Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінка, у кватэру да якой у Менску памылкова ўварваліся міліцыянты: «Цяпер я ведаю цану чыстых вуліц»


У кватэру ў Менску на праспэкце Пераможцаў, якую наймае ўкраінская сямʼя, уварваліся міліцыянты. Потым выявілася, што памылкова. Пра гэта распавяла ў фэйсбуку Натальля Кукаба (Домнікава).

«У 10:29 званок у дзьверы, я бачу на экране дамафона твар незнаёмага мужчыны і грубы пастаўлены голас. Гэта міліцыя.

Я кажу ў слухаўку, што адчыняць ня буду, бо дома адна і чую, што ён не адзін, таму пакажыце ў камэру дакумэнты, я патэлефаную ў міліцыю і ўдакладню, ці вы гэта.

Я не пасьпела дагаварыць, як некалькі ног выбівалі тоўстыя браніраваныя дзьверы.

Суседзі пусьцілі іх у тамбур, дом гранічна элітны, яны вельмі хваляваліся, калі хтосьці не зачыняў тамбур, відэаназіраньне, кватэры па 300–400 тысяч даляраў, насупраць палац прэзыдэнта.

Я папрасіла іх агучыць прычыны такіх паводзінаў, але міліцыя працягвала. Я ўжо праз дрыжачыя губы прасіла іх удакладніць, у чым прычына, я грамадзянка іншай дзяржавы і ня ў курсе, што ўсё яшчэ можна так выбіваць дзьверы, не агучваючы прычыны.

Суседзі пачалі крычаць — гэта і праўда міліцыя, і я прыняла ўвесь гэты сюр, дзьверы б усё роўна выбілі. Мяне выштурхнулі і зайшлі».

Пакуль трое міліцыянтаў выбівалі дзьверы, Натальля пасьпела патэлефанаваць мужу. Потым няпрошаныя госьці адабралі ў гаспадыні тэлефон, селі за стол на 9 пэрсон у гасьцёўні пісаць нейкія паперы.

Далей Натальля распавяла:

«Я была ў футболцы са Стʼюі Грыфінам і шкарпэтачках, не сунімалася і патрабавала агучыць прычыны, казала пра свае грамадзянскія правы, патрабавала паказаць дакумэнты не з адлегласьці ў мэтар, я дрэнна бачу. Я пыталася ў суседзяў, як яны могуць маўчаць, калі гэта абсалютна супрацьзаконнае ўварваньне ў мой дом, заўтра з вамі будзе тое ж самае. Вы панятыя чаго? Ідзіце выклічце міліцыю, як, як вы можаце дапускаць такое, гэта ж ваша краіна.

Яны пачалі нешта пісаць, папрасілі адзецца, я адмовілася, таму што не давяраю ім і суседзям таксама, не пакіну іх адных».

Патэлефанаваць у міліцыю Натальлі не далі. Жанчына патрабавала, каб міліцыянты нічога не рабілі, пакуль не прыедзе Жэня (муж), юрыст, прадстаўнік кансуляту, гаспадар кватэры.

«Адзін нагадаў пра кайданкі, другі ўсьміхнуўся, уявіўшы, як я іх буду ўтрымліваць, трэці, які афармляў ператрус, сказаў — стоп, які Жэня? Хто тут жыве?

Далей яны зрабілі ласку паказаць раздрукаванае фота злачынцы, я ня ведаю, хто гэта.

Гэта аказалася памылкай, за хвіліну да СІЗА і пераварочваньня кватэры, яны нават не папрасілі дакумэнты.

Прыехаў Яўген і з каменным тварам пагутарыў зь імі, я нарэшце змагла расплакацца», — піша Натальля.

Міліцыянты паглядзелі нарэшце пашпарты Яўгена і Натальлі, дамову арэнды. Тады міліцыянты папрасілі прабачэньня і выйшлі з кватэры.

«Цяпер мне ня так саркастычна ад навін пра арышт лекара, а потым выявілася — не таго лекара.

Цяпер я ведаю цану чыстых вуліц і дзяржавы міліцыянтаў. І больш за тое, цяпер мяне ня так раніць унутраная авечка, якая жыве ў кожным беларусу, які калі не абыякавы ці „як бы чаго ня выйшла“, то пачне паддобрывацца, замест таго каб уламіць.

Бо нават я выглядала недарэчна са сваім веданьнем кодэксаў, правоў...»

Натальля сказала карэспандэнту Свабоды, што зьбіраецца абскардзіць уварваньне міліцыі ў кватэру.

«Страшна было ад таго, што не адказвалі на маё пытаньне (а я прасіла назваць прычыну, справу, артыкул, абвінавачанага), суседзі маўчалі, я наагул не магла ўявіць, за што мяне маглі б арыштаваць», — сказала Натальля.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG