Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Протаярэй Аляксандар Балоньнікаў: Ларыса Геніюш — адна з найвялікшых вызнаўцаў праваслаўнай веры ХХ стагодзьдзя


Протаярэй Аляксандар Балоньнікаў
Протаярэй Аляксандар Балоньнікаў

Пры старажытнай Каложы ў Горадні адчынілася бібліятэка імя Ларысы Геніюш. Кім ёсьць знакамітая паэтка для праваслаўнай царквы, і ці будуць ладзіцца ў бібліятэцы штогадовыя Геніюшаўскія чытаньні? Госьцем перадачы — настаяцель храма протаярэй Аляксандар Балоньнікаў.

— Ойча Аляксандар, чаму вы вырашылі надаць бібліятэцы імя Ларысы Геніюш?

— Тут усё проста. Мы павінны памятаць пра тых людзей, дзякуючы якім мы сёньня праваслаўныя вернікі. Ларыса Геніюш — адна з найвялікшых вызнаўцаў праваслаўнай веры ХХ стагодзьдзя. Менавіта таму наша бібліятэка і носіць яе імя.

Бібліятэка імя Ларысы Геніюш у Горадні
Бібліятэка імя Ларысы Геніюш у Горадні

— Якім чынам яна камплектуецца?

— Двума шляхамі. Па-першае, кнігі, якія тычацца хрысьціянскай веры і гісторыі царквы і Бацькаўшчыны, мы закупляем у самых розных выдавецтваў — у беларускіх і замежных, выпісваем літаратуру з Кіева, Масквы, Пецярбургу, Варшавы, Беластоку, Вільні. Мы стараемся адсочваць і набываць тыя выданьні, якія нам патрэбныя. Па-другое, кнігі мы атрымліваем ад нашых прыхаджанаў і сяброў. Скажам, шмат літаратуры па мастацтвазнаўстве, па гісторыі Беларусі і краязнаўстве мы атрымалі ад іх. Добрыя людзі прыйшлі і сказалі: «Мы ведаем, што адчынілася бібліятэка, калі ласка, прыміце ад нас дар». Сярод падарункаў трапляюцца кнігі і пра крышнаізм, і пра накірункі ісламу, хоць, як на першы погляд, яны нам непатрэбныя. Але кніга — гэта і помнік, і крыніца ведаў, і па-рознаму можа служыць нам. Мы маем таксама кнігі савецкага часу, калі пра царкву пісалі атэісты, бязбожнікі, пісалі хлусьню. І мы сёньня ня палім гэтыя кнігі, а паказваем, у якой хлуслівай атмасфэры жыла царква, і як гэтая хлусьня раскрываецца з часам.

— А якія кнігі самой Ларысы Геніюш вы маеце?

Спадзяюся, што ў хуткім часе мы будзем мець усе выданьні Ларысы Геніюш.

— Іх нямала. Вось двухтомнік Ларысы Геніюш, выдадзены ў сэрыі «Галасы айчыны», вось зборнік «Невадам зь Нёмана» 1967 году выданьня, вось выбраныя творы пад назвай «Гасьціна», выдадзеныя ў Менску ў «Мастацкай літаратуры» ў 2000 годзе. Ёсьць у нас і «Споведзь», выдадзеная ў 1993 годзе той жа «Мастацкай літаратурай». А літаральна днямі чарговы ахвярадавец падараваў нам зборнік вершаў, выдадзены ў Лёндане ў 1992 годзе, альманах «Ля чужых берагоў» (1955) зь вялікай падборкай вершаў Ларысы Геніюш. Там, дарэчы, паэтка прадстаўленая ў разьдзеле «Абарваныя струны», паколькі лічылася, што яна загінула ў ГУЛагу. Спадзяюся, што ў хуткім часе мы будзем мець усе выданьні Ларысы Геніюш. Ёсьць у нас і кніга зь яе аўтографам — «На чабары настоена», — падараваная паэткай у 1982 годзе сябрам.

— Як яна трапіла да вас?

— Яна трапіла да нас з Зэльвы. Айцу Георгію Субаткоўскаму, які арганізаваў пры зэльвенскай царкве музэй у гонар Ларысы Геніюш, перадалі вернікі некалькі аднолькавых кніг. Адну зь іх ён перадаў нам у дзень адкрыцьця нашай бібліятэкі.

— Ці плянуецца ў бібліятэцы ладзіць літаратурныя сустрэчы, прысьвечаныя Геніюш? Бо часам з памяшканьнямі для падобных імпрэзаў узьнікаюць праблемы.

— Мне здаецца, што ўсё павінна рабіцца спакойна. У новазапаветнай кнізе «Дзеяньні апосталаў» ёсьць вельмі цікавае сьведчаньне. Калі апостала Пятра прывялі на суд у Сінедрыён, то адзін з паважаных фарысеяў, Гамалііл, папярэджваў астатніх, кажучы: «Калі гэта справа ад людзей, то яна разваліцца сама па сабе, а калі ад Бога — ня зможаце разваліць яе, беражыцеся, каб вам не зрабіцца багаборцамі». Так і тут. Калі мы сапраўды будзем ушаноўваць Ларысу Геніюш, паэтку і вызнаўцу веры Хрыстовай, то ўсё ў нас атрымаецца.

Епіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі асьвячае Бібліятэку імя Ларысы Геніюш
Епіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі асьвячае Бібліятэку імя Ларысы Геніюш

Вядома ж, мы плянуем сустракацца тут, ладзіць асьветніцкія мерапрыемствы — найперш для саміх сябе, не для кагосьці. Бо нам самім важна разумець, чаму паэтка напісала той ці іншы твор, у якіх умовах гэта адбылося, як яна сама перажывала ўсе жыцьцёвыя выпрабаваньні. А каб гэта ўсё зразумець, трэба чытаць, разважаць разам. І сёлета мы плянуем першую такую сустрэчу з нашымі беларускімі пісьменьнікамі, некаторыя зь іх паходзяць з Зэльвы, ведалі Ларысу Геніюш, памятаюць яе. Спачатку мы памолімся за супакой яе душы, у Каложы будзе адслужана беларуская Літургія і паніхіда, а пасьля ў бібліятэцы пачытаем яе вершы, паразважаем.

— Ужо каля дваццаці пяці гадоў, колькі існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, не сыходзіць з парадку дня пытаньне аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Як вы лічыце, чаму адпаведныя органы ўлады не дазваляюць рэабілітаваць паэтку, фактычна — клясыка беларускай літаратуры?

— Гэта мне нагадвае гісторыю, калі вернікі шукаюць страчаныя сьвятыні — цудатворныя іконы, абразы, мошчы сьвятых. На гэта патрабуецца пэўны час. А людзям хочацца сёньня, цяпер, адразу. Але ці самі яны гатовыя прыняць тое, да чаго так імкнуцца? Вось і тут, мне здаецца, калі ставілася згаданае вамі пытаньне, мы яшчэ не былі падрыхтаваныя. Можа быць нешта ня так рабілася. Але я сапраўды шчыра спадзяюся — прыйдзе час, і ўсё стане на сваё месца. Хоць для самой Ларысы Геніюш гэта, хутчэй за ўсё, непатрэбна.

Кнігі Ларысы Геніюш, ахвяраваныя для бібліятэкі прыхаджанамі
Кнігі Ларысы Геніюш, ахвяраваныя для бібліятэкі прыхаджанамі

— Мне нячаста, але даводзілася сустракаць людзей, у тым ліку сярод чыноўнікаў, якія гаварылі: Геніюш асуджаная правільна, і рэабілітоўваць яе ня варта. Што б вы сказалі гэтым людзям?

— Нічога я ім не казаў бы. Найперш мы павінны маліцца за Ларысу Геніюш і за сябе. Мы павінны маліцца аб тым, каб хутчэй нашыя душы і сьвядомасьць уваскрэсьлі, каб мы многае зразумелі і аддзялілі сапраўды выдатную асобу, паэтку і хрысьціянку ад той ня самай чыстай палітыкі, куды яе час ад часу спрабуюць уцягнуць. Я лічу, што гэта рабіць ня трэба. Трэба прыйсьці да вызначанай мэты духоўным шляхам. Я ўпэўнены, што атрымаецца. Калісьці, яшчэ за савецкім часам, мітрапаліт Філарэт быў у службовай паездцы ў ЗША. І там у яго спыталіся журналісты: ці ёсьць у праваслаўнай царквы ў Савецкім Саюзе свой радыёканал ці сваё тэлебачаньне. І мітрапаліт адказаў: «Пакуль што няма». На той час немагчыма было і марыць пра гэта. А сёньня ў нас ёсьць і радыё, і тэлебачаньне, і інтэрнэт — розныя сродкі, якімі мы можам карыстацца для сьведчаньня сваёй веры. Але ўсё ж найлепшае сьведчаньне веры — асабістае, калі чалавек сьведчыць сваім жыцьцём.

— У 90-я гады «Споведзь» і вершы Ларысы Геніюш вывучаліся ў школе, пазьней іх з падручнікаў выкінулі. Як вы лічыце, ці варта вярнуць творчасьць Геніюш у школьныя праграмы па літаратуры?

У Менскай духоўнай сэмінарыі ў Жыровічах мы вывучалі творчасьць Ларысы Геніюш, і гэта мне шмат дало.

— У Менскай духоўнай сэмінарыі ў Жыровічах мы вывучалі творчасьць Ларысы Геніюш, і гэта мне шмат дало, дапамагло ўсьвядоміць і беларускасьць, і тое, што чалавек у самых цяжкіх абставінах можа застацца сабой, захаваць сваю веру і годнасьць. Таму добра было б, каб творы Геніюш вывучалі ў школе, яна ж выдатная беларуская паэтка. Але скажу вам і пра іншае. У савецкі час у школе не вывучалі Закону Божага, не было нядзельных школаў, але былі сем’і, у якіх дзеці ведалі пра Бога ўсё, што трэба. Таму ўсё залежыць ад бацькоў. Калі бацькі будуць ведаць, што гэта за твор, калі яны дадуць дзецям у рукі і скажуць — чытай, то дзеці будуць чытаць. Помню, калі я ўпершыню прачытаў «Споведзь», то можа з год ня мог адысьці ад прачытанага. Гэта сапраўды вельмі моцнае ўражаньне, праўда, і вельмі цяжкае. Таму тут трэба разумець псыхалёгію дзяцей, як яны здольныя гэта ўсё ўспрыняць.

— У школьных праграмах ёсьць адмыслвы пункт: мінімізаваць тэму рэпрэсій 30-40 гадоў. Маўляў, каб не траўмаваць дзіцячую псыхіку...

— Але ж мы вывучаем у нядзельнай школе і дома чытаем зь дзецьмі жыціі сьвятых мучанікаў, якіх катавалі ў розныя часы хрысьціянскай гісторыі. І катаваньні тыя былі вельмі жорсткія. Проста трэба ўсё правільна падаць. І так было скрозь. А сёньня па блаславеньні Сьвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ўтвораная адмысловая Царкоўна-грамадзкая рада па ўшанаваньні памяці навамучанікаў і вызнаўцаў веры XX стагодзьдзя. Ад кожнага прыходу нашай царквы патрабуецца плённая праца ў гэтым накірунку.

— Яшчэ ў першай сваёй кнізе «Ад родных ніў» Ларыса Геніюш саманазвалася «ўнучкай Францішка Скарыны». Да 500-годзьдзя айчыннага кнігадрукаваньня СБП спрабуе вызначыць 500 найлепшых беларускіх кніг. Столькі прыгадаць мы не пасьпеем. Назавіце тры найважнейшыя ў вашым жыцьці кнігі.

У сьпісе найлепшых кніг на першае месца я пастаўлю ўсё тую ж «Споведзь» Ларысы Геніюш.

— Вядома ж, мы ня будзем называць тут Біблію, яна стаіць асобна. А ў сьпісе найлепшых кніг на першае месца я пастаўлю ўсё тую ж «Споведзь» Ларысы Геніюш. З радасьцю пастаўлю побач «Пропаведзі» нашага архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, якія выдадзеныя па-беларуску і вытрымалі ўжо два выданьні. У гэтай кнізе ўладыка Арцемій разважае на тэмы Эвангельля, падказвае, як чалавек павінен яго ўспрымаць і жыць па ім. І трэцяя пазыцыя — нават ня кніга, а ўсе творы Максіма Багдановіча, напісаныя ім па-беларуску. Менавіта яны могуць дапамагчы лепш зразумець нашую беларускую мову і адрадзіць любоў да яе ў душах людзей.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG