Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі забаранялі адпяваць Ларысу Геніюш


У афармленьні бібліятэкі выкарыстаныя здымкі з пахаваньня паэткі ў Зэльве

У афармленьні бібліятэкі выкарыстаныя здымкі з пахаваньня паэткі ў Зэльве

Сёньня ў Горадні прайшлі першыя чытаньні, прысьвечаныя Ларысе Геніюш. Яны адбыліся ў царкоўным доме пры Каложы. Тут месьціцца прыходзкая бібліятэка, якае носіць імя паэткі.

У калоскім храме прайшло набажэнства памяці Ларысы Геніюш і яе мужа Янкі. Затым у капліцы ў царкоўным доме настаяцель Каложы айцец Аляксандар Балоньнікаў сказаў слова пра паэтку:

Настаяцель Каложы Аляксандар Балоньнікаў

Настаяцель Каложы Аляксандар Балоньнікаў

«Дзе б яна ні была, яна ўсюды заставалася праваслаўнай хрысьціянкай — і ў Чэхіі, і ў сталінскіх лягерах, і ў Зэльве. Яна была шчырай верніцай і адной з самых лепшы прыхаджанак Сьвятатроіцкай царквы ў Зэльве. Яна ня проста малілася, а служыла сваёй маці-царкве. За свае грошы правяла ў храм электрычнасьць, аддала туды сваё сукно на сукенку, якое атрымала ў Чэхіі, каб абабіць Эвангельле. І за сьвятароў зэльвенскіх заступалася перад той бязбожнай уладай, у час якой яна жыла».

На думку сьвятара, годнае жыцьцё Ларысы Геніюш павінна стаць для нас прыкладам:

«Калі мы шануем яе памяць, мы павінны хоць недзе, хоць у нечым быць падобнымі да яе», — сказаў ён.

Царкоўны дом, дзе месьціцца бібліятэка імя Ларысы Геніюш

Царкоўны дом, дзе месьціцца бібліятэка імя Ларысы Геніюш

Пасьля гэтага настаяцель запрасіў у бібліятэку, якая дзейнічае пры прыходзе. Сёлета бібліятэка атрымала імя Ларысы Геніюш, а асьвячаў яе ўладыка Арцемі, архіяпіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, сказаў настаяцель.

Бібліятэка сьціплая, цеснаватая, але айцец Аляксандар спадзяецца, што ўтульная.

Распавядае Міхась Скобла

Распавядае Міхась Скобла

Пра апошнія паступленьні распавёў пісьменьнік Міхась Скобла зь Менску. Найперш гэта вельмі рэдкае выданьне вершаў, якія адшукаў у бібліятэцы Францішка Скарыны ў Лёндане прафэсар Арнольд Макмілін і выдаў у 1992 годзе са сваёй прадмовай на ангельскай мове. Датуюцца вершы 1945–47 гадамі. Калі Ларысу Геніюш арыштавалі ў Празе, яна пасьпела сшытак зь вершамі перадаць сябрам, сказаў Скобла.

Выданьне вершаў Ларысы Геніюш, якія знайшоў прафэсар Макмілін

Выданьне вершаў Ларысы Геніюш, якія знайшоў прафэсар Макмілін

У кнігазборы цяпер ёсьць і эмігранцкі часопіс «Баявая ўскалось» за 1969 год, у ім надрукаваныя вершы Геніюш.

Аляксандар Балоньнікаў паказаў альманах «Ля чужых берагоў». Ён выйшаў у 1955 годзе.

Сьвятар паказвае альманах «Ля чужых берагоў»

Сьвятар паказвае альманах «Ля чужых берагоў»

А Міхась Скобла падкрэсьліў:

«Што цікава: вершы Ларысы Геніюш надрукаваныя ў разьдзеле „Абарваныя струны“, ва ўступным слове напісана, што яна загінула ў Гулагу. У эміграцыі тады ня ведалі, што зь ёй».

Ня ўсе кніжкі на месцы, некаторыя на руках, іх чытаюць, сказаў сьвятар.

Міхась Скобла паабяцаў, што зь цягам часу ўсе выданьні паэткі ў бібліятэцы будуць, ён пастараецца знайсьці.

Гарадзенскі паэт Юрка Голуб далучыў да іншых кніжку для дзяцей 1976 году «Добрай раніцы, Алесь» з аўтографам Ларысы Геніюш з асабістага збору. Сьвятар выказаў думку, што такую кніжку варта было б перавыдаць. Міхась Скобла дадаў — што з малюнкамі самой паэткі. Яе малюнкі можна знайсьці ў лістах да ўнукаў, сказаў пісьменьнік. Такую ідэю ён выказаў аднаму выдаўцу.

Успамінае пісьменьніца Вольга Іпатава

Успамінае пісьменьніца Вольга Іпатава

Цягніком зь Менску прыехала Вольга Іпатава, юнацтва якой было зьвязанае з Горадняй. Яна расказала, што калі хавалі Ларысу Геніюш, у начальства была галоўная задача, каб яе не адпявалі. І яна ціснулі на мясцовага сьвятара Васіля Чыкіду:

«І я памятаю, што гэта было чамусьці страшэнным грахом у іхніх вачах. Але сьвятар не паддаўся, што яму потым каштавала. І калі пачаліся першыя гукі адпяваньня, то чыноўнікі, якія былі ў царкве і назіралі за ўсім, яны кінуліся да дзьвярэй. І гэта мне нагадала, як нячыстая сіла кінулася прэч, каб ня быць у час адпяваньня. Такая тады была атмасфэра».

У афармленьні бібліятэкі выкарыстаныя фатаздымкі з пахаваньня Ларысы Геніюш, зьвярнуў увагу прысутных Аляксандар Балоньнікаў: вынас труны з хаты да царквы, а затым на могілкі. Сапраўды, у Зэльве больш ніколі не было такога хрэснага ходу, сказаў ён.

Айцец Васіль Чыкіда, які адпяваў паэтку, паходзіў з Турава, там і пахаваны. Міхаль Скобла знайшоў ягоную магілу. Адзін зь ягоных сыноў вучыўся потым у Маскоўскай духоўнай акадэміі ў адзін час з Аляксандрам Балоньнікавым.

Літаратурныя чытаньні адбыліся ў памяшканьні з выявай старажытнай Каложы

Літаратурныя чытаньні адбыліся ў памяшканьні з выявай старажытнай Каложы

Чытаньні, прысьвечаныя Ларысе Геніюш, адбыліся ў памяшканьні, якое аздабляе цікавая выява Калоскага храма — якім ён мог быць у старажытнасьці. Гучалі ўспаміны пра паэтку, яе вершы. Сьпявалі песьні, у тым ліку — на яе вершы.

XS
SM
MD
LG