Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Класкоўскі пра пераход Памідорава на Sputnik: «Ня трэба да яго чапляцца»


Аляксандар Памідораў пачаў працаваць на Sputnik Дзьмітрыя Кісялёва

Аляксандар Памідораў пачаў працаваць на Sputnik Дзьмітрыя Кісялёва

У сацыяльных сетках востра абмяркоўваецца рашэньне Аляксандра Памідорава пачаць працаваць на рэсурсе «Sputnik Беларусь», адным з адгалінаваньняў міжнароднага праекту Sputnik крамлёўскага прапагандыста Дзьмітрыя Кісялёва.

У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Памідораў сказаў, што ня бачыць нічога кепскага ў працы на Sputnik і ня лічыць, што варта разважаць пра магчымы прапагандысцкі характар гэтага рэсурсу.

Карыстальнікі сацыяльных сетак падзяліліся на тых, хто бачыць у рашэньні Памідорава «здраду», і тых, хто апраўдвае яго, спасылаючыся на тое, што «есьці ж нешта трэба».

Свабода папрасіла разабрацца ў сытуацыі мэдыя-экспэрта Аляксандра Класкоўскага:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

— Пасьля таго як стала вядома, што рок-музыка Аляксандар Памідораў пайшоў працаваць на прарасейскі рэсурс «Спутнік», у сацыяльных сетках загучалі вельмі сур’ёзныя абвінавачаньні — маўляў, «прадаўся». Разам з тым ёсьць і тыя, хто апраўдвае Памідорава, які зарабляе грошы на гэтым рэсурсе. Як вы лічыце, ці можа асоба, якая асацыюецца зь нейкім змагарскім духам, ісьці працаваць на прапагандысцкі сайт?

— На пачатку я б не сказаў, што спадар Памідораў ці Крывашэеў асацыюецца менавіта са змагарскім духам. Напрыклад, я ўспрымаю яго як радыёвядоўцу і таленавітага прадстаўніка сфэры культуры. Магчыма, што і ён найперш успрымае сябе менавіта так. І я б хацеў падкрэсьліць, што іншым разам нейкую асобу надзяляюць апрыёры пэўнымі якасьцямі і пасьля патрабуюць адпавядаць пэўнаму іміджу. Але кожны чалавек сам вызначае свой імідж і вырашае, чаму адпавядаць ці не адпавядаць. Таму маральны максымалізм і падзел на «сьвядомых» і «несьвядомых», які часта выяўляецца ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, сьведчыць і пра тое, што, на жаль, нашае грамадзтва яшчэ ня выйшла з сытуацыі, якую Сьвятлана Алексіевіч характарызуе як «панаваньне чырвонага чалавека». Я не хачу гэта пераносіць на канкрэтную спрэчку вакол спадара Памідорава, але мне здаецца, што ў гэтым пляне беларускае грамадзтва занадта ідэалягізаванае і падыходзіць да асобы з клясавых пазыцыяў — маўляў, ты за белых ці за чырвоных? Кожнай асобе трэба пакідаць болей прасторы для асабістага жыцьця і асабістых рашэньняў.

— Але да публічных асобаў заўсёды іншыя патрабаваньні.

— Я згодны з тым, што публічная асоба павінна быць гатовая і да рэзкай рэакцыі на свае рашэньні, і да павышанай увагі адносна яе крокаў. І тут ужо ня варта крыўдзіцца тым людзям, якія прымаюць тыя ці іншыя рашэньні, што выклікаюць збольшага нэгатыўны рэзананс. А я так разумею, што ў выпадку з Памідоравым менавіта нэгатыў.

— «Спутнік» называюць прапагандысцкім рэсурсам. Вы лічыце яго такім?

— Шчыра кажучы, журналісты неаднойчы пыталі мяне пра «Спутнік», чакаючы, што я скажу — яны прапагандысты. Але як прафэсіянал, як мэдыйны экспэрт пакуль ня бачу ніякіх падводных камянёў. Так, там былі моманты, зьвязаныя, напрыклад, з укідам пра нібыта беларускі сьлед у брусэльскім тэракце. Тады там троху пахла фэйкам і нейкай працай спэцслужбаў. Але гэта асобныя выпадкі. Мне здаецца, што збольшага інфармацыя там робіцца паводле канонаў інфармацыі, аналітыка — паводле канонаў аналітыкі, а не прапаганды.

— Але ж ніхто не хавае, што гэта расейскі праект і кіруе ім прапагандыст Дзьмітры Кісялёў.

— Так, бясспрэчна, што гэта расейскі праект. Так ці інакш, за ім стаяць сілы, якія ў выпадку абвастрэньня дачыненьняў паміж Беларусьсю і Расеяй могуць зьмяніць кірунак гэтага рэсурсу і ўзяць на ўзбраеньне іншыя мэтады. Зрэшты, я думаю, што беларускае кіраўніцтва таксама не наіўнае. Ёсьць грубыя інструмэнты, якія выкарыстоўваліся падчас інфармацыйнай вайны 2010 году, калі з эфіру проста выразаліся «Хросныя бацькі», пэўныя інфармацыйныя блёкі, якія не задавальнялі беларускае кіраўніцтва.

— Што б вы сказалі Памідораву і тым, хто на яго наракае цяпер?

— Я б сказаў, што ня трэба так чапляцца да Памідорава, трэба пакідаць яму прастору для асабістых рашэньняў. Але і яму ня варта крыўдзіцца на рэакцыі, таму што пытаньне супрацьстаяньня з «русским миром» пасьля падзеяў ва Ўкраіне моцна абвастрылася. Таму і зразумелая павышаная насьцярожанасьць у той часткі беларусаў, якой баліць за нашу незалежнасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG