Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве наведніца моўных курсаў беларусізуе кавярню


Анастасія Ранчанка ля ўваходу ў кавярню "Залаты ключык".
Анастасія Ранчанка ля ўваходу ў кавярню "Залаты ключык".

«У беларускай мовы ёсьць будучыня. Мы не памром», — перакананая Анастасія Ранчанка з Магілёва.

Кавярня «Залаты ключык» — упадабанае моладзьдзю месца перакусу. Беларускую мову ў аздабленьні і афармленьні мэню ў гэтай кавярні ўжываюць блізу дзевяці месяцаў. Ініцыятаркай беларусізацыі стала тутэйшая юрыстка Анастасія Ранчанка.

«Неяк у інтэрнэце ўбачыла, што набіраліся курсы „Мова Нанова“. Пайшла туды. Для сябе там атрымала шмат. Падумалася, што нешта трэба зрабіць для беларускай мовы. Аддзячыць заснавальнікам курсаў. Вырашала, што на новай працы абавязкова нешта такое зраблю», — распавядае пра гісторыю сваёй задумы Анастасія.

«Найперш зрабілі беларускамоўнае мэню. Зьвярнуліся да хуткай дапамогі курсаў „Мовы Нанова“. Нам пераклад зрабілі за дзень ці два. Цяпер у нас беларускамоўнае мэню. Аднак толькі працэнтаў дзесяць нашых наведнікаў, студэнтаў, карыстаюцца гэтым мэню. Астатнія ўсё ж выбіраюць расейскамоўнае», — прызнаецца Анастасія.

Мэню ў кавярні - на беларускай мове
Мэню ў кавярні - на беларускай мове

Рэакцыя наведнікаў на беларускую мову розная, кажа яна. Нехта крытыкуе, а нехта не заўважае.

«Некаторыя студэнты-наведнікі памылкі шукаюць. Кажуць, што гуглам перакладалі. Некаторыя чытаюць і сьмяюцца. Сьмяшыць іх, напрыклад: „Чай — гарбата“. Тыя, хто па-беларуску гаворыць, то добра рэагуюць на такую ініцыятыву. Большасьць, аднак, не зьвяртае ўвагі.

Аднак, вось стаяць яны ў чарзе, калі перапынак на абед, — разважае Анастасія. — Няма чым заняцца. І тут беларуская мова: „Ваў, можна нешта пачытаць“. Чытаюць па-беларуску, і з такіх маленькіх крокаў пачне фармавацца беларускае асяродзьдзе».

Беларуская мова, прызнаецца Анастасія, пакуль не прыносіць краме прыбытку. Кліентаў болей ня стала. Тым ня менш, суразмоўніца заўважае:

«Мы лічым, што беларуская мова — гэта вельмі важная справа. І калі дзесяць чалавек, якія да нас наведаюцца, таксама гэтак лічаць, то і яны для нас важныя».

Рэклямны плякат на ўваходзе ў кавярню
Рэклямны плякат на ўваходзе ў кавярню

У тым, што моладзь не гаворыць па-беларуску, Анастасія вінаваціць іх бацькоў, якія не надавалі ў выхаваньні гэтаму належнай увагі. Сама ж яна нарадзілася ў сям’і ўкраінцаў. Бацькі трапілі ў Беларусь за савецкім часам па разьмеркаваньні.

«У маім маленстве бацькі гаварылі на ўкраінскай мове, але калі сюды прыехалі, то пачалі гаварыць па-расейску, бо тут гэтак гаварылі. Тут вельмі мала беларускамоўных сем’яў. Адукацыя, вядома ж, многае дае, але большае ад бацькоў залежыць. У сям’і дзіця атрымлівае першасныя ўяўленьні пра жыцьцё і сьвет. Мне блізкая пазыцыя пісьменьніцы Алексіевіч, якая кажа, што ў многіх з нас яшчэ жыве савецкі чалавек. У тым ліку і ў моладзі пераважае савецкі мэнталітэт», — кажа Анастасія.

Анастасія не хавае, што ў жыцьці гаворыць па-расейску. Беларускую мову, аднак, стараецца ўжываць як мага болей:

«Мяне падтрымліваюць бацькі. Яны ж у мяне ўкраінцы. Ім хочацца, каб беларускай мовы было болей. Сябры мае ставяцца да маіх спробаў гаварыць па-беларуску так: „Ну, гаворыш і добра“.

Мае дзеці расейскамоўныя, але я чытаю ім беларускія казкі. Ім падабаецца. У іх пакуль небагаты слоўнікавы запас, але яны не саромеюцца ўжываць беларускія словы. У садку разьвітваюцца, вітаюцца па-беларуску, дзякуюць, як паядуць.

У мяне таксама небагаты слоўнікавы запас. Практыкі пакуль замала. У мяне беларускага асяродзьдзя няма. У нас дома шмат літаратуры: і Быкаў ёсьць, і шмат беларускіх клясыкаў».

На сваім месцы беларуская мова і ў раварыстаў
На сваім месцы беларуская мова і ў раварыстаў

Анастасія зазначае, што праз падзеі ва Ўкраіне ёй давялося сысьці са сваёй ранейшай працы. Кажа, што разышліся погляды з калектывам адносна таго, што адбываецца ў суседняй краіне.

«Я нядаўна прыехала з Украіны. Была ў Кіеве, Адэсе, Львове — там дужа адчуваецца нацыянальны ўздым. У людзей там вочы гараць. Хочацца, каб і ў нас такое было. Ёсьць у нас моладзь — яе, праўда, няшмат, але ад яе залежыць наша будучыня. Няхай іх дзесяць працэнтаў, але ў Беларусі, беларускай мовы ёсьць будучыня. І мы не памром».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG