Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўрапейская краіна, у якой цяжка жыць», — замежнікі з Расеі і Ўкраіны пра Беларусь 


Расейскія турысты аглядаюць з вышыні плошчы Славы магілёўскія прасторы

Расейскія турысты аглядаюць з вышыні плошчы Славы магілёўскія прасторы

Парадак, добрыя дарогі, стабільнасьць, разьмераны лад жыцьця і эўрапейскасьць, — такім выглядае для жыхароў Расеі і Ўкраіны беларускае жыцьцё.

Некаторыя з апытаных карэспандэнтам Свабоды гасьцей з Расеі і Ўкраіны адзначалі, што беларусы пачынаюць адчуваюць сваю нацыянальную адметнасьць. Замежных турыстаў, тым ня менш, дзівіць, што нацыянальнай мовы беларусаў не чуваць у гаворцы.

Замежнікі, якія наведваюць Магілёў, не прамінаюць пабываць на плошчы перад ратушай. Увешаны дзяржаўнымі сьцягамі і сьцягамі райцэнтраў, пляц выглядае карцінна. Афармленьне плошчы расейскамоўнае. Турысты фатаграфуюцца на фоне задняпроўскага прастору, будынку ратушы, радзей — ля мэмарыялу «Барацьбітам за Савецкую ўладу».

Маладая пара з Ніжняга Ноўгараду ўпершыню ў Беларусі. Знаёмства з краінай маладзёны пачалі з Магілёва. Прабылі тут толькі няпоўны дзень, таму, прызналіся, сфармаванага ўяўленьня пра Беларусь і горад на Дняпры пакуль ня маюць.

Беларусы прыязныя

«Пакуль нам кінулася ў вочы, што беларусы дужа прыязныя, — адзначылі расейскія госьці. — Мы не сустракалі людзей, якія б адмовілі ў дапамозе. Усе стараюцца дапамагчы, паказаць ды патлумачыць».

Суразмоўцы сказалі, што ў ніводнай эўрапейскай краіне яшчэ не былі. Выбіраючы маршрут вандроўкі, зыходзілі з таго, што Беларусь — ужо Эўропа.

«У вас усё прыбрана, культурныя, як мы казалі, людзі», — патлумачылі расейцы.

Госьці пасьпелі абысьці ўсю плошчу Славы, справіўшы абавязковы турыстычны рытуал з фатаграфаваньнем на фоне мясцовых цікавостак. Паказваючы на ратушу, пацікавіліся ў журналіста, што гэта за будынак.

Нас дзівіць, чаму беларусы не гавораць па-беларуску

Наступныя суразмоўцы, таксама маладая пара, у Магілёве гасьцююць трэці раз. Яны з Масквы.

Расейскія турысты шукаюць, дзе сфатаграфавацца

Расейскія турысты шукаюць, дзе сфатаграфавацца

«Таго, што беларускай мовы стала болей, мы не заўважылі. Плякатаў на беларускай мове нібыта і нямала, але дзівімся, чаму нацыянальнай мовы беларусаў не чуваць. Усе гавораць па-расейску. Гэта нас дзівіць», — адзначылі госьці з Масквы.

Масквічы прыехалі ў Магілёў на ўласным аўто. Не прамінулі пахваліць беларусаў за добрыя дарагі і чысьціню.

«Падабаецца нам у Беларусі. У вас спакойна. У нас жа мітусьня. У Беларусі ад яе адпачываем», — сказалі маскоўскія турысты.

Беларусы стараюцца адасобіцца ад расейцаў

«У Беларусі жыцьцё разьмеранае. Усё дужа спакойна. Няма мітусьні. Хада ў беларусаў павольная, і гэта ўплывае на лад жыцьця», — адзначыў іншы госьць з Масквы. На ягоную думку, беларусы і расейцы падобныя, калі ня ўлічваць, як ён выказаўся, некаторых акалічнасьцяў. Беларускай мовы, настойваў суразмоўца, яшчэ два гады таму ў Магілёве зусім не было, а калі і была, дык гаворка нагадвала дыялект расейскай.

«Беларусізацыя калі і адбываецца ў вас, то больш яна праяўляецца ў Менску, а да ўсходніх ускрайкаў краіны даходзяць толькі слабыя сыгналы. З улікам апошніх падзеяў ва Ўкраіне і вы таксама стараецеся заставацца ў межах сваёй этнічнай мэнтальнасьці. Адасобіцца ад нас», — выказаў сваё бачаньне сытуацыі масквіч.

«З гісторыі я ж ведаю, што Магілёўская, Віцебская ды Гомельская вобласьці болей прарасейскія, — працягваў ён. — На захадзе ж у вас былыя палякі сядзяць. На ўсходзе Беларусі, напрыклад, у вас у Магілёве, калі зьвяртаюцца, нават афіцыйна, то ўжываюць зварот «таварыш», у нас у Маскве — «господин», а на захадзе Беларусі зьвяртаюцца «пан». Я быў на адной урачыстасьці ў Лідзе, дык зьдзівіла, што мяне гэтак называлі».

На думку суразмоўцы, беларуская мова жыве толькі ў абмежаваным коле інтэлігенцыі.

Патасная і карцінная плошча Славы. Уся ў сьцягах

Патасная і карцінная плошча Славы. Уся ў сьцягах

Наступны суразмоўца, Аляксандар, нарадзіўся ў Магілёве, але даўно асеў у Расеі. На радзіму наведваецца час ад часу.

«Нічога ў Беларусі не мяняецца, — кажа ён. — Пры ўладзе адзін чалавек, таму і палітыка не мяняецца. Магілёў жа пакрысе будуецца. Узяліся нарэшце за мост праз Дняпро. Летась хадзіў па ім, дык страшна было».

У беларусаў расейцы становяцца «ня нашымі»

«Разуменьне, што яны адрозныя ад іншых народаў, у беларусаў пакрысе зьяўляецца, — працягнуў беларус з Расеі. — Калі быў чэмпіянат Эўропы па футболе, дык мая пляменьніца зборную Расеі назвала ня «нашы» (я гэтага слова чакаў ад яе), а «рускія». З гэтага я зрабіў выснову: пляменьніца адчувае сябе беларускай, а не расейкай...

Я не валодаю беларускай мовай, каб на ёй гаварыць, але для мяне праблемаў прачытаць нешта па-беларуску не існуе. Я чытаю і па-беларуску, і па-расейску, таму, відаць, і не зьвяртаю ўвагі на беларускую мову», — патлумачыў расейскі беларус.

Беларус з Расеі: «Разуменьне, што яны адрозныя ад іншых народаў, у беларусаў пакрысе зьяўляецца»

Беларус з Расеі: «Разуменьне, што яны адрозныя ад іншых народаў, у беларусаў пакрысе зьяўляецца»

Наступныя суразмоўцы — госьці з Украіны. Сямейная пара фатаграфавалася на фоне Дняпра. «Мы самі з Луганску, — сказалі яны і дадалі: — У Магілёве прабылі самыя страшныя паўтара года, як пачалася вайна на радзіме. Пасьля зьехалі».

Беларусь хутчэй стане эўрапейскай дзяржавай

«У вас парадак, стабільнасьць нейкая. Адчуваецца эўрапейскасьць. Вы, як мне падаецца, хутчэй прыйдзеце ў Эўропу, чым мы», — выказалася госьця з Украіны.

«Пры ўсёй вашай уладнай цэнтралізацыі ваша кіраўніцтва ўводзіць тое, што нагадвае пра Эўропу: платныя дарогі, электронныя звароты грамадзян. Калі ў Эўропе такія нормы сьведчаць пра дэмакратызацыю, то ў вас загадалі зьверху, што яны павінны быць, іх увялі, і яны, на дзіва, працуюць».

«Вы сапраўды хутчэй будзеце эўрапейскай дзяржавай», — далучыўся да гутаркі муж суразмоўніцы. Яго не зьбянтэжыла заўвага, што ў Беларусі адзін чалавек кіруе два дзясяткі гадоў, а для Эўропы гэта ненармальна.

«Ну дык што, — адказаў ён. — Можа, што і зьменіцца гадоў яшчэ праз дваццаць. Трэба ж прывучаць людзей неяк да парадку. Таму ў вас прыгажэй, цікавей…»

Турыстаў у Магілёве няшмат. У сьпёку плошча Славы амаль бязьлюдная

Турыстаў у Магілёве няшмат. У сьпёку плошча Славы амаль бязьлюдная

«Не, у вас сумна, — запярэчыла мужу жонка. — У нас народ больш тэмпэрамэнтны. За паўтара года я ссумавалася па актыўнасьці. Але вы адрозьніваецеся ад расейцаў. Вы больш стыльныя, чым яны. У іх жыцьцё як у балоце. Тыя з украінцаў, хто туды выехаў, ня дужа добра выказваюцца пра расейцаў. Кажуць, што яны затарможаныя нейкія і недалёкія».

Украінцы з Луганску: Нам здаецца — прачнёмся, а ЛНР ужо няма

На пытаньне — калі ў Беларусі так добра, то чаму зьехалі назад ва Ўкраіну? — суразмоўцы адказалі, што ў Беларусі ім цяжка жылося.

«Як тут жылі, дык кожную капейчыну лічылі. І гэта не падавалася нам прыгожым жыцьцём. Цяпер мы прыехалі ў госьці, ходзім, аглядаем цікавосткі, падарункі набываем. Мы на сабе спраўдзілі выснову з показкі: «Ня трэба блытаць турызм з эміграцыяй».

Пра гэтак званую Луганскую Народную Рэспубліку суразмоўцы сказалі, што яна выдуманая.

«Нам здаецца, што мы некалі прачнёмся, і яе ўжо ня будзе», — сказалі яны.

Гутарка з украінцамі завяршылася на заўважаных імі прыкметах беларушчыны. Паводле назіраньняў гасьцей з Украіны, беларускай мовы ў Магілёве стала болей.

«Вялікія білборды зь беларускай мовай выстаўляюцца. Мяккая беларусізацыя сапраўды адбываецца. Яе не навязваюць, і гэта добра».

XS
SM
MD
LG