Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкі: Лукашэнка хоча пераканаць самога сябе, што яго ўсе любяць


Юры Хашчавацкі, архіўнае фота

Юры Хашчавацкі, архіўнае фота

У чарговым выпуску перадачы «Інтэрвію тыдня» — славуты беларускі кінарэжысёр Юры Хашчавацкі. Ён адказвае на пытаньне, навошта патрэбны Аляксандру Лукашэнку Ўсебеларускі сход, ці знойдзецца той хлопчык, які скажа, што «кароль голы», чаму цяперашняе беларускае жыцьцё падобна да фільму «Матрыца», і ці хацеў бы ён сёньня здымаць працяг сваёй знакамітай стужкі «Звычайны прэзыдэнт». Зь Юрыем Хашчавацкім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Навошта Лукашэнка праводзіць гэтыя сходы? Здаецца, у яго ёсьць усё — 80-90 афіцыйных працэнтаў на выбарах, падпарадкаваная вэртыкаль, ніякіх цугляў і процівагаў, ніякай структурнай апазыцыі. Навошта праводзіць такое мерапрыемства, дзе тысячы людзей дэманструюць адданасьць цяперашняй уладзе?

Лукашэнка стварае вакол сабе выдуманы сьвет, які ня мае дачыненьня да рэальнасьці

— Я думаю, тут справа ў псыхіцы. Пры ўсіх працэнтах, якія яму малююць (а ён ведае, што яны намаляваныя) яму хочацца самога сябе пераканаць, што ён «народны» прэзыдэнт, што яго ўсе любяць і падтрымліваюць. І ён спрабуе самога сябе пераканаць, што ён мае рацыю.

І гэта ў яго даволі часта прасочваецца. Памятаеце, як пасьля сьмерці Генадзя Карпенкі ён з трыбуны распавядаў, што Людміла Карпенка да яго прыходзіла і прасіла чаравікі, бо, маўляў, мужа няма ў чым пахаваць. Але ж гэтага не было! Але яму здавалася, што так павінна быць, ён сам сабе стварае легенды. Гэта імкненьне пераканаць самога сябе.

Бо ў глыбіні душы ён ведае, што папраўдзе адбываецца. Ён адчувае, што ідзе развал, што ня той шлях абраны, што арыентацыя на Расею з 94-га году (зразумела, тады ён гэта рабіў, бо марыў пра трон у Крамлі, пра карону Манамаха) — гэта трагічная памылка, у тым ліку для яго. Усё ляснулася, і ён цяпер на ланцугу, у аброжку, які яму адзеў Пуцін. І вось Лукашэнка спрабуе сябе пераканаць, што ўсе яго любяць, усе яму пляскаюць.

— Магчыма, гэта зразумелае чалавечае жаданьне выступіць перад вялікай масай людзей, якія цябе не пярэчаць, і нічога не скажуць супраць. Гэта ж заўсёды так прыемна, так хочацца.

— Так, Лукашэнка стварае вакол сабе выдуманы сьвет, які ня мае дачыненьня да рэальнасьці. Той, які ён хацеў бы бачыць. Гэта падобна да казкі Андэрсана «Новы ўбор караля». Кароль ідзе голы, а ўсе робяць выгляд, што ён ідзе ў выдатным адзеньні. Гэта тыя ж самыя прынцыпы, на якіх пабудаванае беларускае жыцьцё, эканоміка — мы сышлі на пусты канец, а гучаць пераможныя рэляцыі.

«Калі ты паліжаш там, дзе лідэру прыемна — то можа і табе нешта перападзе»

— А што вы скажаце пра «масоўку»? На вашу думку, колькі зь іх сядзяць «з дуляй у кішэні» — маўляў, гавары, гавары, — а колькі адчуваюць гонар ад таго, што запрошаныя на такое важнае мерапрыемства?

— Я думаю, большасьць зь іх прыналежыць да другога тыпу. Бо вельмі ж прыемна адчуваць сваю далучанасьць і абранасьць. Лукашэнка памнажае вакол сябе такіх, як ён сам, ён дастае зь людзей тыя самыя ўласьцівасьці і жаданьні, якія ёсьць у яго. І гэтыя людзі таксама хочуць быць «абранымі», «далучанымі».

Што іх гоніць туды? Страх усьвядоміць рэальнасьць. Нават ня выступіць супраць, не сказаць нешта. Яны нават баяцца сказаць сабе праўду. Па-другое, адчуваньне будучых выгодаў. Калі ты паліжаш там, дзе лідэру прыемна — то можа і табе нешта перападзе. І ты станеш маленькім Лукашэнкам у сваім раёне. Вось такое ён выцягвае зь людзей, і гэта хвароба распаўсюджваецца на ўсю вэртыкаль.

І я хацеў бы сярод іх знайсьці таго маленькага хлопчыка, які скажа, што кароль голы.

— Чыста візуальна на што быў падобны гэты сход? Адны кажуць пра зьезды КПСС, другія кажуць пра КНДР. Калі б вы там апынуліся раптам, то які б фільм вам хацелася б зьняць?

— Гэта ў нейкім сэнсе «Матрыца»: увесь народ трапіў у яе і ня можа выбрацца. Цэлы дзень людзям кажуць, як мы добра жывем, і як кепска жывецца на Захадзе, і яны ня могуць прарвацца за межы гэтай матрыцы. Таксама гэта нагадвае і фільм «Хвост верціць сабакам», дзе па тэлевізіі «ствараюць» вайну, каб атрымаць уладу.

Але найперш гэта казка «Новы ўбор караля». І я хацеў бы сярод іх знайсьці таго маленькага хлопчыка, які скажа, што кароль голы. Гэта сон розуму, які нараджае пачвараў.

— Вы аўтар славутай стужкі «Звычайны прэзыдэнт», якую зьнялі ў 1996 годзе. Ці хацелі б вы сёньня нешта новае зьняць пра галоўнага героя фільму? Ці там ужо было ўсё сказана?

— Я даволі часта пра гэта думаю. Разумееце, Лукашэнка спыніў наша жыцьцё. Беларусь знаходзіцца ў здранцьвеньні. І ад 2006 году, ад Плошчы, нічога не адбываецца, што магло б зрушыць сытуацыю. Цяпер мяч на баку грамадзтва. Таму і фільм цяпер трэба рабіць не пра Лукашэнку, які спыніўся, які захрас у той матрыцы, якую стварыў для сябе.

Цікава, як грамадзтва спрабуе выбрацца з усяго гэтага. Нейкія дробныя прарывы ёсьць. Людзі спрабуюць цялёпкацца. Таму цікава было б узяць схаваную камэру, паслухаць, што кажуць у чэргах і транспарце.

Ну і потым — будзе ж момант, калі ўсё скончыцца, калі ён страціць ўладу. Вось пасьля гэта я хацеў бы з Лукашэнкам пагаварыць. Цікава, як ён усё гэта будзе ацэньваць. Ён жа ж бо хоча паставіць сабе залаты помнік: бібліятэку паставіў, лядовыя палацы, рэзыдэнцыі... Яму, магчыма, здаецца, што ён такі Давыд-будаўнік, які быў у Грузіі. А на самай справе — не! І мне цікава, ці ўсьведамляе ён гэта. Ці разумее ён, што трапіў у пастку, са сваёй арыентацый на Расею. Ці разумее, што ён такім чынам пазбавіў сябе і краіну многіх магчымасьцяў. Таму мне было б цікава пагаварыць зь ім пасьля ўлады.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG