Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эканоміка працягнула падзеньне. Мінус 2,9% ВУП


Згодна са зьвесткамі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, аб’ём валавога ўнутранага прадукту ў студзені–верасьні 2016 году склаў 97,1% да такога ж пэрыяду 2015 году. Падзеньне назіралася і ў мінулых месяцах.

МВФ чакае, што па выніках году ВУП упадзе на 3% (налета — на 0,5%). Аляксандар Лукашэнка ж абяцае рост ВУП на 12-15% да 2020 году. Кіраўнік Беларусі кажа, што «народ бачыць выйсьце ў рэформах», але думае, што да тых рэформаў народ не гатовы.

Аб’ёмы прамысловай вытворчасьці за студзень–жнівень таксама ўпалі, толькі 98,3% ад аб’ёмаў названых месяцаў мінулага году. Ня ўпала горназдабыўная прамысловасьць (яе аб’ёмы склалі 100,4% ад такіх у студзені-верасьні 2015 году); вырасьлі вытворчасьць харчоў, напояў і тытунёвых вырабаў (на 1,3%), тэкстылю і адзеньня (3,7%), вырабаў з дрэва, паперы і паліграфічных (на 10,1%), фармацэўтыкі (на 6,6%), электронікі і оптыкі (на 0,9%), электраабсталяваньня (на 9,5%), машынаў і абсталяваньня іншых групаў (на 91,1%).

Аб’ём перавозак грузаў за студзень–верасень скараціўся на 4,3% да студзеня-верасьня мінулага году, але грузаабарот застаўся амаль нязьменным — 100,2%. Транспартам карысталіся на 5,9% меней чалавек, наезьдзілі на 3,9% меней пасажыра-кілямэтраў.

Дэбіторская запазычанасьць на 1 верасьня склала 26,9 млрд рублёў (зь іх 24,5% — пратэрмінаваная), крэдыторская — 38,5 млрд (18% — пратэрмінаваная).

Тым часам Беларусь дамовілася з Расеяй пра ўмовы пастаўкі нафты і газу. Беларусь павінна выплаціць 281 млн даляраў Расеі за газ (гэтыя грошы, паводле міністра энэргетыкі Беларусі, ужо зарэзэрваваныя ў бюджэце), а Расея выплаціць Беларусі міжбюджэтную кампэнсацыю, памер якой яшчэ ня вызначаны.

XS
SM
MD
LG