Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«100% хлусьня»: журналіст Дабравольскі атрымаў поўны тэкст адмовы Сьледчага камітэту


Павал Дабравольскі

Павал Дабравольскі

Павал Дабравольскі абураны «абгрунтаванымі абгрунтаваньнямі» Сьледчага камітэту, які адмовіўся заводзіць крымінальную справу па факце ягонага зьбіцьця.

Характар цялесных пашкоджаньняў, сьляды крыві на адзеньні і пашкоджаньні адзеньня, колькасьць траўматычных узьдзеяньняў «аб’ектыўна ўпісваюцца ў карціну стрыманьня супрацьпраўных дзеяньняў».

Журналіст Tut.by Павал Дабравольскі распавёў на Facebook, што нарэшце змог азнаёміцца з паведамленьнем Сьледчага камітэту аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў АМАП, якія зьбілі 25 студзеня яго і актывістаў Шыціка і Сяргея ў судзе (за што зьбітыя пазьней былі аштрафаваныя).

«Вылучанае — поўная стоадсоткавая хлусьня без адценьняў», — піша Дабравольскі пра пазнакі маркерам у тэксьце і дадае, што, на яго думку, МУС, суд і Сьледчы камітэт «прагнілі і ўжо пачынаюць патыхаць».

У тэксьце Сьледчага камітэту Дабравольскі пазначыў наступнае, з чым нязгодны. У словах супрацоўніка АМАП А.А. Шышко:

— Павал Сяргей у калідоры пачаў нецэнзурна лаяцца на супрацоўнікаў міліцыі, вырывацца, прысаджвацца на падлогу, калі Шышко і іншы міліцыянт, С.І. Кавальчук, выводзілі яго ў пакой для разьбіральніцтва.

— У нейкі момант да міліцыянтаў, якія выводзілі Сяргея і Шыціка з залі суду, з-за сьпіны падбег Дабравольскі, схапіў аднаго зь міліцыянтаў, Кавальчука, за куртку, нецэнзурна лаючыся, выкрыкваў пра «мянтоўскае бясчынства».

— У Дабравольскага адсутнічаў бэйдж СМІ.

— Іншы супрацоўнік міліцыі, П.В. Пунчык, адводзіў Дабравольскага ад міліцыянта, якога той схапіў, ды Дабравольскі супраціўляўся. У нейкі момант журналіст не ўтрымаўся на нагах, упаў на падлогу ў пакой для разьбіральніцтваў (да таго дзеяньне адбывалася ў калідоры).

— У пакоі Дабравольскі паспрабаваў падняцца, размахваючы рукамі.

— Дабравольскага, каб супакоіць, прыціснулі да падлогі, а лежачы на падлозе ён казаў, што ў супрацоўнікаў будуць непрыемнасьці па службе, што ён напіша артыкул у СМІ, які «наробіць шмат шуму».

— Празь некалькі хвілін Дабравольскі супакоіўся, яго паднялі на ногі, прыціснулі тварам да шафы, побач паставілі Сяргея, насупраць сьпінай — Шыціка.

— Затрыманых ніхто не зьбіваў і не прыніжаў, на стан здароўя яны ня скардзіліся. На падбародзьдзі Дабравольскага мелася невялікае пашкоджаньне, якое магло ўтварыцца, калі ён ляжаў на падлозе і супраціўляўся фіксацыі. Пашкоджаньняў на адкрытых участках цела Шыціка і Сяргея міліцыянт ня бачыў.

У словах міліцыянта С.І. Кавальчука:

— Міліцыянт Кавальчук даведаўся ад Шышко, што за адзеньне яго хапаў Дабравольскі.

— Дабравольскі і Сяргей вырываліся і тады, калі іх паставілі да шафы, міліцыянт Кавальчук спатыкнуўся і ўпаў разам зь Сяргеем на калені, потым падняў Сяргея на ногі і паставіў да шафы. Пры гэтым міліцыянт чуў, як Дабравольскі крычаў і абражаў супрацоўнікаў міліцыі, бачыў, што міліцыянты Шышко і Пунчык фіксавалі на падлозе Дабравольскага.

— Затрыманых ніхто не зьбіваў і не прыніжаў. Пашкоджаньняў на адкрытых участках цела Шыціка і Сяргея міліцыянт ня бачыў.

У словах міліцыянта П.В. Пунчыка:

— Да таго, яшчэ ў калідоры, Дабравольскі дагнаў міліцыянта Кавальчука, які суправаджаў затрыманых, пачаў хапаць яго за адзеньне і цягнуць на сябе, спрабуючы адцягнуць ад затрыманага, пры гэтым выкрыкваў абразы, на заўвагі не рэагаваў. Міліцыянт Пунчык паспрабаваў прыпыніць дзеяньні Дабравольскага і прыціснуць яго да сьцяны калідора, але Дабравольскі ўпаў з калідора ў пакой для затрыманых.

— Пунчык фіксаваў Дабравольскага на падлозе з дапамогай некага зь людзей у пакоі, Дабравольскі не хацеў супакойвацца, рабіў актыўныя дзеяньні рукамі і нагамі. Калі Дабравольскі перастаў супраціўляцца, яму далі магчымасьць падняцца (вышэй пісалася, яго паднялі).

— Дабравольскі паведаміў, што распаўсюдзіць у інтэрнэце інфармацыю, якая зьняславіць супрацоўнікаў міліцыі. Да таго Дабравольскі не казаў пра прыналежнасьць да прэсы і не прад’яўляў пасьведчаньня.

— Пунчык дапускае, што мог нанесьці Дабравольскаму нязначныя цялесныя пашкоджаньні, калі спрабаваў прыціснуць таго да сьцяны ў калідоры і фіксаваў таго на падлозе. Удараў Дабравольскаму ніхто не наносіў, болевых прыёмаў не ўжываў.

— Што адбывалася з Шыцікам і Сяргеем, міліцыянт Пунчык ня бачыў.

У словах супрацоўніка АМАП Гарашко:

— Дабравольскі казаў усім міліцыянтам, прысутным у пакоі для затрыманых, што ў іх будуць праблемы.

— Гарашко чуў, як Шыцік сказаў, што ў яго на твары кроў, якая капала на падлогу. Сяргей перадаў Шыціку свой шалік, які Шыцік прыклаў да раны (вышэй не гаварылася пра бачныя цялесныя пашкоджаньні). Пра абставіны атрыманьня цялеснага пашкоджаньня Шыцік не казаў.

У словах міліцыянта Шуміліна:

— У пакоі для затрыманых затрыманыя паводзілі сябе агрэсіўна, нецэнзурна лаяліся на адрас міліцыянтаў.

— Ніхто з супрацоўнікаў міліцыі затрыманых не зьбіваў, а толькі прытрымліваў.

— Калі Шумілін выйшаў з пакою і ўвайшоў туды празь некалькі хвілінаў, затрыманыя стаялі ўздоўж сьценаў сьпінай да яго, таму ён ня можа сказаць, ці былі ў іх цялесныя пашкоджаньні.

У словах намесьніка начальніка ГУУС Кубракова:

— Па прыбыцьці ў залю суду Кубракоў прайшоў у пакой для затрыманых. На гэты момант затрыманых выводзілі з пакою, там знаходзіліся два з трох. Ён пацікавіўся ў Дабравольскага і Сяргея, ці ёсьць у іх скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, тыя адказалі адмоўна, не выказвалі прэтэнзіяў і не зьвярталіся па мэдыцынскую дапамогу.

У зьвестках УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёну і АМАП:

— Да Дабравольскага, Шыціка і Сяргея ужывалася фізычная сіла — захоп рук, загін абедзьвюх рук за сьпіну і наступнае ўтрыманьне.

У заключэньні:

— Выяўлена, што ў дзень дасьледаваных падзеяў Дабравольскі ніяк не пазначыў сваю прыналежнасьць да СМІ, ня меў пры сабе службовага пасьведчаньня (Дабравольскі не падкрэсьлівае слова «дзейнага» і наступныя пра тое, што пасьведчаньне было да канца 2015 году і не было дзейным на 25 студзеня 2016-га).

— Дабравольскі не праходзіў працэдуру рэгістрацыі ў якасьці журналіста ў судзе.

— Дабравольскі, калі спрабаваў зьняць на камэру тэлефона затрыманьне Шыціка і Сяргея, актыўна перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі, чым даў нагоду і «абгрунтаваныя абгрунтаваньні» супрацоўнікам органаў унутраных спраў успрымаць яго як правапарушальніка і дзейнічаць адпаведным чынам.

— Празь неправамерныя паводзіны Дабравольскага ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў адсутнічае суб’ектыўны і аб’ектыўны бок успрыманьня ў будзь-якой форме законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста.

— Характар цялесных пашкоджаньняў у Шыціка, Сяргея і Дабравольскага, сьлядоў крыві на іх адзеньні і пашкоджаньняў на адзеньні Дабравольскага, а таксама колькасьць траўматычных узьдзеяньняў аб’ектыўна ўпісваюцца ў карціну спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў.

XS
SM
MD
LG