Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нунцый Кляўдыё Гуджэроцьці: «У Беларусі я ўбачыў вялікую сымпатыю да Ўкраіны»


Кляўдыё Гуджэроцьці на апошняй службе ў Менску

Кляўдыё Гуджэроцьці на апошняй службе ў Менску

Апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроцьці, які нядаўна быў пераведзены зь Беларусі ва Ўкраіну, бачыць у гэтым пераемнасьць сваёй місіі. Пра гэта ён кажа ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню CREDO.

Вось некалькі фрагмэнтаў з гэтага інтэрвію, што тычацца Беларусі.

— Сваё знаходжаньне ў Беларусі вы пачалі з наведваньня хворых дзяцей у дзіцячай анкалёгіі і гематалёгіі, на знак павагі да пакут беларускага народу. Якія першыя крокі будуць ва Ўкраіне?

— Маё першае прызначэньне — гэта падтрымліваць канкрэтнымі жэстамі тых, хто пакутуе. Папа Францыск мне даў добра зразумець, што гэта яго першачарговая задача для мяне. Мне трэба шмат чаму навучыцца, шмат слухаючы і многіх. Быць зь людзьмі, якія пакутуюць, зразумець іх пакуты, падтрымаць, а дзе можна, і палегчыць.

— У адным зь інтэрвію вы казалі, што сваю місію ва Ўкраіне вы ўспрымаеце як працяг місіі ў Беларусі. Што гэта значыць?

— У Беларусі я ўбачыў вялікую сымпатыю і братэрства ў стаўленьні да Ўкраіны. Акрамя таго, гісторыя часта аб’ядноўвала гэтыя два народы і іх падобныя лёсы. Таксама і аднаўленьне жыцьця Касьцёлу сутыкнулася з падобнымі выклікамі. Менск стаў месцам, дзе праводзяць сустрэчы бакі, задзейнічаныя ў канфлікце. У гэтым сэнсе я бачу пэўную пасьлядоўнасьць маёй місіі.

— Мы ведаем, што вы вывучылі беларускую мову, хоць ведаеце расейскую (і ня толькі). Плянуеце вучыць украінскую мову?

— Мовы былі калісьці маёй прафэсіяй. Ва ўнівэрсытэце я вывучаў армянскую мову і літаратуру, і доўгі час займаўся духоўным багацьцем гэтага народа. Ня варта, аднак, перабольшваць майго веданьня расейскай мовы. Скажу так: магу паразумецца на гэтай мове, каб не памерці з голаду, але, відавочна, не магу разважаць пра філязофію або мастацтва. Я заўсёды любіў мовы народаў, дзе працаваў, таму што мова — гэта больш, чым проста кантакты і зносіны; гэта спосаб зразумець душу народа. Пастараюся зразумець украінскую мову, каб лепш і больш разумець і любіць народ. Але ня варта ад мяне чакаць шмат. У маім узросьце ўжо няма той разумовай гнуткасьці і памяці, як у маладым узросьце.

XS
SM
MD
LG