Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму замежныя турысты неахвотна наведваюць Беларусь.

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.


Карбалевіч: Паводле міжнародных рэйтынгаў, Беларусь зьяўляецца адной з самых нетурыстычных краінаў сьвету. Па гэтым рэйтынгу турыстычнай прывабнасьці Беларусь заняла 11-е с канца месца ў сьвеце, а ў Эўропе — другое з канца.

Менск наведала 70 тысячаў турыстаў, Кіеў (сталіцу ваюючай краіны) — 700 тысячаў. Прычым, 70% турыстаў, якія наведваюць Беларусь — гэта расейцы.

На сусьветнай турыстычнай мапе Беларусь непазнавальная. Яна мае дрэнную якасьць турыстычнага прадукту.

Прычынаў такой зьявы некалькі. Найперш, на сусьветнай турыстычнай мапе Беларусь непазнавальная. Яна ня мае ўласнага твару, брэнду, яна нераскручаная, неразрэклямаваная.

Беларусь мае дрэнную якасьць турыстычнага прадукту. Нясьвіскі і Мірскі замкі — гэта выключэньне. У Беларусі дамінуюць помнікі, зьвязаныя зь Вялікай Айчыннай вайной. Але замежныя турысты адмыслова не прыедуць сюды, каб паглядзець Хатынь, «Лінію Сталіна» ці Берасьцейскую крэпасьць. Можа, гэта і дрэнна, але факт.

І тыя помнікі, якія ёсьць, не прыведзеныя ў парадак (акрамя Нясьвіскага і Мірскага замкаў, якія рэстаўраваныя за грошы ЮНЕСКО). Няма рэсурсаў. І тут мы ўпіраемся ў дзяржаўную палітыку.

У рамках беларускай сацыяльнай мадэлі турызм не зьяўляецца прыярытэтам. Галоўнае — гэта прамысловасьць і сельская гаспадарка. Туды ўліваюцца асноўныя бюджэтныя рэсурсы. З гледзішча тых «крепкіх хозяйственніков», якія кіруюць краінай, турызм — гэта нейкая экзотыка, ім займаюцца людзі, якім няма чаго рабіць. Электарат Лукашэнкі турызмам не займаецца. Таму, як у СССР культура (а гістарычныя помнікі ідуць па гэтым артыкуле бюджэту), турызм фінансуецца па рэшткаваму прынцыпу.

Затым, беларускія візы каштуюць дорага, працэдура іх атрыманьня складаная, нават у аэрапорце. Бо МЗС мае плян па атрыманьня прыбытку, таму і візы дарагія. А тое, што гэта б’е па турызму, няважна, бо турызмам займаецца іншае ведамства.

У рамках беларускай сацыяльнай мадэлі турызм не зьяўляецца прыярытэтам.

Вялікай праблемай зьяўляецца высокі кошт пражываньня ў гатэлях і нізкая якасьць паслугаў. У гэтым Беларусь прайграе краінам-суседзям. Прычым, цэны у гатэлях розьняцца ў разы ад сталіцаў суседніх дзяржаваў.

Яшчэ адна праблема — працэдура рэгістрацыі замежных грамадзянаў у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі. Раней замежны грамадзянін, які прыехаў у Беларусь, павінен быў зарэгістравацца цягам сутак. Па новых правілах — цягам трох гадзінаў пасьля засяленьня ў гатэль, аграсядзібу ці кватэру.

Уявіце сытуацыю: чалавек прыяжджае ноччу, а аддзелы па грамадзянстве і міграцыі, зразумела, працуюць толькі днём. І замежнік толькі прыехаў, і ўжо адразу стаў парушальнікам беларускага заканадаўства. Гэта, мусіць, зроблена для барацьбы з тэрарызмам, дзеля бясьпекі беларусаў. Але паліцэйская дзяржава, заснаваная на ідэі кантролю, парадку, і турызм — рэчы несумяшчальныя. А доўгія чэргі, грувасткая працэдура, дапаўгяюць карціну.

Яшчэ адна праблема — Беларусь не ўпісалася ў працэс глябалізацыі. Гэта выяўляецца ў адсутнасьці блянкаў на ангельскай мове, дрэннага валоданьня замежнымі мовамі работнікамі сэрвісу. Страхавы мэдычны поліс у Беларусі ня дзейнічае. Высокія кошты на авіябілеты ў Беларусі, асабліва ў параўнаньні з лоўкостам.

Цыганкоў: Перш за ўсё, Беларусь ня мае свайго турыстычнага брэнду. Калі людзі вандруюць па краінах адзін-два дні ў рамках тураў, яны ведаюць некалькі пунктаў, якія павінны наведаць у пэўнай краіне. Беларусь не ўваходзіць у міжнародныя зборныя падарожжы, калі за тыдзень прадстаўнікі іншых кантынэнтаў праяжджаюць некалькі краінаў Эўропы.

Звычайна ў Беларусь трапляюць энтузіясты турызму, якія едуць, ведаючы пра ўсе перашкоды, якім хочацца менавіта ў Беларусь.

Звычайна ў Беларусь трапляюць энтузіясты турызму, якія едуць, ведаючы пра ўсе перашкоды, якім хочацца менавіта ў Беларусь. Але выглядае, што паездка ў Беларусь — гэта ня нейкая лёгкая турыстычная радасьць — сеў і паехаў — а пэўная праблема: трэба дастаткова доўга чакаць візы, шмат за яе плаціць, рэгістравацца і г.д.

Зараз вельмі вялікая дыскусія ідзе ў беларускай прэсе наконт рэгістрацыі, і што нават наведнікі аграсядзібаў таксама павінныя рэгістравацца цягам некалькіх дзён. Людзі, якія маюць дачыненьне да гэтага бізнэсу, не разумеюць, навошта дзяржава гэта прыняла, бо зусім нядаўна, год-два таму, здавалася, што адбыўся паварот у бок агратурызму.

А гэта якраз тая сфэра, якая магла б стаць адметнасьцю, беларускім брэндам, калі няма вялікіх архітэктурных помнікаў, як у Празе ці ў Барсэлёне. Тут сапраўды захавалася прырода, лясы — гэта прыцягальная рыса для турыстаў. Але калі прыярытэт у дзяржавы вытворчасьць, трактары, то турызм ніколі ня быў для чыноўнікаў прыярытэтам, які можа даць вялікае паступленьне валюты. Пра гэта больш пішуць, а ў рэальнасьці турызм застаецца нейкім пасынкам дзяржаўнай эканомікі, і няма разуменьня, што ён валодае патэнцыялам.

Дракахруст: У Беларусі вельмі мала помнікаў даўніны. Калі параўнаць з Чэхіяй, то там ледзь ня ў кожнай вёсцы свой замак, мноства палацаў, касьцёлаў. Уся краіна — музэй. У Беларусі — адзін-два. Аблічча Менску — гэта навадзел пасьляваенны.

Менскі сталінскі ампір можа стаць архітэктурным помнікам. Але зараз гэта яшчэ не старажытная гісторыя, але ўжо не сучаснасьць.

Пройдзе яшчэ 50 гадоў, можа 100, і здарыцца тое, пра што пісаў Артур Клінаў — менскі сталінскі ампір можа стаць архітэктурным помнікам. Менск у гэтым сэнсе вельмі стыльны горад. Але зараз гэта яшчэ не старажытная гісторыя, але ўжо не сучаснасьць. Таму ня надта прыцягвае.

Акрамя таго, у Беларусі няма двух рэчаў, якія звычайна прыцягваюць турыстаў: няма гор, няма мора. Турызм у Эгіпет, Баўгарыю, Турэччыну — гэта ўсё ж пераважна турызм да мора.

Улада на турызм ня вельмі арыентуецца — але ці не таму, што і народ ня вельмі прыязны да прыежджых, няглядзячы на знакамітую талерантнасьць? У Беларусі, так падаецца, ня надта ёсьць схільнасьць, звычка масава прымаць замежных гасьцей.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG