Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гомельхлебпрам» скараціў рабочы дзень да 2 гадзін. Бо пост


Галоўны гомельскі вытворца хлеба, батонаў, абаранкаў ды кандытарскіх вырабаў — дзяржаўнае ААТ «Гомельхлебпрам» — скарачае працоўны дзень многім сваім рабочым на тры чвэрці — да 2 гадзін на дзень. Кіраўнікі хлебнай вытворчасьці тлумачаць новы распарадак працы скарачэньнем аб’ёмаў вытворчасьці ў зьвязку з надыходам перадвелікоднага посту.

Вялікі пост пачаўся толькі ў мінулы панядзелак, а загад № 71 аб унясеньні істотных зьменаў у кантракты рабочым генэральны дырэктар «Гомельхлебпрама» Натальля Верамеева падпісала яшчэ 5 сакавіка.

У ім пост ня згадваецца, а сказана, што ў кантракт будуць унесены зьмены «ў сувязі са зьніжэньнем аб’ёмаў вытворчасьці, з мэтай недапушчэньня зьніжэньня эфэктыўнасьці і рэалізацыі прадукцыі, аптымізацыі выдаткаў на вытворчасьць і рэалізацыю прадукцыі».

Трыццацігадовы рабочы хлебабулачнай вытворчасьці № 4, які назваўся Аляксеем, апавядае:

«Такое паведамленьне я атрымаў перад выходнымі. З 18 сакавіка мой працоўны дзень будзе пачынацца роўна ў 17 гадзін і заканчвацца ў 19:30 — з паўгадзінным перапынкам на адпачынак і харчаваньне.

Мы ўжо падлічылі, што з новым распарадкам будзем зарабляць тысяч чатырыста на месяц.

За што харчавацца ў той паўгадзінны перапынак, які прадугледжвае адміністрацыя, у толк не вазьму — хіба якую скарынку хлеба атрымаю ад свайго прадпрыемства. Бо чалавек з такім заробкам ні піць, ні есьці ня мае ўжо магчымасьці. Камуналка і тая 800 тысяч патрабуе на месяц, а тут — толькі чатырыста».

Паводле суразмоўцы, такі жорсткі перагляд кантрактаў — гэта звычайнае выпіхваньне працаўнікоў на вуліцу з ініцыятывы наймальніка.

«Гэта ж нейкі зьдзек, дзікунства. Бо каму ахвота ледзь не гадзіну дабірацца праз увесь горад на Алімпійскую вуліцу, дзе знаходзіцца наш хлебазавод № 4 (цяпер ён называецца вытворчасьць № 4. — РС), каб рабіць тут дзьве гадзіны? Нездарма ж пры канцы паведамленьня напісана: калі ня згодны з такімі зьменамі ў кантракце, то буду звольнены з выплатай дапамогі ў памеры, як сказана, „ня меней за двухтыднёвы сярэдні заробак“. Вось калі я атрымліваў 2,8 мільёна, то мільён 400 тысяч мне адразу заплацяць», — падсумоўвае Аляксей.

У хлебнай краме мікрараёну Валатава
У хлебнай краме мікрараёну Валатава

Зрэшты, такімі падрахункамі займаюцца цяпер і іншыя рабочыя хлебапякарнай вытворчасьці. Адна з працаўніц скрушна паведаміла, што мусіла пагадзіцца з такімі зьдзеклівымі зьменамі кантракту, бо да пэнсіі ёй засталося меней як два гады — у такім узросьце ніхто яе на працу ўжо не бярэ.

Кіраўнікі хлебапякарнай вытворчасьці альбо адмаўляюцца камэнтаваць новыя ўмовы працы для пэрсаналу, альбо, як на згаданай вытворчасьці № 4, кажуць пра зьніжэньне рэалізацыі хлебабулачных вырабаў найперш у зьвязку з надыходам перадвелікоднага посту:

«Мы ж ня проста так скарачаем. Канечне, аб’ёмы ўпалі — пост пачаўся.

Апроч таго, людзі сталі больш задумвацца над здаровым харчаваньнем. Менш спажываюць звычайнага хлеба, батонаў, а пераходзяць на вырабы, у тым ліку й печыва, у якіх ёсьць вотруб’е, аўсяная мука, цэльназмолатае зерне. І мы ж ня проста людзей выпраўляем на вуліцу, а даём ім магчымасьць хоць нейкі час працаваць. Можа, хтосьці на дадатак знойдзе на паўдня сабе яшчэ які занятак, можа, хтосьці ў іншую арганізацыю ўладкуецца».

Начальніца заяўляе, што на заводзе ёсьць паўнадзённыя вакансіі дворніка, пасудамыйшчыцы, але на такую працу ніхто пераходзіць ня хоча, а плаціць заробкі на асноўнай вытворчасьці, калі няма аб’ёмаў, не выпадае.

На Навабеліцкім хлебазаводзе, які цяпер называецца вытворчасьцю № 3, імкнуцца цяпер не падаўжаць кантракты з тымі, у каго яны скончыліся. А яшчэ — абавязкова выпраўляюць на пэнсію тых, каму надышоў час.

«Улады патрабуюць ад нас не зьмяншаць заробкі. А як гэта зрабіць, калі рэалізацыя прадукцыі зьменшылася?

Таму й разьвітваемся з тымі, у каго кантракт скончыўся альбо хто зарабіў пэнсію, — тлумачаць на заводзе. — Хочам, каб было гэта як найменей балюча. А што скарачаецца працоўная зьмена ці пераходзяць на чатырохдзённы працоўны тыдзень, дык гэта ж ня толькі такая сытуацыя ў хлебапякарнай вытворчасьці. Вунь „Гомельдрэў“ на скарочаным працоўным тыдні, швейнае прадпрыемства „Камінтэрн“ таксама. На „СтанкаГомелі“ працоўная зьмена скарочана».

Зьмяншэньне аб’ёмаў рэалізацыі хлебабулачнай прадукцыі на вытворчасьці № 3 зьвязваюць найперш са зьніжэньнем рэальных грашовых даходаў насельніцтва:

«Калі раней чалавек купляў бохан, то цяпер паловай, а то й чацьвярцінай абыходзіцца. А яшчэ гляньце на міграцыю працоўнай сілы ў тую ж Расею.

Калі дзясяткі тысяч беларусаў едуць на заробкі да суседзяў, то яны там і хлеб купляюць».

Яшчэ год таму філіял акцыянэрнага таварыства — гомельскі «Хлебгандаль» — прадаваў у абласным цэнтры 1164 тоны хлебабулачнай прадукцыі і амаль 195 тон кандытарскіх вырабаў. На кожнай машыне, якая развозіла прадукцыю, пазначаны па-расейску трэндавы лёзунг таварыства: «„Гомельхлебпром“ — в каждый дом!».

Аднак ужо летась спажывецкі попыт на хлеб і хлебабулачныя вырабы скараціўся. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2015 год выпуск сьвежага хлеба ў рэгіёне склаў толькі 79,5 адсотка да ўзроўню 2014 году — па сутнасьці, зьменшыўся на адну пятую частку.

Нават мясцовыя ўлады сталі патрабаваць ад «Гомельхлебпрама» зьніжэньня выдаткаў на выраб сваёй прадукцыі, бо кошты ў крамах прыкметна вырасьлі. Напрыклад, васьмісотграмовы бохан распаўсюджанага гатунку «Валатаўскі» стаў каштаваць 11 тысяч рублёў, паўкіляграмовы палепшанага гатунку з назвай «Царскі» і каштуе адпаведна — 18,5 тысячы.

Нават кошт звычайнага батона даўно перасягнуў дзесяцітысячную мяжу.

Хлеб і цэны
Хлеб і цэны

«І кошты, і якасьць хлеба, асабліва белага, канечне, не спрыяюць таму, каб яго асабліва куплялі й спажывалі. Ён і крышыцца, і не захоўваецца. І так ужо прызвычаіліся назвы мяняць, а за імі й кошты, што ажно дзіву даесься. Так што й бяз посту ад хлеба трэба ўстрымлівацца», — кажа жыхарка абласнога цэнтру, якая набывае пры патрэбе хлеб у краме «Сонечны», што належыць акцыянэрнаму таварыству «Гомельхлебпрам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG