя да беларускамоўя ўсё ж паволі будзе змушаць гандляроў рабіць выбар на карысьць мовы беларусаў, і крамаў, па-беларуску аформленых, будзе станавіцца болей.

У самой жа краме афармленьне расейскамоўнае. Прадаўцы таксама гавораць з пакупнікамі на расейскай мове.

«Мне ўсё роўна, на якой мове прадаюць тавар, абы ён недарагі быў. Хаця ў вочы на ўваходзе мне кінулася беларуская мова — гэта праўда. Выглядае незвычайна!», — адрэагавала адна з наведніц крамы на пытаньне журналіста пра беларускую мову.

«Так, вы маеце рацыю, для Магілёва беларуская мова ў гандлі, дый наагул у сфэры абслугоўваньня — гэта, хутчэй, дзіва, — выказаўся яшчэ адзін наведнік. — Во каб яшчэ прадаўцы па-беларуску гаварылі, дык гэта наагул была б сэнсацыя. Хаця зь імі ж таксама гавораць па-расейску пакупнікі, таму чаго ім напружвацца».

Жыхарка Магілёва, наведніца курсаў «Мова Нанова» Анастасія Ранчанка год таму ўзялася беларусізаваць кавярню «Залаты ключык». Ва ўпадабаным моладзьдзю месцы беларускамоўнае мэню, некаторыя з элемэнтаў аздабленьня кавярні — таксама на беларускай мове.

Эканамічнага эфэкту ад ужываньня беларускай мовы, кажа Анастасія, не назіраецца. Паводле яе, беларускамоўе ў кавярні хутчэй адыгрывае асьветніцкую ролю. Наведнікі заўважаюць мову і ўжо не зьдзіўляюцца ёй, як гэта было напачатку.

«Нямала наведнікаў зьвяртаюць увагу і за беларушчыну дзякуюць. Многім падабаецца, калі замест «спасибо» чуюць «дзякуй», — кажа суразмоўніца.

Анастасія не прыкмеціла, каб у Магілёве за апошні час паболела крамаў ці кавярняў зь беларускімі назвамі.

Апошнім часам у Магілёве паадкрывалася нямала невялікіх кавярняў, асабліва ў цэнтры гораду. Назвы іхнія — па-расейску.

Вітрына сувэнірнай крамы — часьцінка Магілёва, чамусьці расейскамоўная
Вітрына сувэнірнай крамы — часьцінка Магілёва, чамусьці расейскамоўная

Расейская «Купалінка»
Расейская «Купалінка»

«Горад гаворыць па-расейску, таму і ў нас назва напісаная на расейскай мове. Зьдзіўляцца тут няма чаму, — адказаў на пытаньне пра мову барыста адной з кавярняў.

«Каб назваць кавярню па-беларуску ды аформіць яе з выкарыстаньнем беларускай мовы, трэба пераадолець, відаць, комплекс непаўнавартасьці, — дадае яшчэ адзін барыста. — Цяжка змусіць сябе выхаваным у расейскамоўным асяродзьдзі, каб перайсьці ў іншае моўнае поле. Прасьцей назваць кавярню па-ангельску, чым па-беларуску. Патрэбная сьмеласьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG