Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошты на бэнзін абяцаюць не павышаць, а вось цыгарэты зноў падаражэюць


Надпіс у пераходзе менскага мэтро. Фота ©Shutterstock

Надпіс у пераходзе менскага мэтро. Фота ©Shutterstock

У Беларусі зацьверджаны новыя стаўкі акцызаў на тытунёвыя вырабы і паліва. Празь пяць дзён акцызы на аўтамабільны бэнзін і дызпаліва вырастуць на 50%. Але канцэрн «Белнафтахім» не разглядае павышэньня розьнічных коштаў на маторнае паліва, нягледзячы на рост акцызаў. Экспэрты лічаць, што цыгарэты істотна падаражэюць. А вось акцызаў на алькаголь гэтым разам вырашылі не чапаць.

Эканаміст Сяргей Чалы распавёў, што на нядаўнім паседжаньні ўраду была агучана адна з прапановаў па пошуку дадатковых паступленьняў у бюджэт — гэта павышэньне акцызаў на паліва без павышэньня розьнічных цэнаў:

«Вось гэта яны і выконваюць. Калі сёньня цэны на паліва не павышаюцца, а акцызы павялічваюцца — гэта за кошт зьмяншэньня прыбытку Белнафтахіму будзе рабіцца».

«Белнафтахім не разглядае павышэньня розьнічных цэнаў на маторнае паліва»

Цяпер доля акцызаў у цане аўтамабільнага паліва складае да 21%, і павышэньне на 50% акцызаў на бэнзін і дызэльнае паліва адчувальнае для нафтаперапрацоўчых заводаў, паведаміла прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Марына Касьцючэнка:

«У той жа час, прытрымліваючыся ўзважанай і сацыяльна адказнай цэнавай палітыкі, у дадзенай сытуацыі з улікам усіх фактараў канцэрн не разглядае павышэньня розьнічных цэнаў на маторнае паліва».

«Бэнзін — не раскоша, спаганяць зь яго акцызы ня варта»

Эканаміст Леанід Заіка адзначае, што ў цэнах на бэнзін і нафтапрадукты звыш 50% складаюць падаткі, уключна з акцызамі. Але, на думку спадара Заікі, акцыз наагул не павінен спаганяцца з бэнзіну:

«Бэнзін — гэта не тавар раскошы, аўтамабіль — гэта сродак перасоўваньня, спаганяць з гэтага акцызы ня варта. Я разумею яшчэ, калі з дыямэнтаў спаганяюць акцызы ці з гарэлкі. А што да бэнзіну — гэта „гарэзаваньні“ намэнклятуры. Улада любіць грошы і шукае, як іх хутка атрымаць.

А тут шлянг уставіў, бак заправіў — і траціна цаны ідзе на прыемнасьці. Праўда, яны кажуць, што ў бюджэт.

А што да коштаў на бэнзін, якія абяцаюць не павышаць — тут справа ў тым, што цана на нафту ўвесь час мяняецца. Таму нават калі акцызы павысяць, цана на бэнзін можа мала зьмяніцца. Гэта чыста тэхнічныя дэталі».

«Хто курыў, той і будзе курыць, колькі б ні каштаваў пачак цыгарэт»

Акцызы на тытунь вырасьлі ў першым паўгодзьдзі на 50% у параўнаньні з раней усталяванымі, на цыгарэты самай таннай цэнавай групы — на 13%, самай дарагой — на 37%. Гэты пры тым, што доля акцызу ў сабекошце цыгарэт ужо дасягае 54%. Так што цыгарэты, у адрозьненьне ад бэнзіну, пэўна падаражэюць, а вось павышаць цэны на алькаголь няма сэнсу, мяркуе эканаміст Сяргей Чалы:

«Што да алькаголю, па выніках мінулага году адзначаецца падзеньне збыту амаль на 30% па асобных пазыцыях. З гэтага ўжо зрабілі высновы, што, маўляў, Дырэктыва № 1 дасягнула сваёй мэты. Таму цяпер беларускі алькаголь у шырокім асартымэнце павінен быць у кожнай краме, кавярні і забягалаўцы, і яго кругласутачна прадаваць можна. Акцызы павышалі да таго, што адбылося сур’ёзнае зьніжэньне спажываньня. Так што вырашылі не чапаць акцызы на алькаголь. А па тытуні, відаць, вырашылі, што тавары замяніць складана, хто курыў, той і будзе працягваць курыць, колькі б ні каштаваў гэты пачак».

«Павышаць кошты на алькаголь сэнсу няма»

На думку эканаміста Леаніда Заікі, цана на пляшку гарэлкі ўжо дасягнула крытычнай псыхалягічнай велічыні. У сярэднім пляшка гарэлкі каштуе 3 даляры пры сярэднім заробку па краіне 320 даляраў, кажа спадар Заіка:

«Павышаць кошты на алькаголь сэнсу няма. Спажываньне так званых „цяжкіх“, моцных алькагольных напояў летась скарацілася, культура спажываньня расьце. Моладзь гэтую ня вельмі якасную гарэлку ня п’е. Я неяк цікавіўся ў асноўных спажыўцоў — бамжоў, грузчыкаў, рабацяг — ці сапраўды танныя ў нас гарэлка і „чарніла“. Дык усе яны кажуць, што гарэлка, „чарніла“ і так дарагія».

XS
SM
MD
LG