Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За затрымку заробкаў штрафуюць кіраўнікоў прадпрыемстваў Гомельшчыны


Гомельскі завод хімічных вырабаў

Гомельскі завод хімічных вырабаў

На Гомельшчыне пракуратура ўносіць прадстаўленьні аб адміністрацыйным пакараньні кіраўнікоў прадпрыемстваў за парушэньне тэрмінаў выплаты заробкаў.

Паводле інфармацыі абласной пракуратуры, адным з апошніх на падставе часткі 1 артыкула 9.19 КаАП (парушэньне заканадаўства аб працы) аштрафаваны на 15 базавых велічыняў (3,15 млн рублёў) дырэктар ЗАТ «Гомельскі завод хімічных вырабаў». Штрафам у памеры 20 базавых (4,2 млн) пакараная і бухгальтарка гэтага прадпрыемства, якая несвоечасова падавала ў органы дзяржаўнай статыстыкі зьвесткі наконт пратэрмінаванай запазычанасьці па заробках.

Зрэшты, завод хімвырабаў працуе цераз пень-калоду ўжо ня першы месяц. Мінулым летам тут амаль тры месяцы прастойваў цэх гумовых вырабаў. Пэрыядычна спыняліся й іншыя вытворчасьці. Працаўнікам заводу за вымушаныя прагулы плацілі ў месяц 300 тысяч рублёў або прапаноўвалі «атаварваць» невялікі заробак прадукцыяй — гумовымі галёшамі, дэкаратыўнымі падушкамі, коўдрамі з рознымі напаўняльнікамі, якія тут выпускаюць. Можна было браць шлянгі паліваць гарод, гумовыя ўшчыльняльнікі для сельгастэхнікі альбо нават мэдычныя мяшэчкі даглядаць каластому.

Выхаваўчы эфэкт ад пакараньня дырэктара заводу хімвырабаў Фаіга Аскерава наўрад ці будзе высокі. Прадпрыемства банкрутуе. Тыдзень таму, 29 лютага, на завод прызначылі антыкрызыснага кіраўніка Дзяніса Будкова, якому адпушчана шэсьць месяцаў на санацыю прадпрыемства. Калі за гэты час ня будзе прапанавана годная праграма далейшага існаваньня заводу, прадпрыемства немінуча чакае продаж «з малатка».

Завод хімічных вырабаў — не адзінае прадпрыемства, дзе заробкі падоўгу затрымліваюць. За 2015 год толькі ў органы пракуратуры было пададзена 256 скаргаў на затрымкі разьлікаў, і палову зь іх прызналі абгрунтаванымі.

Будынак заводу хімічных вырабаў

Будынак заводу хімічных вырабаў

Пагалоскай стала акцыянэрнае таварыства «Рытм» з Рэчыцы. Цяпер яно не працуе. У свой час акцыі прадпрыемства выкупіў іранскі бізнэсовец Рамін Мансурыян, каб наладзіць тут выраб меднага дроту. Летась увесну дзясяткам рабочых наагул перасталі плаціць заробкі. Да канца году амаль усе пазвальняліся, але за некалькі месяцаў зь імі так ніхто і не разьлічыўся.

Рабочыя зьвярталіся за парушэньне заканадаўства і ў пракуратуру, і ў інспэкцыю працы: прыміце меры, парушаецца заканадаўства аб працы. Нарэшце раённая пракуратура ўнесла прадстаўленьне з патрабаваньнем без прамаруджваньня пагасіць даўгі па заробку, а таксама выплаціць належныя сумы, прадугледжаныя заканадаўствам пры звальненьні.

А дырэктару таварыства на патрабаваньне пракуратуры назіральная рада вынесла дысцыплінарнае спагнаньне — вымову.

У зьвязку з крызіснай сытуацыяй некаторыя прадбачлівыя кіраўнікі, каб не трапляць пад санкцыі ані пракуратуры, ані дзяржаўнага кантролю, паступілі «мудрэй»: унесьлі ў калектыўныя дамовы дапаўненьні, паводле якіх дазваляецца выплачваць заробак сваім працаўнікам у апошні дзень наступнага месяца — усьлед за адпрацаваным. Так зрабілі ў найбуйнейшым на Гомельшчыне аўтобусным парку № 1. Дадатковыя пагадненьні на гэты конт да працоўных кантрактаў з кіроўцамі ад імя ААТ «Гомельаблаўтатранс» падпісаў дырэктар аўтапарку № 1 Валянцін Барысенка.

На многіх прадпрыемствах нашмат зьменшыліся й рэальныя заробкі працаўнікоў. Паводле афіцыйных зьвестак, у 2015 годзе сярэдні заробак у тым жа Гомелі склаў 6,522 млн рублёў, у тым ліку за сьнежань — 7,083 млн. У параўнаньні з папярэднім годам — 107 і 106 адсоткаў.

Тым часам гамяльчук Уладзіслаў, які да нядаўняга часу працаваў вальцоўшчыкам прэсава-нарыхтоўчага цэху ААТ «Гомсельмаш», апавёў:

«Звольніўся толькі што, бо атрымаў за месяц два з паловай мільёны. Гэта ж проста зьдзек, а не заробак».

Гамсельмашаўская дошка гонару

Гамсельмашаўская дошка гонару

Спэцыяліст гэтага ж прадпрыемства Аляксандар, у сваю чаргу, паведаміў: «Нават калі мы працуем поўны месяц, у мяне выходзіць толькі чатыры мільёны заробку».

Гомсельмашаўцам гэтымі днямі наагул не шанцуе — яны працягваюць губляць заробкі: каля 13 тысяч чалавек тут на тыдзень адправілі ў вымушаны адпачынак з выплатай дзьвюх трацінаў тарыфнай стаўкі.

Усяго ж на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у склад Беларускага прафсаюзу працаўнікоў прамысловасьці, у рэжыме няпоўнай занятасьці штомесяц працуе каля 10 тысяч рабочых. А такіх прадпрыемстваў 174, на іх занятыя звыш 110 тысяч чалавек.

XS
SM
MD
LG