Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт ураду: беларусы зьбяднелі на тры чаркі і тры скваркі. І гэта далёка не мяжа

абноўлена

Экспэрты дасьледчага цэнтру BIPART і праекту «Кошт ураду» прэзэнтавалі чарговы індэкс «ЧаркаСкварка». Гэты паказьнік складаецца з цаны 100 грамаў сьвініны і 100 грамаў гарэлкі і штоквартальна разьлічваецца на падставе дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Індэкс дапамагае вызначыць, наколькі абясцэнілася нацыянальная валюта, а таксама супаставіць даходы і выдаткі беларусаў з аналягічнымі паказчыкамі ў бліжэйшых суседзяў.

Як вынікае з аналізу, цягам 2015 году чарка і скварка ўпэўнена набліжаліся да народу — індэкс «ЧаркіСкваркі» (ЧС) таньнеў да трэцяга кварталу ўключна. Аднак ужо па выніках чацьвёртага кварталу прадуктовы набор падаражэў, дасягнуўшы кошту 21 795 рублёў. Рост у параўнаньні з папярэднім кварталам склаў 347 рублёў, або 1,6%.

Дынаміка кошту ЧС у 2015 годзе
Дынаміка кошту ЧС у 2015 годзе

Такім чынам, пакупніцкая здольнасьць заробкаў беларусаў скарацілася: цяпер сярэднестатыстычны жыхар можа дазволіць сабе 321 ЧС на месяц, што эквівалентна 32,1 кіляграма сьвініны і 32,1 літра гарэлкі. Пры гэтым каля 4 кіляграмаў умоўнай скваркі і 4 літраў такога ж умоўнага моцнага алькаголю давядзецца аддаць у бюджэт у якасьці падаходнага падатку. А яшчэ 320 грамаў сьвініны і гарэлкі забяруць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў кошт будучай пэнсіі.

У бальшыні суседзяў справы з «чарка-скваркамі» нашмат лепшыя. Так, у Літве на сярэдні заробак можна купіць 504 ЧС на месяц, у Латвіі — 511, у Польшчы — 654. Нават расейцы, чыя эканоміка перажывае ня лепшыя часы, могуць сабе дазволіць 396 ЧС штомесяц, а гэта на 75 чарак і скварак перавышае паказьнік беларусаў. Горшыя справы толькі ва Ўкраіне — 287 ЧС. Але немалаважны факт — там, па сутнасьці, ідзе вайна.

Пакупніцкая здольнасьць заробкаў у ЧС у розных краінах (4 квартал 2015 году)
Пакупніцкая здольнасьць заробкаў у ЧС у розных краінах (4 квартал 2015 году)

Беларус, нагадаем, можа дазволіць сабе 321 ЧС. У параўнаньні з папярэднім кварталам страчаныя 3 «чарка-скваркі» (у трэцім квартале 2015-га на сярэднюю зарплату можна было набыць 324 «джэнтльмэнскія наборы»).

Але, як удакладняюць экспэрты цэнтру BIPART і праекту «Кошт ураду», на самой справе вынік мог быць яшчэ больш правальны, каб ня рост сярэдняй зарплаты ў сьнежні на 675 тысяч рублёў. Гэта быў рэкордны скачок, найвышэйшы за ўвесь мінулы год. Але музыка нядоўга грала — ужо сёлета ў студзені ўсё стала на свае месцы, заробкі зьнізіліся на 872 тысячы. Цяпер сярэднестатыстычны беларус зарабляе прыкладна столькі ж, колькі ў красавіку 2015-га.

Дынаміка пакупніцкай здольнасьці заробкаў беларусаў у ЧС і БС, 2015 год
Дынаміка пакупніцкай здольнасьці заробкаў беларусаў у ЧС і БС, 2015 год

Тым ня меней, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы, беларусы з пункту гледжаньня індэксу ЧС цягам мінулага году практычна не зьбяднелі.

Як падкрэсьліваюць дасьледчыкі, адказ на пытаньне даволі просты: апошнім часам гарэлка практычна не даражэла, а сьвініна — наадварот, нават таньнела. І калі прымяніць мэтодыку разьліку ЧС да іншага прадуктовага набору, карцінка выйдзе не такая прывабная.

У якасьці нагляднай ілюстрацыі прапануецца ўзяць прыклад, прапанаваны кіраўніком дзяржавы. Нейкі час таму Аляксандар Лукашэнка заклікаў беларусаў ня есьці нанач бульбу зь мясам, параіўшы ўжываць яе... зь селядцом.

Дык вось, калі скласьці з 300 грамаў бульбы і 200 грамаў селядца ўмоўны індэкс «Бульба Селядзец» (БС), то акажацца, што бульбачка зь селядцом, адрозна ад чаркі са скваркай, за год істотна падаражэлі. На пачатку 2015 году адзін БС каштаваў 9990 рублёў, а да сьнежня яго кошт вырас да 11490 рублёў. Нават сьнежаньскі скачок заробкаў не ўратаваў сытуацыі — пакупніцкая здольнасьць заробкаў у БС за год практычна не зьмянілася. Так што здаровае харчаваньне — якім яго бачыць Лукашэнка — больш даступным для народу ня стала.

Дынаміка пакупніцкай здольнасьці заробкаў беларусаў у ЧС і БС, 2015 год
Дынаміка пакупніцкай здольнасьці заробкаў беларусаў у ЧС і БС, 2015 год

Які «чарка-скварачны» прагноз на бягучы, 2016-ы год? Відавочна, што росту заробкаў чакаць наўрад ці выпадае — экспэрты салідарныя, што ў гэтым годзе эканамічная сытуацыя будзе яшчэ больш складаная, чым у мінулым. Рэзкае зьніжэньне заробкаў у студзені і абвальная дэвальвацыя рубля гэта толькі пацьвярджаюць.

Але што тычыцца коштаў, то застаецца шанец на больш-менш пазытыўную дынаміку. Інфляцыі ніхто не адмяняў, але ня выключана, што Нацыянальнаму банку ўдасца стрымаць яе ў адносна прымальных рамках. Палітыка стрымліваньня грашовай масы дае свой плён — цэны растуць даволі павольна, а на тавары бязь імпартнага складніку часам нават зьніжаюцца. Аднак адбываецца гэта перадусім з той прычыны, што ў эканоміцы не становіцца больш грошай, іншымі словамі — за кошт абмежаванага росту заробкаў.

Ня маючы лішніх грошай, беларусы пачынаюць эканоміць на пакупках, што, у сваю чаргу, матывуе прадаўцоў зьніжаць цэны — іначай іхняга тавару ніхто ня купіць.

Як прадказваюць экспэрты, па выніках першага кварталу 2016 году, хутчэй за ўсё, будзе мець месца зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці заробкаў, выражаных у ЧС, у параўнаньні з чацьвёртым кварталам 2015-га.

Даведка BIPART і «Кошту ўраду»

Унікальны індэкс «Чарка Скварка» складаўся паводле мадэлі індэксу «Біг Мака», які вось ужо 30 гадоў разьлічвае часопіс The Economist. Тое дасьледаваньне грунтуецца на тэорыі парытэту пакупніцкай здольнасьці і адлюстроўвае рэальны курс абмену валют у розных краінах. І хоць Біг Мак прадаецца і ў Беларусі, аднак вызначаць пакупніцкую здольнасьць беларускіх заробкаў аналітыкі вырашылі з упляценьнем тутэйшага калярыту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG