Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы канвэер у Жодзіне: арыштаваных пратрымалі 2 дні «ў жудасных умовах» і аштрафавалі


Пасьля судоў актывісты руху салідарнасьці "Разам" выправіліся ў Барысаў ускласьці кветкі да магілы Юркі Моніча

Пасьля судоў актывісты руху салідарнасьці "Разам" выправіліся ў Барысаў ускласьці кветкі да магілы Юркі Моніча

23 траўня ў Жодзінскім гарадзкім судзе прайшлі суды над актывістамі аргкамітэту прафсаюзу прадпрымальнікаў «Салідарнасьць», якіх затрымалі 21 траўня падчас мітынгу на жодзінскім рынку.

Працэсы пачаліся ў 9.30 і ўжо да 11 скончыліся. Актывіст Алесь Макаеў быў аштрафаваны на 50 базавых велічынь, прадпрымальнік з Барысава Алесь Абрамовіч — на 40 базавых, Міхал Латышаў з Гомеля атрымаў 15 базавых велічынь штрафу, як і актывіст Маладога фронту Павал Старавойтаў. Сябра БХД Павал Пракаповіч аштрафаваны на 25 базавых велічынь.

Працэсы над актывістамі праходзілі вельмі хутка. Судзьдзі адмовіліся апытваць сьведак, якіх прапанавалі самі затрыманыя, а ў якасьці асноўнага доказу правапарушэньня называлі відэа, запісанае міліцыянтамі. Алесь Абрамовіч праглядаць відэа адмовіўся. Актывіст паведаміў суду, што зьвяртаўся да гарадзкіх уладаў Жодзіна па дазвол на правядзеньне мітынгу салідарнасьці з прадпрымальнікамі на мясцовым рынку, але яму было адмоўлена.

«Лічу, што гэта незаконна — не дазваляць праводзіць акцыі пратэсту. Мы хацелі пратэставаць супроць таго, што пры ўладзе ў Беларусі знаходзіцца банда, краінай кіруе мафія», — казаў суду Алесь Абрамовіч, які з-за перашкод і ціску мусіў спыніць прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Летась Алеся Абрамовіча ўжо штрафавалі на 3 мільёны 150 тысяч і 2 мільёны 100 тысяч за ўдзел у акцыях пратэсту. Абрамовічу цяжка рухацца, ён інвалід, але працягвае выходзіць на пратэстныя акцыі. Адметна, што на словы Абрамовіча пра мафію судзьдзя ніяк не адрэагаваў, як і на папрокі пасьля працэсу, што ён асудзіў інваліда.

«З нас кожны застаецца пры сваёй думцы», — сказаў судзьдзя і закрыў паседжаньне.

Усе асуджаныя актывісты, акрамя Алеся Абрамовіча, правялі два дні ў Жодзінскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Актывіст БХД Павал Пракаповіч назваў умовы ў Жодзінскім ізалятары жудаснымі:

«У камэры было вельмі брудна, кармілі толькі два разы на дзень выключна халоднай ежай, не давалі мыла і ручніка, каб памыцца, пасьцельныя рэчы такія, што спаць немагчыма», — распавёў Павал Пракаповіч.

Каб падтрымаць сябраў «Салідарнасьці», у Жодзіна на суды прыехала вялікая група актывістаў. У тым ліку новы кіраўнік Руху салідарнасьці «Разам» Мікалай Аўтуховіч, сустаршыня БХД Павал Севярынец, апазыцыянэр Вячаслаў Сіўчык — усяго каля 20 актывістаў. Пасьля судоў яны рушылі ў Барысаў, каб ускласьці кветкі да магілы беларускага патрыёта Юркі Моніча, якога ў 1923 годзе забілі бальшавікі.

Актывісты аргкамітэту прафсаюзу прадпрымальнікаў «Салідарнасьць» паведамілі, што не адмовіліся ад плянаў ладзіць новыя мітынгі прадпрымальнікаў у Баранавічах і Воршы. Раней такія мітынгі прайшлі ў Маладзечне, Барысаве і Жодзіне. Прадпрымальнікі змагаюцца за адмену 222-га прэзыдэнцкага ўказу, які забараніў гандляваць рэчамі без сэртыфікатаў.

XS
SM
MD
LG