Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служыш, вучысься, гадуеш дзіця — пэнсіі за гэта не атрымаеш


Калі вы служыце ў войску, навучаецеся ва ўнівэрсытэце, у дэкрэце даглядаеце дзіця — гэты пэрыяд уваходзіць толькі ў агульны працоўны стаж, а на памер пэнсіі гэта істотна не паўплывае. Бо ў страхавы пэнсійны фонд вы нічога не пералічваеце. І нават калі вы добрасумленна плаціце падаткі, да прыкладу, з даходаў з-за мяжы, але не адлічваеце сродкі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва — пэнсіі на старасьці веку вам не пабачыць.

«Скончыла ВНУ і нарадзіла чатырох — 17 гадоў стажу няма!»

Рэальная пагроза павышэньня пэнсійнага ўзросту прымусіла нават маладых беларусаў задумацца, якую пэнсію яны атрымаюць, ці можна будзе на яе пражыць. Віктар Гарбачэўскі з Кобрына напісаў у фэйсбуку:

«Днямі даведаўся, што ў страхавы стаж у Беларусі ўжо не ўваходзяць пэрыяд вучобы ў ВНУ, служба ў войску, дэкрэтны адпачынак, пэрыяд атрыманьня дапамогі па беспрацоўі, пэрыяд догляду за інвалідам І групы, дзіцем-інвалідам».

Спадар Гарбачэўскі абураецца, што ў жанчыны, якая скончыла ВНУ і нарадзіла чатырох дзяцей, выкрасьляць 17 гадоў стажу. Спадар Гарбачэўскі зьбіраецца арганізаваць збор подпісаў за адмену пэўных артыкулаў закону.

«Агульны стаж і страхавы — розныя рэчы»

Прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацяна Максімава патлумачыла Радыё Свабода, што нічога новага ў заканадаўстве не зьявілася. Закон аб пэнсійным забесьпячэньні быў прыняты 4 красавіка 1992 году, пасьля гэтага ўносіліся нязначныя рэдакцыйныя праўкі, але сутнасьць Закону не мянялася:

«Гэта было заўсёды: служба ў войску, вучоба, дэкрэт — яны ніколі не залічваліся ў страхавы стаж.

Агульны стаж і страхавы стаж — гэта розныя рэчы.

Для таго каб чалавек атрымліваў пэнсію, ён павінен дасягнуць пэнсійнага ўзросту, мець агульны працоўны стаж, зь якога будзе разьлічвацца каэфіцыент ягонай пэнсіі, і страхавы стаж — гэта пэрыяд выплаты ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

З 1 студзеня 2016 году павялічыўся абавязковы тэрмін менавіта страхавога стажу. Да гэтага ён быў 15 гадоў, а з пачатку году павялічваецца на 6 месяцаў, і паступова дойдзе да абавязковых 20 гадоў. То бок страхавы фонд — гэта тыя грошы, які чалавек, які працуе, пералічвае ў фонд сацыяльнай абароны. У кожнага, хто працуе, ёсьць зялёная плястыкавая картка сацыяльнага страхаваньня. Страхавы фонд — гэта пэрыяд выплаты страхавых унёскаў. Падчас службы ў войску, вучобы, знаходжаньня ў дэкрэце, дагляду за інвалідам ніякіх страхавых унёскаў чалавек не выплачвае. Пры разьліку памеру пэнсіі ёсьць яшчэ выслуга гадоў і шмат іншых нюансаў».

«Ратаваньне тых, хто топіцца — справа рук тых саміх, хто топіцца»

Ці вераць маладыя беларусы, што на пэнсію можна пражыць, ці разьлічваюць на падтрымку дзяржавы ў старасьці?

Наста, 30-гадовая адмыслоўца ў галіне рэклямы, не спадзяецца на годную пэнсію, таму вырашыла зьбіраць грошы сама:

«Безумоўна, мы задумваемся пра старасьць. Але давайце палічым: працуючы ў нашай краіне, я магу разьлічваць на зарплату 300 даляраў у эквіваленце, гэта максымум — цяпер заробкі зусім упалі! А працуючы фрылансэрам або на замежныя кампаніі, я за гэтую ж працу буду атрымліваць 1 тысячу даляраў.

Таму лепш ужо я буду адкладаць па 100 даляраў кожны месяц сабе на пэнсію. І праз 30 гадоў палічым: колькі я назапасіла?

Вось якраз гэтага мне хопіць цалкам, таму навошта я буду працаваць тут умоўна за 300 даляраў, эканоміць на ўсім, а потым атрымліваць гэтую жабрацкую пэнсію ў 130 даляраў? Не, дзякуй, лепш ужо самой адкладаць».

Малады спэцыяліст, настаўнік матэматыкі Андрэй атрымлівае цяпер заробак прыкладна 4 мільёны. Ён правёў матэматычныя разьлікі і прыйшоў да высновы, што пры такім заробку ён атрымае пэнсію, значна ніжэйшую за сярэднюю па краіне (у студзені 2016 году сярэдні памер пэнсіі склаў 2 млн 800 тысяч):

«Я працую ў дзяржаўнай гімназіі. Натуральна, цяпер у мяне аўтаматычна ідуць адлічэньні ў ФСАН, але пасьля адпрацоўкі па разьмеркаваньні я зьбіраюся знайсьці іншую працу, калі пашанцуе — у IT-сфэры. Я па адукацыі матэматык, а цяпер яшчэ займаюся на курсах праграмаваньня. Спадзяюся годна зарабляць і назапашваць на старасьць сам».

Сям’я менскіх праграмістаў, ведаючы, якія ўмоўныя сёньня пэнсіі, вырашыла адкрыць адмысловы валютны дэпазыт у беларускім банку — рабіць адлічэньні штомесяц і старацца не кранаць гэтыя грошы. Бо, на думку праграмістаў, у Беларусі няма сур’ёзных пэнсійных фондаў, якім можна даверыць свае грошы і быць упэўненым у забясьпечанай старасьці. «Ратаваньне тых, хто топіцца — справа рук тых саміх, хто топіцца», — скрушна ўздыхнулі праграмісты.

Сярод суседзяў — самая прасунутая Польшча

У суседзяў — Расеі і Ўкраіны — сытуацыя падобная, у постсавецкіх краінах сыстэма назапашваньня пэнсіі прыкладна аднолькавая.

У Польшчы працаўнікі робяць абавязковыя адлічэньні ў адмысловы Дэмаграфічны рэзэрвовы фонд. 7–8% штомесячных даходаў польскі працаўнік абавязаны пералічваць у прыватныя пэнсійныя фонды, а самі фонды павінны шукаць інструмэнты для прыбытковых укладаньняў. Да таго ж працуе сыстэма добраахвотнага назапашваньня пэнсійных выплат — дзяржава толькі прадугледжвае некаторыя гарантыі для такіх унёскаў і рэгулюе іх максымальную і мінімальную даходнасьць. Усё астатняе, у тым ліку разьмеркаваньне выплат і іх форму, рэгулюе сам пэнсіянэр.

Чэргаў у беларускія пэнсійныя фонды пакуль няма

У Беларусі ёсьць некалькі недзяржаўных пэнсійных фондаў, да прыкладу, «Беларускі народны страхавы пэнсійны фонд». Некаторыя страхавыя кампаніі прапануюць праграмы «Дадатковая пэнсія» — за кошт сродкаў наймальніка або ўласных сродкаў (напрыклад, «Стравіта», «дачка» Белдзяржстраху). Але пакуль нельга сказаць, што яны карыстаюцца вялікай папулярнасьцю ў беларусаў.

XS
SM
MD
LG