Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добрыя заробкі толькі ў тых, хто бліжэй да начальнікаў...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Для сёньняшняй размовы я выбраў некалькі допісаў, аўтары якіх распавядаюць пра рэаліі сёньняшняга беларускага жыцьця — заробкі, пэнсіі, узаемадачыненьні з працадаўцамі. Усё гэта апошнім часам у Беларусі вельмі істотна і хутка мяняецца і выклікае адпаведную грамадзкую рэакцыю.

Вось які ліст на гэтую тэму даслаў наш даўні сябар Васіль Дарыенка з Кобрына:

«Мне 53 гады. Маю вышэйшую адукацыю. У свой час 8 год адпрацаваў у школе настаўнікам. Апошнія 6 год працую будаўніком, цяпер — на ўзьвядзеньні атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

У сярэднім мой заробак складае 2 мільёны. Справа ў тым, што будоўля, як і калгасы, — гэта адна чорная дзіра ў эканоміцы. Тут пануюць карупцыя і мафіёзнасьць. Добрыя заробкі толькі ў тых, хто бліжэй да начальнікаў, якія пастаянна імкнуцца абдурыць іншых.

Не сакрэт, што ў кожным будаўнічым упраўленьні ёсьць брыгады, асобныя людзі, родзічы, сябры начальнікаў, якія маюць заробак ад 7–8 мільёнаў і вышэй. Што, яны выконваюць большы аб’ём работы ці лепш працуюць? Ды не, працуюць як усе.

Вышэйшае начальства езьдзіць на люксовых аўто, пастаянна іх мяняе. Ну, і заробкі ў начальнікаў не ніжэйшыя за 15 мільёнаў. Колькі тут усяго робіцца — ведае, напэўна, толькі Лукашэнка.

У нас у Кобрыне калісьці была моцная будаўнічая арганізацыя — ПМК-57. Дык збанкрутавала. Затое прыватная, створаная сваякамі былога начальніка, — квітнее і атрымлівае буйныя заказы, як сапраўдны будаўнічы дзяржтрэст.

Мае погляды на жыцьцё адрозьніваюцца ад поглядаў многіх людзей, зь якімі даводзіцца размаўляць. Але адстойваць сваю пазыцыю на працы надзвычай складана. У іх на ўсе заўвагі адзін адказ: не падабаецца — звальняйцеся. Да людзей ставяцца як да быдла».

Уразілі заробкі на будоўлі, пра якія вы, спадар Васіль, паведамляеце. 2 мільёны! І гэта на аб’екце, які лічыцца ці не галоўным у краіне, са шчодрым расейскім фінансаваньнем, з жорсткімі нарматывамі і патрабаваньнямі да якасьці будаўнічых працаў! Яшчэ летась у Менску заробак шараговага муляра даходзіў да тысячы даляраў. Прынамсі, гэта не лічылася чымсьці надзвычайным... А цяпер? Выглядае, цяжкія часы дайшлі і да будаўнічай галіны.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну таксама на ўласнай кішэні адчуў, што такое крызіс:

«Кошты ў крамах цяпер паднімаюцца так, што мне з маёй пэнсіяй (1 мільён 400 тысяч рублёў) за імі ня ўгнацца. Было трохі ашчаджэньняў у банку, але паступова яны зьнікаюць. Так што фінансавы крызіс надыходзіць і ў маёй хаце.

Міжволі згадваю, што калісьці ў мяне на кніжцы было 15 тысяч савецкіх рублёў. Лукашэнка, калі ішоў да ўлады, абяцаў вярнуць савецкія ўклады. А цяпер нешта маўчыць пра іх — як вады ў рот набраў. А мне цяпер тыя грошы вельмі прыдаліся б. Бо як плаціць за электрычнасьць, за газ? Вось цяпер страхоўка за люты — 216 тысяч рублёў. За ўсё заплаціш, дык на ежу ўжо не застаецца. І як хочаш, так і жыві...».

Сапраўды, спадар Павал, тэма вяртаньня людзям савецкіх банкаўскіх укладаў не гучыць з вуснаў беларускага кіраўніка ўжо гадоў дзесяць. Разьлік, відавочна, на тое, што паступова праблема вырашыцца сама сабой: яшчэ пару дзесяцігодзьдзяў — і кліентаў колішняга Ашчаднага банку СССР папросту амаль не застанецца на гэтым сьвеце. Што да маральнага боку справы — то пра гэта задумваюцца ня ўсе і ня ўсюды.

Але ёсьць і зусім іншыя прыклады стаўленьня да падманутых суграмадзянаў. У краінах Балтыі, напрыклад, прыстойныя кампэнсацыі ўсе жыхары, якія мелі савецкія ўклады, атрымалі яшчэ на пачатку нулявых гадоў.
✉ ✉ ✉

І яшчэ адзін кароткі ліст — з красамоўнымі дэталямі, якія дакладна ілюструюць стаўленьне чыноўнікаў да інтарэсаў насельніцтва. Наш слухач Антон Бяльковіч зь Менску піша:

«Ці заўважылі вы, да якіх касьмічных памераў вырасьлі ў Беларусі рознага кшталту штрафы? Перавысіў хуткасьць — мільён рублёў; выйшаў на вуліцу ня з тым сьцягам — тры мільёны, ня так зірнуў у бок міліцыянта — пяць мільёнаў. Адкуль бяруцца гэтыя лічбы з шасьцю нулямі? І яны, чыноўнікі, яшчэ называюць гэтую дзяржаву „сацыяльна арыентаванай“! Нагадаю вам, малапаважаныя начальнічкі, як гісторык: такія драконаўскія штрафы былі хіба толькі ў царскай Расеі перад самым яе канцом. Ну, а што было потым з прагнілым самадзяржаўным рэжымам, вы ж, напэўна, ведаеце — у партшколах вас у свой час навучылі».

Адметна, спадар Антон, што ў адказ на падобныя прэтэнзіі беларускія чыноўнікі звычайна спасылаюцца на прыклад заходніх краін. Маўляў, там штрафы ня меншыя: за парушэньне правілаў дарожнага руху таксама можна заплаціць 100 даляраў. Хоць зусім відавочна, што апэляцыі такія зусім беспадстаўныя — найперш таму, што беларускія заробкі несувымерныя з заходнімі. Для многіх беларусаў сёньня сто даляраў — гэта палова месячнага заробку.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG