Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гарадзенскім рынку гандляры ўпотай скідаюць кошты


На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны»

Пакупнікоў на рынках у Горадні паболела, але гандаль не ажывіўся: самі гандляры скардзяцца, што прыбытак у іх ад колькасьці людзей не павялічваецца.

Некалькі апошніх выходных дзён на рынках Горадні заўважна павялічылася колькасьць пакупнікоў. Аўтамабільныя паркоўкі каля рынкаў перапоўненыя. Асабліва гэта тычыцца рынку «Паўднёвы» — аднаго з найбольшых у гарадзенскім рэгіёне.

Заўважна паболела пакупнікоў і ў будні. Тым ня менш, гандляры сьцьвярджаюць, што на прыбытках гэта ніяк не адбіваецца. Спадарыня Сьвятлана, якая гандлюе на рынку «Цэнтральны» мужчынскай бялізнай, кажа, што ажыўленьне гандлю — толькі ілюзія

— Так, людзей прыходзіць болей на рынак, але галоўнае — колькі і чаго яны набываюць. У мяне раней шкарпэткі бралі самых розных гатункаў, а цяпер толькі адну пару, і то глядзяць і пытаюцца, ці можна нешта купіць на распродажы. Відаць, што людзі эканомяць на ўсім, а я яшчэ не зарабіла нават на тое, што ўжо заплаціла за арэнду і падаткі. Так што гэта толькі ілюзія.

Насупраць спадарыня Жанна гандлюе жаночым адзеньнем. Дадае, што ня памятае, каб раней хто на рынак хадзіў не з грашыма, а з карткамі.

— Сапраўды, сэзон летні распачаўся, і людзі паехалі з рэгіёнаў пераапрануцца. Але вось прыходзіць сямʼя: як правіла, нейкую адну рэч для дзіцяці выбралі, вызначыліся з коштам — і адзін пабег здымаць грошы з карткі: суму бярэ дакладную, каб на той картцы нешта засталося і каб лішніх ні на што болей не патраціць. Вось такі гандаль... Скажу яшчэ, што і гандляры таксама адзін ад аднаго ўпотай скідаюць кошты, каб у іх хоць нешта купілі, калі ўжо падышлі.

Да размовы далучаецца спадар, які гандлюе джынсамі:

— Ды народ засумаваў па тым, каб нейкім чынам пабавіцца. У кавярню або кіно ніхто ж ня пойдзе, бо там трэба грошы пакінуць, а сюды прыходзяць паглядзець, як у музэй, і за гэта грошы плаціць ня трэба. Канечне, нешта пачалі купляць, але гэта адзінкавыя рэчы, і амаль усе просяць, каб зрабілі зьніжку. Прыходзіць цэлая сямʼя, а ў руках адзін маленькі пакецік — і гэта ўсе закупы.

Яшчэ адзін гандляр кажа, што людзі цяпер хочуць купіць усё амаль задарма, хоць цэны ў параўнаньні нават з восеньскімі заўважна зьнізіліся.

— Ведаеце, ужо надакучыла, калі пачынаюць енчыць, каб прадаў яшчэ таньней, бо, маўляў, заробкі малыя. Хаця я і так ужо сабе на страту гэта аддаю. Чамусьці ніхто зь іх ня хоча выходзіць на Плошчу і патрабаваць большых заробкаў, а тут вось... аддавай ім дарма.

Цікаўлюся ў гандляроў — ці маюць яны сэртыфікаты, якіх патрабуе ўказ № 222? Пра гэта размова ня ладзіцца, але адзін спадар кажа, што і прадаўцы ў бальшыні стаяць толькі таму, што з боку падаткоўцаў дзейнічае негалосны мараторый на праверкі.

— У нас застаўся толькі месяц, бо пакуль нас ніхто не чапае, а ў бальшыні няма адпаведных дакумэнтаў. Дый увозны падатак бальшыня ня плаціць, бо не дэкляруе свой тавар. А як ты яго будзеш паказваць, калі няма сэртыфікатаў? Прадаем так, пакуль гэта магчыма. Хутчэй за ўсё, і ўлады ня хочуць пачынаць зноў нейкія праверкі, бо эканамічны стан у краіне ахавы. А паспрабуй зачапі тут — і можа ланцужок пацягнуцца... Я нават думаю, што яны цэлае лета ня будуць нас чапаць, бо там яшчэ выбары ў верасьні. Хаця... паглядзім... А каб цяпер наладзілі жорсткі кантроль, то нас нават і паловы б тут не стаяла.

А вось спадар, які гандлюе мужчынскімі курткамі, папросту схіліў галаву над сталом і сьпіць. Праўда, вельмі чуйна, бо калі я падышоў бліжэй, то адразу падняў галаву. У яго зусім няма настрою.

— Вось вы ведаеце, я зараз абсалютна ня маю грошай. Трэба плаціць за кватэру, па крэдыце, а ў мяне няма нічога. Чакаем, калі жонка атрымае заробак. Няма тут ніякага гандлю. Рынак нагадвае музэй: пакупнікі глядзяць, нічога не набываюць, а мы вартуем «экспанаты»... І паглядзіце, побач свабодныя гандлёвыя месцы — гэта тыя, што людзі адышлі з рынку ўжо назаўсёды і ня вернуцца, яны пазачынялі сваю дзейнасьць. Думаю, што гэта хутка чакае і мяне, хоць я нават да пэнсіі не дацягнуў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG