Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа ўкраінскае кіраўніцтва скарыстаць мэтад Масаду?


Сустрэча закладнікаў, вызваленых ізраільскім спэцназам зь лётнішча Энтэбэ, 1976

Сустрэча закладнікаў, вызваленых ізраільскім спэцназам зь лётнішча Энтэбэ, 1976

Трайны ўдар: тры пытаньні для трох аналітыкаў. Абмяркоўваюць Аляксандра Дынько, Аляксей Знаткевіч і Сяргей Навумчык.

Знаткевіч: За апошнія некалькі дзён у шэрагу ўкраінскіх выданьняў і ў сацыяльных сетках зьявіліся выказваньні, агульны сэнс якіх можна зьвесьці да наступнай тэзы: сучаснае ўкраінскае кіраўніцтва ня мае палітычнай волі, яму варта было б браць прыклад з Ізраілю, які 40 гадоў таму даслаў чатыры самалёты са спэцназам і вызваліў сваіх закладнікаў у афрыканскай краіне Ўганда. Маўляў, тое самае Ўкраіна мае зрабіць, каб вызваліць з турмы ў Расеі сваю зьняволеную вайскоўку Надзею Саўчанку.

Украінскі журналіст і дэпутат Кіеўскай рады Дзьмітры Гардон у тэлеэфіры сказаў наступнае пра прыклад Ізраілю: «Яны знаходзяць фашысцкіх забойцаў у любой кропцы Зямлі, крадуць іх, выцягваюць, усыпляюць, вывозяць, пляваць на ўсё». Мне падаецца, што такія заклікі пераважна дэмагогія.

Па-першае, апэрацыя «Энтэбэ» і ўвогуле дзеяньні ізраільскіх спэцслужбаў — гэта хутчэй вынятак, чым правіла ў сусьветнай практыцы. Значна больш дасьведчаныя спэцслужбы, чым украінскія, маюць гісторыю няўдачаў у падобных выпадках — можна прыгадаць няўдалую спробу амэрыканскага спэцназу ў 1980 годзе вызваліць сваіх грамадзян з пасольства ў Тэгеране. Такія рэчы цяжка арганізаваць тэхнічна, а ў выпадку з Украінай ёсьць яшчэ і відавочная насычанасьць спэцслужбаў і органаў улады расейскай агентурай.

Але важней тое, што Расея паводле шэрагу парамэтраў — гэта зусім не Ўганда. І незалежна ад таго, як бы скончылася гэтая гіпатэтычная апэрацыя па вызваленьні Саўчанкі, расейскае кіраўніцтва скарыстала б яе як падставу легітымізаваць сваю вайсковую прысутнасьць на усходзе Ўкраіны. Гэта як мінімум.

Зь Дзьмітрыем Гардонам можна пагадзіцца ў тым, што для большасьці ўкраінскіх палітыкаў вызваленьне Надзеі Саўчанкі і яе вяртаньне на Радзіму напэўна ня ёсьць прыярытэтам. Сапраўды магчыма, што нехта з палітыкаў нават баіцца яе як патэнцыйнага будучага канкурэнта. Яна ўжо дэпутатка Вярхоўнай Рады.

Калегі, а што мяркуеце вы — ці карысны для Ўкраіны ў гэтым выпадку прыклад Ізраілю, ці варта ўкраінскім спэцслужбам зьвяртацца па кансультацыі ў Масад, як прапануюць некаторыя? Найперш пытаньне да Вас, Сяргей, бо Вы якраз дзяліліся на сваёй старонцы ў фэйсбуку адным з такіх тэкстаў.

Навумчык: Я цалкам пагаджуся з тым, што апэрацыя, аналягічная той, якую спэцслужбы Ізраілю правялі ва Ўгандзе, для Ўкраіны немагчымая. Тэхнічна нават немагчымая — паслаць нейкі дэсант, які б у Данецку Растоўскай вобласьці выкраў Надзею Саўчанку. Хоць калі б апэрацыя была ўдалай, я думаю, што вялікіх наступстваў для Ўкраіны, для легітымізацыі прысутнасьці расейскіх войскаў не было б. Калі Украіна выкрадае нейкага расейскага амбасадара — тады так. Аўтары, пра якіх вы ўзгадалі, завастрылі тэму, але яны мелі на ўвазе іншае. Расея ваюе з Украінай — гэта не сакрэт. І на вайне як на вайне, ёсьць палонныя. Абсалютна ясна, што ёсьць палонныя і расейскія. Ну, мы памятаем, калі ўкраінскія вайскоўцы захоплівалі расейскіх салдат і потым адпускалі. Гэты акт з гуманістычных пазыцый варты павагі, але ў дачыненьні да краіны-агрэсара прызадумаесься: а можа іх варта было б судзіць, яны таксама рабілі нейкія злачынствы? Ва ўсялякім разе зрабіць судовы працэс.

Знаткевіч: Ёсьць такі судовы працэс над двума захопленымі расейскімі афіцэрамі.

Навумчык: Гэта толькі адзін выпадак. Захоплена было значна больш. Калі мы гаворым пра ўсе гэтыя рэчы, мы задняй думкай трымаем, якая была б рэакцыя Захаду. Анэксія Крыму, несупраціўленьне ўкраінскіх вайскоўцаў гэтаму была ў значнай ступені вынікам пазыцыі Захаду, якія сказаў Кіеву: ні ў якім разе не супраціўляйцеся, мы вас падтрымаем. Мы ведаем, як яны «падтрымалі». Ёсьць вельмі вялікая маральная віна Захаду, найперш Злучаных Штатаў Амэрыкі і Вялікабрытаніі, якія ў свой час падпісалі Будапэшцкія пагадненьні, гарантуючы Ўкраіне абарону яе сувэрэнітэту. У выніку Ўкраіна вывела ядзерную зброю, як і Беларусь, на тэрыторыю Расеі, і потым, калі Расея напала на Ўкраіну, анэксавала частку тэрыторыі, што паслалі амэрыканцы? Сухія пайкі зь пячэньнем. Гэта былі неадэкватныя дзеяньні з боку самай магутнай дзяржавы сьвету.

Дынько: Такія параўнаньні робяцца з адной мэтай — упікнуць, дэмаралізаваць цяперашнюю ўладу Ўкраіны, асабіста прэзыдэнта Парашэнку, і ад іх нашмат больш шкоды, чым карысьці. Я нават узгадаю хрэстаматыйнае выказваньне Ўладзіміра Пуціна пра тое, што пры пэўных умовах бабуля магла б быць не бабуляй, а дзядулем. І параўноўваць дзьве апэрацыі — апэрацыю «Шаравая маланка» і сытуацыю з Саўчанкай як мінімум неразумна. Украіна адна трымае абарону перад Расеяй без усялякай іншай дапамогі. Абвінавачваць разваленую эканамічна, палітычна і маральна моцна прыціснутую краіну ў тым, што яна ня здольная на такія акцыі на тэрыторыі свайго праціўніка, нават подла. У той сытуацыі, у якой знаходзіцца Ўкраіна, наўрад ці знойдуцца цалкам чатыры самалёты адданых дэсантнікаў, ужо ня кажучы пра іх здольнасьць правесьці падобную апэрацыю. Нельга таксама сказаць, што цяперашняя палітычная ўлада не зрабіла для Саўчанкі нічога. Справа Саўчанкі ўзьнятая на міжнародны ўзровень, яна дэпутат Вярхоўнай Рады, адвакаты займаюць жорсткую пазыцыю — усё гэта дае магчымасьць прыцягнуць як мага большую ўвагу да суду. Ці варта пытацца дапамогі ў Масада — ну чаму ж не? Калі Ўкраіна зацікаўленая і бачыць магчымасьць вядзеньня менавіта такіх дзеяньняў для свайго войска, то канешне так. Войска трэба ствараць нанова, як трэба ствараць краіну. Таму лепш цяпер пакінуць Украіну ў спакоі ад такіх парадаў і дапамагаць ёй, калі можам. Наконт «Шаравой маланкі», мне было цікава даведацца, што міністрам абароны Ізраілю на той момант быў Шымон Пэрэс, народжаны ў нашым Вішневе. Гэта маленькая беларуская дэталь да гэтай гісторыі. Канешне, можна толькі захапляцца тым, як Ізраіль абараняе сваіх суграмадзян. Літаральна пару дзён таму ў Тэль-Авіве хлопец абясшкодзіў тэрарыста, ударыўшы яго гітарай, на якой ён граў перад тым, як здарыўся напад. У той самы дзень у іншым месцы іншага тэрарыста абясшкодзілі нажом, зь якім ён напаў на мірнага чалавека.

Навумчык: У 1972 годзе на Алімпіядзе ў Мюнхене была захопленая група ізраільскіх спартоўцаў. Яны ў выніку няўдалай апэрацыі былі забітыя. Цягам бліжэйшых некалькіх гадоў Масад знайшоў і забіў усіх арганізатараў гэтага нападу на тэрыторыях іншых дзяржаў, парушаючы і заканадаўства тых краін. Больш ізраільскіх спартоўцаў у закладнікі ніхто ня браў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG