Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне абматалі палавыя органы вільготнай анучай, падключылі правады — і білі токам», — украінскі палітвязень распавёў пра пуцінскі ГУЛАГ

  • Паўло Зубʼюк

Генадзь Афанасьеў

Генадзь Афанасьеў

«Адзін былы СБУ-шнік дастаў паяльнік, кажа: я табе яго засуну». Украінскі палітвязень Генадзь Афанасьеў распавёў Свабодзе, як яго катавалі ў Расеі.

У Расеі 26-гадоваму Генадзю Афанасьеву інкрымінавалі стварэньне на тэрыторыі Крыму тэрарыстычнай групоўкі і прысудзілі ў 2015 годзе 7 гадоў зьняволеньня.

Яго арыштавалі 9 траўня 2014 году ў Сымфэропалі. На папярэднім сьледзтве ён прызнаў віну і даў паказаньні, якія леглі ў аснову абвінавачваньняў супраць Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанкі і яго самога. На судзе Афанасьеў заявіў, што паказаньні даў пад катаваньнямі. 14 чэрвеня 2016 году яго вызвалілі і адправілі ва Ўкраіну.

У інтэрвію Свабодзе ён распавёў пра тыя катаваньні, празь якія прайшоў у Расеі, і пра тое, як потым вырашыў адмовіцца ад сваіх паказаньняў.

«Кожны раз, калі я кажу «я ня ведаю» — яны па жываце б'юць»

— Я ішоў з фатаграфіяй дзядулі на парадзе Перамогі, 9 траўня. Затым я пайшоў па цэнтральнай вуліцы фатаграфаваць знаёмую дзяўчыну, і на мяне накінуліся, павалілі на зямлю, гэта быў цэнтар гораду, прыпынак аўтобусны. Заламалі рукі, пачалі біць, надзелі мяшок на галаву. Людзі былі цывільныя, але вельмі моцныя такія мужчыны, я потым даведаўся, што гэта спэцназаўцы з Паўночнага Каўказу. Я пасьпеў запомніць двух чалавек, у іх былі маленькія аўтаматы са складзенымі прыкладамі. І ўсё здымалі камэры, шмат камэр, такое шоў рабілі.

Афанасьеў у лякарні ў Кіеве, чэрвень 2016 года

Афанасьеў у лякарні ў Кіеве, чэрвень 2016 года

І што цікава: мне інкрымінуюць, што я хацеў падарваць помнік Вечнага Агню. Але мяне затрымалі, калі я якраз вяртаўся з параду менавіта ад гэтага Вечнага Агню. Пры мне не было ні выбухоўкі, нічога — што я там рабіў, калі я там хацеў нешта падарваць?

Я яшчэ пасьпеў убачыць, як яны ў натоўпе мэтанакіравана ідуць да мяне. Бегчы няма сэнсу, яны яшчэ шкадуюць, што ніхто не ўцякае — бо тады яны маюць права страляць. Мяне паклалі на задняе сядзеньне машыны, селі зьверху на мяне, мы зьехалі. Хвілін, мабыць, 15 ехалі, мяне пасадзілі паміж імі, пачаліся пытаньні: хто такі Сянцоў, хто такі Чырны, хто хацеў закласьці выбухоўку на аэрадроме Бельбек, — усе гэтыя рэчы, пра якія я ня чуў нават ні ў якіх СМІ.

І кожны раз, калі я кажу «я ня ведаю» — яны па жываце б'юць, сьпірае дыханьне, а яны кажуць, што зараз паедзем у лес, будзеш магілу сабе капаць. У нас тады многіх знаходзілі ў лесапалосах. Валянціна Выгоўскага, якому далі 12 гадоў за шпіянаж, сапраўды вывезьлі ў лес і ля магілы расстрэльвалі з пнэўматычнае зброі, прапаноўвалі супрацоўніцтва. Але мяне не давезьлі ў лес, прывезьлі ў маю кватэру, яны знайшлі ключы ў сумцы з фатакамэрай маёй. Самі адчынілі дзьверы, завялі мяне туды бяз маскі — каб паніку сярод народу не падымаць. Затым зноў надзелі маску, паклалі на падлогу на кухні. У мяне маці пакінула дома ёркшырскага тэр'ера, сабака скакаў там вакол, не разумеў, што адбываецца.

У гэты час яны канфіскацыю рабілі — нічога не знайшлі. Але скралі ўсю маю фататэхніку, скралі ўсе мае грошы, скралі некаторыя дакумэнты. Я нічога не падпісваў, нічога мне не давалі — проста мяне павезьлі ў ФСБ, СБУ ранейшае, там ужо я сустрэўся са сьледчымі — гэта былі тры сьледчыя з Масквы, апэратыўнікі з Масквы. Яны пачалі псыхалягічны ціск, што на мяне ўжо далі паказаньні, прызнайся, мы не памыляемся, давай супрацоўнічаць і ўсё такое.

«Я думаў што ўсе, мяне заб'юць»

— Ты тады разумеў, што «гэты дождж надоўга», ці здавалася, што 15 сутак патрымаюць — і адпусьцяць?

— Гэта Крым быў. Я ня першы, не апошні — я думаў, што ўсё, мяне заб'юць. Я думаў, што ніхто мне не дапаможа ў Расеі. Я маўчаў, я разумеў, што ніякіх доказаў супраць мяне ня можа быць, таму што я нідзе не засьвечаны. Так, я публічна выступаў, даваў шмат інтэрвію, але гэта ня доказы нейкай тэрарыстычнай дзейнасьці. Я разумеў, што гэта бессэнсоўна.

Акцыя ў падтрымку Афанасьева пад расейскай амбасадай у Кіеве, красавік 2016

Акцыя ў падтрымку Афанасьева пад расейскай амбасадай у Кіеве, красавік 2016

На працягу 5 дзён мяне білі, проста білі, біла былая СБУ, пад кантролем ФСБ, а галоўны ў іх быў Барадзін. Я заўсёды быў прышпілены адной рукой да крэсла, а другой -- да канваіра з Паўночнага Каўказу.

Гэта этнічныя расейцы ці мясцовыя каўкаскія?

— Расейцы. Мне забаронена было закрываць галаву рукамі, калі мяне б'юць, а калі я закрываў галаву рукамі — то мяне пачыналі біць па жываце яшчэ горш. Білі рукавіцамі, білі кейсамі, надзявалі пакет на галаву, каб задыхаўся. Бралі катану японскую ў рукі, махалі — палохалі. Забаўляліся, гэта для іх было як забаўка. Білі не заўсёды: зьбілі-зьбілі — адвялі ў «стакан» адзіночны 1 на 1 мэтар, 2–4 гадзіны я там сядзеў.

У першы дзень прыйшоў адвакат іхні. Там не было ніякай таямніцы, дзьверы былі адчыненыя, а за дзьвярыма стаялі ФСБ-шнікі. Ён пытаецца: цябе б'юць? Мне страшна было, я галавой паківаў. Ён кажа: нічога, усіх б'юць, гэта нармальна. Я, кажа, на пэнсію выходжу, гэта ў мяне апошняя справа, шкада, што яна ў мяне такая апошняя, мінімум 10–15 гадоў атрымаеш, нічога зрабіць нельга. Адзінае, што ён сказаў — што калі ты скажаш, што будзеш супрацоўнічаць — то пад хатні арышт цябе пасадзяць, і гэта ўсё, уся яго дапамога. Я падумаў, што калі мяне пад хатні арышт пасадзяць — то я хутчэй уцяку з Крыму, і казаў на судзе — так, вядома, буду супрацоўнічаць. Але Паклонская зрабіла на судзе так, што ні пад які хатні арышт мяне не адпусьцілі.

Мяне адвезьлі ў ІЧУ, ізалятар часовага ўтрыманьня, там могуць 3 сутак трымаць, а мяне трымалі 10. Там няма ніякае сувязі са зьнешнім сьветам; няма тэлефона. Гэта месца каля ДАІ ў Сымфэропалі, там вельмі холадна было, хоць гэта быў травень. Адзеньня ніякага не давалі. Вельмі позна давалі каманду «адбой», каб я мог прылегчы, а як я прылягу — то кожныя пяць хвілін зазіралі ў акенца і казалі «Падыдзі, назаві свой артыкул». Не давалі спаць, гэта каб я быў пастаянна і стомлены, і ўзбуджаны ад ператамленьня. І так дзесяць дзён: ня спаў, ня еў, нават паперы туалетнай не было. Калі да мяне падсаджвалі розных людзей — ім забаранялі са мной дзяліцца, казалі, што ўсё забяруць. Вядома, яны чымсьці дзяліліся, але іх хутка пераводзілі.

«Адзін былы СБУ-шнік дастаў паяльнік, кажа: я табе яго засуну»

— Кожны дзень аб 11-й мяне адвозілі ў СБУ, там дапытвалі, білі, я нічога не казаў. Ад мяне патрабавалі паказаньняў супраць сябе, што я хацеў падпаліць два будынкі. Мяне паднялі на другі паверх і пачалі катаваць. Надзелі адгазьнік, я цягнуў паветра і задыхаўся. Запомніў, што калі высмактаў усё паветра — то адгазьнік аж прыліпае да цябе ўнутры. Затым яны падымалі шлянг і пырскалі нешта ў шлянг... Гэта ўсё яны рабілі прафіляктычна. Даводзілі да такога стану, што табе ўжо ўсё роўна, ты ня хочаш ні жыць, нічога — і тады ўжо пачыналі допыт. Я ўжо разумеў, што чалавек даў супраць мяне паказаньні, мяне ўсё роўна пасадзяць за краты. Чаму б ня даць паказаньні супраць сябе, каб гэта ўсё скончылася і трохі меншы тэрмін атрымаць? Ніхто за мяне змагацца ня будзе. Мне прынесьлі паперы, я ўсё падпісаў, адвезьлі мяне ў ІЧУ. А ўвечары прыносяць мне яшчэ новыя абвінавачаньні па справе аб падрыве.

Акцыя ў падтрымку Афанасьева і іншых вязьняў-крымчукоў у Кіеве, жнівень 2015 года

Акцыя ў падтрымку Афанасьева і іншых вязьняў-крымчукоў у Кіеве, жнівень 2015 года

І кажуць: ну, ты разумееш, што вы ўдвух не маглі такія падпалы рабіць. Вось ёсьць Кольчанка, Сянцоў, там шмат людзей па справе ідзе.

А ты да таго меў зносіны з Кольчанкам і Сянцовым?

— Зь Сянцовым адзін раз я размаўляў, па фатаграфіі — можа ён нейкую працу прапануе. А Кольчанка — ён антыфа, я проста працаваў фатографам, ня меў стасункаў з гэтай субкультурай.

Мне сказалі: трэба рабіць дадатак да тых сьведчаньняў, якія ты даў — супраць Алега, супраць усіх астатніх. Што цікава: яны мне прыносілі на подпіс ужо ўзгодненыя паперы. Я адмовіўся, мяне адразу пачалі катаваць адгазьнікам, а затым — на сьледчыя дзеяньні ў дачыненьні да гэтых будынкаў. Там мне проста трэба было падняць руку і кудысьці паказваць.

Што я хачу яшчэ сказаць, што ўсе панятыя ў гэтай справе — гэта былі дзяўчаты ФСБ-шнікаў. Гэта я зь іх размоваў пра пляны на вечар зразумеў. Першы дзень мала катавалі, а на наступны — зноў гэтай маскай, але я ўжо неяк прывык да яе, мне ўжо неяк абыякава. Тады мне абматалі палавыя органы вільготнай анучай, падключылі правады — і ток біў. Тады ўжо ўсё, я быў гатовы хоць на Парашэнку, хоць на папу Рымскага — давайце, я ўсё падпішу, толькі перастаньце біць па палавых органах токам. Я быў маральна зламаны. Я ня быў гатовы да гэтага — што мяне нехта затрымае і будзе катаваць. Было вельмі цяжка, кожную ноч я думаў пра самагубства.

Я да апошняга трымаўся. Яны мяне разьдзелі, паклалі на падлогу. Міліцэйскай дубінкай вадзілі па скуры дзе трэба, расказвалі пра згвалтаваньне. Адзін былы СБУ-шнік дастаў паяльнік, кажа: я табе яго засуну, і толькі потым уключу, ён пачне награвацца — ты ўзбудзісься, а потым табе разарве зад, і ты нікому не дакажаш, што ты не такі, цябе будуць гвалтаваць у турме пастаянна.

«Мне ўвесь час пагражалі, што маці пасадзяць як шпіёнку»

— Калі ўжо ўсё было падпісана, я стаў ім не патрэбны зусім. Мяне адвезьлі ў ІЧУ — і пра мяне забыліся на некаторы час. На наступны дзень пасьля таго, як яны атрымалі што ім трэба — мяне перавялі ў сьледчы ізалятар № 1 у горадзе Сымфэропаль. Там не было ні талеркі, ні відэльца, прусакі вакол, блашчыцы — прыемнае суседзтва. У мяне не было нічога, не было чым есьці. Ежы не было, там кормяць капустай, але яна так сьмярдзіць.

Афанасьеў да зьняволеньня, 2014 год

Афанасьеў да зьняволеньня, 2014 год

Праз дні тры мяне перавезьлі ў Ляфортава ў Маскве. Там, акрамя фізычнага, ужывалі яшчэ і псыхалягічны ціск. Таму што першы раз калі паказаньні даў — то такая размова: «Ну, ты даў паказаньні — а ведаеш, што цяпер будзе ў турме, што з такімі робяць?» А я ня ведаю нічога пра злачынны сьвет — і пачыналі запалохваць. А мая маці працуе ў турыстычным агенцтве «Цуды сьвету» — і перад уваходам стаіць статуя Свабоды амэрыканская, з дрэва. І мне ўвесь час пагражалі, што ў бізнэсе ў маці нешта можа здарыцца, гэта значыць, яе пасадзяць ці па эканамічнай справе, ці як шпіёнку — таму што ў яе статуя Свабоды стаіць і яна часта езьдзіць за мяжу, ці нешта зь ёй здарыцца можа... Яны мяне катавалі — і я разумеў, што яны сапраўды могуць гэта зрабіць і зь ёй.

Са мной у Маскву вярнуліся ўсе маскоўскія сьледчыя, якія мяне катавалі. Ляфортава — гэта сьледчы ізалятар у адным будынку са сьледчымі ФСБ. Гэта значыць, яны проста выканалі задачу — затрымалі нас, пакатавалі — і вярнуліся ў Маскву. Ім трэба былі доказы, бо гэта нібыта група. Тое, што рэжысэр даваў заданьне фатографу, а фатограф — антыфашысту і гісторыку — гэта вельмі па-дурному, і таму яны хацелі прызнаньне на відэа.

Год і чатыры месяцы я сядзеў. Там такі сьледчы ізалятар — ён не падобны ні да чога, таму што там няма ніякай сувязі паміж вязьнямі. Усе сядзяць, як пажыцьцёва зьняволеныя — не гавораць. Няма ніякіх турэмных «паняцьцяў» — таму што ніхто ня ведае пра турму нічога. Бо як зь Ляфортава трапляеш у звычайны сьледчы ізалятар — ты як быццам вось толькі са свабоды трапіў. Там поўны вакуўм. Камэра маленькая — 3 на 4 мэтры, два чалавекі, туалет перад дзьвярыма, ён не адгароджаны нічым ні ад сукамэрніка, ні ад тых, што глядзяць, ні ад відэакамэры. Гэта значыць, ты перад усімі ходзіш у туалет. Зазіраюць кожныя 40 сэкунд у камэру. Ходзяць яны па коўдры адмыслова пасьцеленай — каб не чуваць крокі было.

2016 год

2016 год

Але ты бачыш, што яны зазіраюць?

Калі пачую. Там такое гумовае акенца, яны ўсё зрабілі, каб не было чуваць. Усё ў прыладах для праслухоўваньня... Галоўная турма ў Маскве. Вядома, гэта ўсё парушэньні правоў чалавека. Знаходзячыся там год і чатыры месяцы, я ня меў ніводнай прыватнай сустрэчы з адвакатам, таму што ён працаваў на ФСБ. Мне прыходзілі лісты — толькі ад мамы, я ня меў тэлефонных званкоў. Мне проста не аддавалі лісты — я гэта ўжо потым зразумеў.

Увесь гэты час я сядзеў з агентамі, якія працавалі на ФСБ. І яны ўвесь час вялі размовы: і навошта табе Ўкраіна, яна цябе кінула, давай паказаньні, якія ім трэба, ратуй сваё жыцьцё, ты ж фатограф, будзеш езьдзіць па розных краінах — рабіць «патрэбныя» фатаграфіі, разьведчыкам такім. Зь цягам часу я навучыўся распазнаваць такую балбатню і ўжо ня вёўся на яе. Я ўвесь час думаў: вось было ж шмат партызан у вайну, якія давалі паказаньні пад катаваньнямі, цяпер такіх прыкладаў таксама шмат — але я разумеў, што мала проста сябе апраўдваць — трэба нешта рабіць, хлопцаў ратаваць.

Вядома, я мог на сваім судзе гэта ўсё сказаць — але там было два чалавекі: судзьдзя і пракурор. Тады я вырашыў, што буду паводзіць сябе так, каб не выклікаць падазрэньняў. Дарэчы, я разумеў, што як мінімум праз такі мой учынак будзе перагледжана мая справа ў бок павелічэньня тэрміну, таму што зьнікне «супрацоўніцтва са сьледзтвам», з-за якога было зьмякчэньне прысуду. Я шмат чым рызыкаваў: гэта і даўжэй сядзець, і горшыя ўмовы, і пагроза жыцьцю.

«Вырашыў тады так: буду глядзець у адну кропку перад сабой і чытаць малітвы»

— Але на цябе тады ўпершыню зьвярнулі ўвагу, пра цябе загаварылі. Гэта было аптымальнае рашэньне.

— Перад судом — а мяне ж тады этапавалі ў Растоў-на-Доне — мне далі спатканьне, гэта такі мэтад бізуна і перніка быццам, у Растове да мяне прыйшоў сьледчы зь печывам, з марозівам, з пачастункамі, гэта быў апэратыўнік з Масквы, які кіраваў маім катаваньнем. Ён казаў: у цябе важны дзень, вырашаецца твой лёс, трэба даць паказаньні. Дасі паказаньні — паедзеш у Бранск, будзеш каля дома, у добрай турме, у цябе будуць і спатканьні, і ўсё-ўсё-ўсё для цябе зробім, цябе праз два гады памілуе прэзыдэнт. Я ўсё ківаў, згаджаўся, але нічога ў яго ня ўзяў — за што мяне потым асудзілі сукамэрнікі, маўляў, хоць бы кока-колы папілі.

Афанасьеў на адзначэньні дня народзінаў зьняволенага ў Расеі рэжысэра Алега Сянцова

Афанасьеў на адзначэньні дня народзінаў зьняволенага ў Расеі рэжысэра Алега Сянцова

Калі я выяжджаў зь Ляфортава — мне далі чамадан, які быў запоўнены лістамі даверху. Там была і кніга Тараса Шаўчэнкі, і закладкі нейкія, і засушаныя лісточкі з дрэў — вельмі шмат што з гэтага сьвету. Да гэтага часу яны мне нічога не аддавалі, я ня ведаў, што ёсьць нейкая падтрымка. Я думаў, што я адзін.

І вось гэтае рашэньне — расказаць усё на судзе — я прыняў, думаючы, што я адзін. Людзі не разумеюць, што гэта такое — вырашаць свой лёс.

Мне тады падказвалі, што я павінен пацьвердзіць паказаньні — а тады ўзяць 51 артыкул — што я адмаўляюся сьведчыць супраць сябе. Гэта для таго, каб адвакаты іншых зьняволеных не маглі задаваць мне пытаньні. Прычым гэта сьледчы ФСБ, ён прыходзіў туды, дзе ён ня меў права знаходзіцца. Мы потым з маім новым адвакатам патрабавалі відэаматэрыялы, каб даказаць, што ён сапраўды наведваў мяне перад працэсам — але вядома: дрэнна працавала камэра, мы ня маем права вам прадстаўляць і ўсё такое.

Мяне прывезьлі ў суд, а я вельмі нэрваваўся, ня мог размаўляць з праваахоўнікамі. Адрэналін. Я вырашыў тады так: буду глядзець у адну кропку перад сабой і чытаць малітвы, і не адказваць ні на якія пытаньні. І я прыйшоў у суд, там было тры судзьдзі, я глядзеў над імі. На хлопцаў я ня мог глядзець — мне сорамна было. Гэта не перадаць усё словамі, гэта было вельмі цяжка. Але, мабыць, чалавек павінен кіравацца фразай, што кожны наш крок сёньня — ён зьмяняе мінулае і стварае будучыню. Там я сказаў, што хлопцаў ня ведаю, што яны не вінаватыя, і я сказаў, што я вінаваты ў частцы, я падпальваў гэтыя будынкі...

А ты іх падпальваў ці не?

— Я іх не падпальваў, але я хацеў прызнаць сваю віну, каб неяк на сябе адцягнуць з хлопцаў. Гэта ж хуліганскія ўчынкі, гэта не тэрарызм... прызнаў, каб хлопцам было лягчэй. Што мог — тое і зрабіў.

Пасьля гэтага мяне прывезьлі ў сьледчы ізалятар, дзе чакалі ФСБ-шнікі. Яны не разумелі, што адбываецца, яны патрабавалі ад мяне выступіць на публіку з прамовай, што на мяне выйшлі адвакаты Сянцова, Кольчанкі, што яны прымусілі мяне даць такія паказаньні, што на мяне быў ціск. Я адмовіўся.

На наступны дзень да мяне прыйшоў адвакат Папкоў, сапраўдны адвакат. Я яму ўсё расказаў, як было. І толькі ён паехаў, як прыйшлі ФСБ-шнікі, я зноў адмовіўся супрацоўнічаць, і яны мяне вельмі моцна зьбілі, засталіся сінякі.

І адразу мяне перавезьлі ў нармальны такі сьледчы ізалятар. Пасадзілі ў камэру, дзе былі 20 чалавек, асуджаныя ня першым разам, яны ўсе былі ў турэмных татуіроўках. Сьледчыя хацелі зрабіць так, каб праз мае паказаньні гэтыя людзі мяне гвалтавалі, білі, але яны мяне выслухалі.

Я ім сказаў: так, хлопцы, мяне затрымалі за маю ідэю, за мае перакананьні. Мяне катавалі, я ня змог вытрымаць. Але потым я адмовіўся ад сваіх паказаньняў, я разбурыў згоду са сьледзтвам. І зараз маю справу могуць вярнуць, перасудзіць мяне, і невядома што далей са мной будзе — таму што мне абяцалі, што проста мяне дзесьці на зоне заб'юць. І яны мяне паслухалі — і мне паверылі.

А яшчэ мне вельмі дапамагло — «Новая газета», Быкаў напісаў артыкул пра мяне, і адвакат прынёс артыкул. І я ўсім паказаў: вось, глядзіце, я не хлушу. Вось мая справа.

І яны сказалі: ты прыстойны чалавек, да цябе ня будзе ніякіх пытаньняў. І ў ФСБ-шнікаў нічога ня выйшла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG