Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Самае жорсткае было — калі паламанага даломвалі» — украінскі дэсантнік вызвалены пасьля 197 дзён палону


Аляксандр Машонкін у Львове 11 жніўня 2015 году

Аляксандр Машонкін у Львове 11 жніўня 2015 году

«Білі трубамі, зэдлічкамі, ножкамі ад сталоў. Білі па галаве, у пахвіну. Гарачым прасам руку прасавалі,» — расказвае Аляксандр Машонкін.

6 жніўня быў вызвалены шляхам абмену ўкраінскі дэсантнік Аляксандр Машонкін, які 197 дзён правёў у палоне баевікоў групоўкі «ДНР». Аляксандр Машонкін трапіў у палон сёлета 21 студзеня. Два тыдні ён абараняў Данецкі аэрапорт. Падчас бою яго накрыла бэтоннымі плітамі. Ад сьмерці і калецтва выратавалі бронекамізэлька і шлем.

З вызваленым «кібаргам», як называлі абаронцаў Данецкага аэрапорту, сустрэлася карэспандэнтка ўкраінскай службы Радыё Свабода Галіна Церашчук. Вось яе расповед:

Аляксандр дома ўжо тры дні, аднак дасюль ня можа ў гэта паверыць. Што ўдалося перажыць за гэтыя паўгода «кібаргу», у якіх умовах утрымлівалі яго і ягоных паплечнікаў сэпаратысты, што яго не зламала?

Аляксандр Машонкін стараецца вучыцца спаць, але сон яшчэ далёка не спакойны. Стараецца прывыкнуць да думкі, што ўжо дома, але і гэта яму пакуль складана. Імкнецца не ўспамінаць перажытае, але і гэта не атрымоўваецца, таму што словы сабою цягнуць ўспаміны, а там — жах.

Аляксандр Машонкін: «З ложка яшчэ засталася звычка ўставаць як з нараў, з паліцы на бок — раз. Мабыць, яшчэ доўга так буду падымацца. Адплюшчу вочы — бачу, што ўжо дома».

Аляксандр Машонкін успамінае, што калі яго прываліла бэтоннымі плітамі ў Данецкім аэрапорце, менавіта тады ў яго мільганула думка, што лепш скончыць з жыцьцём.

Дзесяць гадзін праляжаў заціснуты — галава, тулава, рукі.

Аляксандр Машонкін: «Давяло да такой думкі, што ляжаў пад заваламі, да мяне ніхто ня мог падлезьці, і я ня мог. Дзесяць гадзін праляжаў заціснуты — галава, тулава, рукі. Удалося з-пад завалаў выбрацца цудам. Ня ведаю як, але вылез».

Аляксандр трапіў у палон разам зь іншымі чатырнаццацьцю вайскоўцамі. У яго былі зламаныя рэбры, іншыя байцы таксама былі ў цяжкім стане. Іх доўга вазілі «Уралам», даставілі спачатку да камандзіра асобнага падразьдзяленьня баевікоў «Гіві».

Аляксандр Машонкін: «Калі да „Гіві“ прывялі — сокам напаілі, каб паказаць, якія яны добрыя. Потым ваду пілі толькі з крана».

Далей ўкраінскіх ваеннапалонных прывезьлі да лідэра групоўкі «ДНР» Аляксандра Захарчанкі. Туды ўжо прыехала хуткая дапамога, каб забраць цяжкапараненых.

Аляксандр Машонкін: «Паставілі на калені, зноў перапытвалі: хто ёсьць хто. Забралі нашы жэтоны».

Затым пачалося самае жорсткае, калі ўкраінскіх палонных прывезьлі ў склеп памяшканьня, дзе разьмяшчалася падразьдзяленьне камандзіра баевікоў «Матаролы». З 11-тай да 20-тай гадзіны ваеннапалонных білі і катавалі, распавядае Аляксандр.

Падаць не давалі, калі зваліўся — дабівалі.

Аляксандр Машонкін: «Адных заводзілі і білі. Выводзілі. Заводзілі другіх, трэціх. І так увесь дзень. Білі ўсім — трубамі, зэдлічкамі, ножкамі ад сталоў. Білі ўсюды — па галаве, па ўсім целе, у пахвіну. Узялі гарачы прас, руку да сьцяны, папрасавалі, каб трохі паскварылася. Але болю не адчуваў ужо, таму што самае жорсткае было — калі паламанага даломвалі. Падаць не давалі, калі зваліўся — дабівалі. Там проста білі... Увечары прыйшоў „Матарола“ і іх разагнаў».

Пасьля дзесяцігадзінных зьдзекаў украінскіх «кібаргаў» перавезьлі ў падвалы будынка былога СБУ ў Данецку. Там аказалі мэдычную дапамогу ў санітарнай частцы, таму што ва ўсіх былі пераломы. Хлопцаў пасялілі ў камэры, у якіх калісьці захоўваўся архіў, замест ложкаў былі мэталічныя паліцы ў 6 ярусаў.

Аляксандр Машонкін: «У санітарнай частцы нас пераапранулі, таму што наша форма згарэла. Каму што далі: каму жаночае паліто, каму нешта іншае, добра, што спадніц не раздавалі. Мы там у склепе бяз вокнаў правялі тыдзень ці два. Двойчы на дзень давалі нам есьці — кашу або суп. Далей перавялі ў агульную камэру, дзе былі іншыя палонныя».

У агульнай камэры, ужо з акном, знаходзіліся 44 вайскоўцы Ўзброеных сіл і грамадзянскія асобы. Тут ужо на палонных ціснулі маральна, радзей білі і катавалі.

Сярод нас у камэры былі стукачы (шасцёркі), мы потым зразумелі і ўжо нічога не казалі лішняга.

Аляксандр Машонкін: «Калі білі, то прапаноўвалі пераходзіць на іх бок. Але гэта было для прыколу, каб зламаць людзей, каб свой страляў у свайго, такі маральны ціск. Там і расейскія найміты былі, чачэнцы, якія былі жорсткія, і данецкія. Сярод нас у камэры былі стукачы (шасцёркі), мы потым зразумелі і ўжо нічога не казалі лішняга. Таму сьледчыя казалі, што стукаючы, можна зарабіць балы, хутчэй адпусьцяць. Некалькі чалавек іх зарабілі. Казалі нам баевікі, што мы замбаваныя, што пайшлі супраць свайго народу. Але ў нас была іншае заданьне, мы ня супраць данецкіх людзей ваюем. Мы пайшлі ваяваць, таму што быў парушаны сувэрэнітэт Украіны. Але ім гэтага не даказаць. Я разумею, што яны моцна замбаваныя. Для іх ўкраінскае радыё — хлусьня, іхнае — праўда. Яны нічога там не будуюць, думаюць, што краіна будзе ў краіне. Хочуць быць у Расеі і ва Украіне, нехта хоча быць у незалежнай дзяржаве. Кожны кажа сваё.

Нас пастаянна выводзілі на працу — уборку ў горадзе, у камэндатурах. Казалі, што мы — рабы з Украіны. Перад прыездам журналістаў стараліся, каб не было на нас сінякоў. Пыталіся ў мяне журналісты, як я стаўлюся да таго, што ўлада нас кінула. На што я адказаў, што не магу нічога пра гэта меркаваць, таму што не валодаю ўжо столькі часу ніякай інфармацыяй».

У камэры былога СБУ ваеннапалонным дазвалялі слухаць радыё, але ўкраінскія станцыі часта глушылі. Калі прайшоў месяц у сэпаратыстаў, да ваеннапалонных сталі прыходзіць валянтэры, якія прыносілі вопратку, кнігі, ваду, мэдыкамэнты, перадавалі скрыначкі і ад родных, але ня ўсё даходзіла.

Аляксандр Машонкін некалькі разоў тэлефанаваў жонцы і бацькам. Тэлефанаваць дазвалялі сьледчыя. Потым тэлефон паставілі ў склепе, і некалькі чалавек у дзень маглі пагаварыць з блізкімі.

Неўзабаве, як толькі 21 студзеня баевікі схапілі ўкраінскіх вайскоўцаў, адбыўся абмен палоннымі. Але Аляксандр Машонкін тады адмовіўся ад звальненьня на карысьць другога байца, малодшага па ўзросьце і ў цяжкім стане. Пасьля гэтага ўчынку, пра які не шкадуе, чакаў свайго звальненьня пяць месяцаў.

Аляксандр Машонкін: «Што трымала? Проста паабяцаў родным, што вярнуся. Ведаў, што пра мяне не забыліся».

А яшчэ трымала вера. Сярод палонных разам з Аляксандрам быў украінскі сьвятар, вайсковец. У камэры ў куце байцы зрабілі капліцу — на сьцяну наклеілі іконы, столік заслалі ручніком, паставілі крыж і сьвечкі.

З часам я зразумеў, што гэта — не сьвятар, а „сэпар“ у расе.

Аляксандр Машонкін: «Разам зьбіраліся і маліліся, станавілася лягчэй на душы. Быў адзін момант, калі мы былі ў „Матаролы“, дзе нас білі, што прыйшоў сьвятар, быццам з Маскоўскага патрыярхату, з крыжам. Ён біў нас гэтым крыжам па галаве, магчыма, думаў, што так нашы грахі сыдуць, казаў, што мы — ня людзі. Сьвятар у рызе з крыжам... Гэты драўляны крыж зламаў на галаве аднаго палоннага, потым вярнуўся з мэталічным крыжам і біў. Я такога сьвятара хіба ў фільмах жахаў бачыў. З часам я зразумеў, што гэта — не сьвятар, а „сэпар“ у расе. І ўсё, стала спакайней. Пастаянна адчуваў Божую падтрымку».

Першае, што цяпер зробіць старэйшы сяржант Аляксандр Машонкін — гэта пойдзе на споведзь.

Аляксандр Машонкін: «Шмат усяго на душы. Але кожнаму аддасца па заслугах. Прыйдзе момант. А можа, у жыцьці...»

А як будзе, яшчэ сам ня ведае. Таму што калі год таму, 13 жніўня, быў мабілізаваны ў Буск на Львоўшчыне, калі пакінуў сям’ю і працу, выразна ведаў:

Аляксандр Машонкін: «Пайшлі служыць маладыя хлопцы па 18-20 гадоў, многія зь іх не праходзілі вайсковай службы, то што я павінен быў сядзець і глядзець, як яны паміраюць?»

Ззаду ў Аляксандра Машонкина баі ў Данбасе, кантузіі, 197 дзён палону, зьбіцьцё, катаваньні, цяжкая праца, зьнявагі, страшныя перажываньні, калі баевікі яго і іншых палонных вывозілі на месца Данецкага аэрапорту, дзе з-пад завалаў «кібарг» выцягваў парэшткі сваіх таварышаў. Наперадзе чакае лячэньне ў шпіталі, бо галава баліць пастаянна, як і рэбры. Яму яшчэ трэба навучыцца жыць пасьля ўсяго перажытага.

Таксама Аляксандра Машонкіна чакаюць бюракратычныя перашкоды, каб дэмабілізавацца, атрымаць статус ўдзельніка Антытэрарыстычнай апэрацыі. Вытрымаць гэта таксама цяжка, але ўжо псыхалягічна. Зрэшты палон яго ня зламаў, пераадолее і гэтыя цяжкасьці, таму што кажа:

Аляксандр Машонкін: «У мяне заўсёды было, ёсьць і будзе сваё меркаваньне, мяне зламаць і пераканаць, што чорнае гэта белае, не атрымалася і не атрымаецца. Там засталіся хлопцы ў Данецку. Я ўжо выйшаў, а яны — яшчэ не».

Аляксандар Машонкін кажа, што для яго самае важнае, каб як мага хутчэй адбыўся чарговы абмен палоннымі і каб яго сябры таксама вярнуліся дадому.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG