Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне бралі, як Пабла Эскабара» — мянчук скардзіцца на міліцыянтаў, якія з-за майкі батальёну «Данбас» уварваліся ў ягоную кватэру


Сваю гісторыю супрацоўнік менскага банку Андрэй Рабцаў зьмясьціў у Фэйсбуку і зьбіраецца дабіцца яшчэ большага розгаласу, у тым ліку праз заявы ў міліцыю і пракуратуру.

Андрэй ужо зьняў пабоі на целе і сустрэўся зь міліцыянтам, які два дні таму кіраваў уварваньнем спэцназу ў ягоную кватэру.

«Пагражаў, што здасьць мяне КДБ, але я не спынюся, бо ні ў чым не вінаваты», — кажа Андрэй Рабцаў.

Андрэй Рабцаў, фота з сацсетак

Андрэй Рабцаў, фота з сацсетак

Вось што малады чалавек паведаміў пра інцыдэнт, які адбыўся 12 ліпеня.

«Якраз быў поўдзень але я ляжаў яшчэ ў ложку, адпачываў, бо напярэдадні ўвечары прыехалі з Украіны, са Львову, адпачывалі там з жонкай. Раптам званок у дзьверы. Пакуль падняўся, першай падышла мая маці і з кімсьці ўжо пачала размаўляць празь дзьверы тамбура. Я надзяю майку і ня гледзячы ў вочка адкрываю дзьверы. А чаго мне было баяцца? Я ж нічога не парушаў, акрамя штрафаў ДАІ ніякіх праблем з законам. І тут са словамі „Працуем!“, „Усім легчы!“ у кватэру ўрываюцца чацьвёра ў чорнай вопратцы і ў масках, з маленькімі шчытамі, з аўтаматамі. Клясычнае „маскі-шоў“. Нібыта мафіёзі Пабла Эскабара прыйшлі арыштоўваць. Кінулі на падлогу, скруцілі, некалькі разоў ударылі ботамі па сьпіне і руках. Не прадставіліся, нічога не тлумачылі, санкцыі на ўрываньне не паказвалі. Потым паднялі, убачылі на мне майку „Батальён Данбас“ і пачаліся допыты. Вёў допыты пяты, у цывільным, нейкі Лапцеў зь Ленінскага РУУС, як я потым даведаўся. Малады, дзёрзкі. Пачаў казаць на мяне, што я нібыта ваяваў і буду мець справы з КДБ. Я гэта зьняпраўджваў, тады пачалі хадзіць па кватэры, нібы ператрус рабіць. Убачылі ў кватэры чорна-чырвоны сьцяг УПА і зноў пачалося: вайна, КДБ, пыталіся пра нейкага Сяргея, які ў мяне ніколі не пражываў. Скончылася ўсё тым, што ўсё ж сышлі, сказаўшы „да пабачэньня“, але гэтак нічога і не патлумачылі. Таму я гэта так не пакіну, бо лічу такое ўварваньне цалкам незаконным. Атрымліваецца, могуць без аніякіх падстаў, без дазволу пракуратуры ўварвацца, зьбіць, і для іх не будзе ніякіх наступстваў?» — абураецца Андрэй Рабцаў.

У той жа дзень Андрэй напісаў заяву ў Ленінскі РУУС з просьбай знайсьці тых міліцыянтаў, які ўварваліся ў ягоную кватэру і, як ён кажа, зьбілі яго. Андрэў Рабцаў ужо зьняў у лякарні атрыманыя цялесныя пашкоджаньні — тры вялікія сінцы на сьпіне і сьляды на руцэ ад спробаў надзець на яго кайданкі. У Ленінскім РУУС пацярпелы сустрэўся зь міліцыянтам, які кіраваў дзеяньнямі «маскі-шоў». Паводле Андрэя, замест выбачэньняў той папярэджваў яго, што калі будзе варушыць гэтую гісторыю, ім зоймецца КДБ.

Што стала прычынай уварваньня супрацоўнікаў міліцыі ў кватэру Андрэя Рабцава? У Ленінскім РУУС інцыдэнт не камэнтуюць.

«Званіце прэсаваму сакратару гарадзкой міліцыі», — сказаў начальнік Ленінскага РУУС Максім Сьвірыд карэспандэнту «Радыё Свабода».

Атрымаць тлумачэньне ад прэсавага сакратара Менскай гарадзкой міліцыі пакуль не ўдалося.

Мы з жонкай ехалі з Украіны аўтобусам. Я быў у гэтай жа майцы з сымболікай «Батальёну Данбас». Відаць, памежнікі яе пабачылі і паведамілі, куды трэба. Ну, а тут неадкладна пачаліся «прафіляктычныя дзеяньні.

Андрэй Рабцаў на гэты конт мае адну вэрсію — што міліцыя дзейнічала па наводцы памежнікаў. «Мы з жонкай ехалі з Украіны аўтобусам. Я быў у гэтай жа майцы з сымболікай «Батальёну Данбас». Відаць, памежнікі яе пабачылі і паведамілі, куды трэба. Ну, а тут неадкладна пачаліся «прафіляктычныя дзеяньні», — мяркуе Андрэй Рабцаў.

Адносна «Батальёну Данбас» мянчук кажа, што насамрэч ня мае на яго ніякага дачыненьня, як і да іншых добраахвотніцкіх фармаваньня ва Ўкраіне, а майка — толькі сувэнір са Львова, як і сьцяг УПА. «Што ж да ўласных меркаваньняў, дык я на баку тых, хто выступае за адзіную Ўкраіну, супроць сэпаратызму і ад гэтых поглядаў не адмаўляюся», — прызнаецца Андрэй Рабцаў.

Паводле Андрэя, ўчора ў інтэрнэце ён ужо атрымаў зьняважлівыя і пагрозьлівыя допісы ў свой бок.

У якіх выпадках міліцыя мае права ўварвацца ў ваш дом і ці ня быў парушаны закон у выпадку ўварваньня ў кватэру менчука Андрэя Рабцава?

Паводле старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Алега Гулака супрацоўнікі міліцыі сапраўды маюць права пранікнуць ў кватэру грамадзяніна без санкцыі пракурора, але толькі калі ідзе перасьлед злачынцаў, а таксама ў выпадках, зьвязаных з тэрарыстычнай пагрозай. Але і гэтыя дзеяньні абмежаваныя пэўнымі патрабаваньнямі, за якія нельга пераходзіць, мяркуе праваабаронца.

Алег Гулак

Алег Гулак

«Па факце такога ўварваньня ў любым выпадку трэба скласьці дакумэнт, у якім у тым ліку мусіць быць патлумачана прычына ўварваньня. Проста сысьці, сказаўшы „да пабачэньня“, нельга. Гэта ўжо парушэньне закону. Па-другое, падчас дзеяньняў трэба выконваць нормы, зьвязаныя з абыходжаньнем з грамадзянамі. Калі чалавеку нанесеныя цялесныя пашкоджаньні, гэта таксама падлягае праверцы і рэагаваньню, бо законам такое дапускаецца толькі ў пэўных выпадках. Таму, калі чалавек лічыць, што адносна яго закон быў парушаны, ягоныя патрабаваньні разабрацца — цалкам законныя», — сказаў старшыня БХК Алег Гулак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG