Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай будзе любы прэзыдэнт — толькі б ня здаў Беларусь імпэрскай Расеі...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Пошта першых двух тыдняў новага 2015-га году запоўненая ня толькі сьвяточнымі віншаваньнямі ды пажаданьнямі, але і лістамі трывожнымі, зь непакоем за лёс краіны, з роздумам пра тое, што адбываецца ў эканоміцы. А падстаў для трывогі і непакою падзеі апошніх тыдняў далі беларусам нямала. Адрозна ад папярэдніх гадоў, калядныя і навагоднія сьвяты сёлета былі адзначаныя ня толькі бесклапотным баўленьнем вольнага часу.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наша слухачка Людміла Пацоўская зь Пінску піша:

«Зь непакоем назіраю за тым, што адбываецца вакол Беларусі. І ў сувязі з гэтым хачу выказаць сваю думку наконт прэзыдэнта. Нягледзячы на тое, што ў вас на Свабодзе часта крытыкуюць Лукашэнку, я ў гэтай справе прытрымліваюся іншай думкі. Дык вось, у цяперашніх абставінах няхай у нас будзе любы прэзыдэнт — толькі б ён ня здаў Беларусь імпэрскай Расеі. Бо што нас чакае пад Расеяй — мы добра ведаем. Ня дай Бог такога жыцьця нікому».

Апошнім часам пра Аляксандра Лукашэнку многія выказваюцца як пра абаронцу беларускай незалежнасьці — маючы на ўвазе ягоныя ваяўнічыя заявы, адрасаваныя ў бок Крамля ў сувязі з плянамі аднаўленьня так званага «Русского мира». Пытаньне тут, аднак, спрэчнае: ці дзяржаўны сувэрэнітэт Лукашэнка адстойвае так энэргічна, ці — рэжым сваёй асабістай улады?

Калі азірнуцца на мінулыя два дзесяцігодзьдзі беларускай гісторыі, дык нельга ня ўбачыць: увесь гэты час Лукашэнка займаўся ня столькі мацаваньнем беларускай дзяржаўнасьці, колькі інтэграцыйным будаўніцтвам з Масквой. На месцы адных супольнасьцяў ды садружнасьцяў ствараў новыя — усё больш цесныя і ўсёабдымныя. Так што замацоўваць за ім месца ў нацыянальнай гісторыі як абаронцы незалежнасьці — было б прынамсі дзіўным.

✉ ✉ ✉

На гэтую ж тэму выказваецца ў сваім лісьце на Свабоду наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён, у прыватнасьці, зьвярнуў увагу на тое, якія рэзкія заявы ў бок Масквы дазваляў сабе Лукашэнка падчас чарговага інтэграцыйнага саміту ў Маскве напрыканцы мінулага году. Алесь Марціновіч з гэтай нагоды піша:

«Іншы недасьведчаны беларускі абываталь, назіраючы такое, напэўна, падумаў: „Во які наш Бацька! Самому Пуціну — цару ўсяе Русі — праўду ў вочы рэжа, шапку перад ім ня ломіць! Вось хто сапраўды незалежны і ад Масквы, і ад Захаду“.

Але насамрэч ніводзін такі скандал, якіх багата было за апошнія дваццаць год, ніколі і ні разу ня зрушыў Беларусь у бок Эўразьвязу, НАТО, Шэнгена ды іншых эўразонаў. І хоць трыюмфы і перамогі ў Лукашэнкі, сапраўды, былі, але трыюмфы гэтыя, так бы мовіць, вузкай накіраванасьці — дзеля ўлады Сябе Любімага, дзеля будучыні сыночка Колі, дзеля свайго сямейства, дзеля наступнага дзесяцігодзьдзя, якое ён хацеў бы расьцягнуць як мага даўжэй...

І асабіста я ня думаю, што з апошніх Лукашэнкавых дасягненьняў у горадзе Маскве нейкую істотную выгаду атрымаюць тыя менскія палітыкі, якія мяркуюць: „Галоўнае зараз — захаваць дзяржаву, стварыць пункты-апірышчы дзеля мовы (няхай і невялікія), а ўжо потым...“

Ніякіх асаблівых радасьцяў новы 2015 год для менскіх сьвядомых не нясе. У любым выпадку з 1 студзеня стартаваў саюз Эўразіі вакол Масквы. І рэальна Горадня будзе бліжэй да Бішкеку, а не да Бэрліна ці Парыжа...

Лукашэнка банальна адстойвае сваё часовае права на яшчэ адзін пэрыяд уладараньня

Лукашэнка банальна адстойвае сваё часовае права на яшчэ адзін пэрыяд уладараньня — гэтым разам на 2015–2020 гады. І ніякім чынам Лукашэнка не бароніць тое, што абараняць яму хочуць дапамагчы менскія нацыянал-дэмакраты.

Ну, а што да цяперашняга валютнага крызісу, дык нічога надзвычайнага ў ім няма. Ён — чарговы і, дарэчы, не такі абвальны, як быў у СССР напрыканцы Гарбачова ці як крызісы 1998-га і 2011-га гадоў. Звычайная бязладзіца, характэрная для такой мадэлі эканомікі. Тым больш што цяпер крызісам ахопленая і Расея. Так што ў тандэме братэрскія народы будуць разам пераадольваць цяжкасьці назло заходняму супастату...».

Цяжка не пагадзіцца з вамі, спадар Алесь, у тым, што палітыка Лукашэнкі застаецца нязьменнай і арыентаванай выключна на Маскву — нягледзячы на ўсе крыўды, папрокі і нараканьні Лукашэнкі, выказаныя на адрас Крамля. І развароту Лукашэнкі на Захад наўрад ці ўсур’ёз хто чакае — і на самім Захадзе, і ў Маскве, і ў асяродзьдзі беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Сапраўдныя мэты незьмяняльнага беларускага прэзыдэнта відавочныя, бадай, для ўсіх. Інтрыга тут, напэўна, толькі ў тым, ці здолее Масква і надалей утрымліваць аўтарытарны менскі рэжым, ратуючы яго ад чарговага банкруцтва чарговымі ж шматмільярднымі стабілізацыйнымі крэдытамі і сяброўскімі пазыкамі, якія ніколі ня будуць вернутыя. Раней гэтая схема (нафта ў абмен на братэрскія пацалункі) спрацоўвала бездакорна. Цяпер жа і нафта абясцэнілася, і братэрскія пацалункі абрыдлі, і лішніх грошай у крамлёўскай казьне фактычна не засталося.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага допісу Вячаслаў Сухарэбскі зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну заклапочаны энэргетычнымі праблемамі Беларусі. У сваім лісьце на Свабоду слухач піша:

«Часта задумваюся: як жа будуць жыць нашы нашчадкі, калі скончацца неўзнаўляльныя крыніцы энэргіі — газ, нафта, вугаль, уранавая руда? У не такім далёкім мінулым у Беларусі на паліва накіроўвалі пераважна дровы і торф. Памятаю, каб апальваць цэглу, шмат дзе выкарыстоўваліся карчы, што заставаліся пасьля лесанарыхтовак.

А што цяпер? Лес завалены бураломам і гальлём. Пні пасьля высечкі лесу не карчуюць: яны застаюцца гнісьці ды разносіць шкоднікаў. Большасьць лясоў не прарэджваецца, што не спрыяе прыросту таварнай драўніны. Не вядзецца пасадка найбольш каштоўных цьвёрдых пародаў дрэў.

Драўніна не апрацоўваецца: за мяжу вывозяць лес-кругляк.

Бязьлітасна вычэрпваюцца апошнія запасы торфу.

Вось такія ў нашай краіне гаспадары. Ім бы сёньня болей ухапіць, а пасьля іх — хоць патоп.

Думаю, нідзе ў сьвеце няма такога марнатраўства. Калі так пойдзе і далей, дык непазьбежна надыдзе час, калі гараджанам зь іхных шматпавярховых дамоў давядзецца перасяляцца ў сельскую мясцовасьць — бо ня будзе чым ацяпляць тыя каменныя гмахі, якія патрабуюць вельмі шмат энэргіі».

Некалькі гадоў таму, калі цэны на нафту і газ дасягнулі свайго піку, у Беларусі пачалі актыўны перавод кацельняў на так званае мясцовае паліва — дровы і торф. Цяпер гэты рух спакваля спыніўся: нафта і газ значна патаньнелі. А вось нарыхтоўка драўніны і торфу, наадварот, патрабуе ўсё большых выдаткаў.

Увогуле, апакаліптычных сцэнараў недалёкай будучыні, калі чалавецтва застанецца бяз нафты, газу і вугалю, апошнім часам неяк усё меней. Часткова гэта зьвязана, відаць, з тым, што на працягу апошніх гадоў раптам выявілася: на плянэце вялізныя радовішчы сланцавых нафты і газу. І іх ужо пачалі актыўна здабываць — што, уласна, і прывяло да падзеньня коштаў энэргіі. Так што да перасяленьня гараджанаў з гарадзкіх кватэраў у вясковыя хаты, спадар Вячаслаў, думаю, яшчэ далёка.

✉ ✉ ✉

На заканчэньне — ліст ад Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, з роздумам пра драматычныя падзеі ва Ўкраіне. Слухач піша:

«Цяжка разабрацца ў тым, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне. Гутару з многімі людзьмі з нашай мясцовасьці, якія жылі ці жывуць там. Адзінай думкі няма — рознае расказваюць... У асноўным сыходзяцца на тым, што Парашэнка, прыйшоўшы да ўлады, мусіў адразу весьці актыўныя мірныя перамовы. А цяпер ужо позна мірыць Данбас — так там усё далёка зайшло.

Яшчэ больш заблытана ўсё з Крымам. Як яго магчыма вярнуць Украіне, калі само мясцовае насельніцтва было за далучэньне да Расеі?

Яшчэ больш заблытана ўсё з Крымам. Як яго магчыма вярнуць Украіне, калі само мясцовае насельніцтва было за далучэньне да Расеі? Мне пра гэта распавядала адна знаёмая зь Ляхаўцаў Маларыцкага раёну, якая жыве ў Сімфэропалі (прыяжджала ў родную вёску ў госьці). Дык казала, што мясцовыя жыхары, калі даведаліся, што будзе рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі, зь вечара займалі чаргу ля ўчасткаў, каб прагаласаваць. Чэргі стаялі — як у Савецкім Саюзе ў крамах па італьянскія боты... Татары там спачатку былі супраць, але пасьля таго як ім пэнсіі ў тры разы паднялі — таксама задумаліся. Многія падтрымалі далучэньне.

Украіна страціла Крым, страціць, відаць, і Данбас. Грошы туды не пералічвае, пэнсіі ды заробкі мясцовым мэдыкам і настаўнікам адмаўляецца плаціць... У нас у раёне ўцекачоў з тых краёў ужо каля ста сем’яў. І гэта яшчэ не мяжа...»​.

І на эўрапейскім кантынэнце, і ўвогуле ў сьвеце вельмі шмат рэгіёнаў, жыхары якіх ахвотна выказаліся б за далучэньне да іншых краінаў — больш заможных, больш магутных, этнічна больш блізкіх... Румынскія вугорцы, што жывуць у Трансыльваніі, відавочна, ахвотна далучыліся б да Вугоршчыны; немцы з італьянскага Тыроля — да Аўстрыі; расейскія карэлы — да Фінляндыі; галяндцы з бэльгійскай Фляндрыі — да Нідэрляндаў. У 20-м стагодзьдзі чалавецтва двойчы ў выніку дзьвюх жахлівых сусьветных войнаў пераканалася ў тым, якой цаной адбываецца перадзел дзяржаўных межаў у сучасным сьвеце. Абыходзіцца такі перадзел у многія тысячы (а то і мільёны) чалавечых жыцьцяў, татальнае разбурэньне гаспадаркі, расьцягнуты на дзесяцігодзьдзі эканамічны і сацыяльны заняпад. Яшчэ раз паўтараць гэтыя горкія ўрокі гісторыі краіны Захаду ня хочуць — таму так цьвёрда і жорстка адрэагавалі на спробу Расеі ігнараваць міжнародны парадак і адвольна пераглядаць паваенныя межы. Расея працягвае ўтрымліваць Крым, але цана гэтай здабычы аказалася такой вялізнай, што, зусім магчыма, рана ці позна Расея сама адмовіцца ад анэксаваных тэрыторыяў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG