Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельнікаў пра Памідорава: «Гэта як размалёўваць баракі ў канцлягеры і называць сябе вольным мастаком»


Эдуард Мельнікаў

Эдуард Мельнікаў

У сацыяльных сетках, у журналісцкіх колах востра абмяркоўваецца рашэньне музыкі, шоўмэна Аляксандра Памідорава пачаць працаваць на рэсурсе «Sputnik Беларусь», адным з адгалінаваньняў міжнароднага праекту Sputnik, якім кіруе Дзьмітры Кісялёў.

У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Памідораў сказаў, што ня бачыць нічога кепскага ў працы на Sputnik, і ня стаў разважаць пра магчымы прапагандысцкі характар гэтага рэсурсу.

А вось мэдыяэкспэрт, прафэсар Дэпартамэнту мэдыяў і камунікацыяў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Эдуард Мельнікаў лічыць, што якраз гэта важна:

«Давайце спачатку прааналізуем, што гэта за рэсурс — sputnik.by, які ў яго напрамак, якая ў яго рэдакцыйная палітыка. Sputnik.by — гэта, канечне, расейскі прапагандысцкі рэсурс, які робіцца досыць прафэсійна (як досыць прафэсійна робіцца, напрыклад, сайт „СБ — Беларусь сегодня“). Але калі ўважліва прыгледзецца, як гэта робіцца, то ўбачым увесь набор, які ёсьць зьместам „Энцыкляпэдыі мэтадаў прапаганды“ — даволі вядомы такі рэсурс.

Sputnik.by — гэта, канечне, вельмі прафэсійная прапаганда. У найбольш адказныя моманты, калі ідзе размова пра важныя палітычныя падзеі і камэнтары да іх, дакладна заўважная пазыцыя, якая афіцыйна засьведчаная ці расейскімі, ці беларускімі дзяржаўнымі ўстановамі. Я не лічу, што трэба даваць толькі апазыцыйныя погляды, неафіцыйныя — усё павінна быць. Але ў гэтым рэсурсе ёсьць толькі так званая палітыка „Россотрудничества“ — вядомай расейскай інфармацыйнай структуры. Так што тут няма чаго і абмяркоўваць — гэта рэсурс прапагандысцкі. І менавіта расейскага напрамку рэсурс.

Што тычыцца пытаньня, ці маральна, ці варта туды ісьці — гэта кожны вырашае сам. А наагул, журналістыка — гэта такая прафэсія (калі мы маем справу менавіта з журналістыкай, а не з прапагандай), дзе бяз прынцыпаў аніяк нельга існаваць. Ну ніяк! Таму лічу, што калі чалавек абірае для сябе гэтую дзейнасьць, ён робіцца шарагоўцам інфармацыйнай вайны, удзельнічае ў тых паходах, у тых ваенна-інфармацыйных і прапагандысцкіх кампаніях, якія плянуюцца вышэйшымі камандзірамі і выконваюцца шараговымі салдатамі. Такім чынам, салдатам прапагандысцкай вайны можа быць такі чалавек, які проста забыўся на прынцыпы, дзеля чаго ён наагул прыйшоў у гэтую прафэсію.

Я б туды не пайшоў. Нават калі было б вельмі цяжка. А такія моманты ў маім жыцьці былі, калі, да прыкладу, я сыходзіў з БТ. Але кожны чалавек мае права выбару. Памідораў свой выбар зрабіў».

— А ці можна апраўдваць Памідорава тым, што ён будзе рабіць на «Спутніку» чыста музычныя і забаўляльныя праграмы, далёкія ад прапаганды?

— Ведаеце, калі аднаго вядомага савецкага сцэнарыста Мікалая Эрдмана, які напісаў сцэнары да фільмаў «Вясёлыя рабяты», «Волга-Волга» запрашалі ў ансамбль песьні і пляскі НКВД, ён адказаў, што гэта тое самае, што працаваць у ансамблі песьні і пляскі гестапа.

Рэсурс гэты робіцца прафэсійна. Тут і мультымэдыя, спалучэньне сурʼёзнай мэтавай інфармацыі з забаўляльнай, зь лёгенькай «жаўцізной», з выдатнымі ролікамі. Адчуваецца, што туды ўкладаюцца вялікія грошы. Але я лепей пагляджу кепска зьнятую прадукцыю Белсату ці ўкраінскага «Громадське ТВ», але гэта будзе праўда, чым выдатную «ўпакоўку» прапагандысцкага расейскага рэсурсу, які робіцца за вялікія грошы, прафэсійна і відовішчна.

Гэта тое самае, што размалёўваць нейкія баракі ў канцлягеры і называць сябе вольным мастаком. Нельга казаць, што «я раблю на „Спутніку“ толькі музычныя праграмы, а ўсё астатняе мяне ня тычыцца». Так не бывае. На прапагандысцкім фронце ты выступаеш як агітбрыгада. Ты ўжо там. Але гэта выбар Памідорава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG