Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На разьвітаньне зь вернікамі амбасадар Ватыкану казаў пра свабоду і цытаваў Рыгора Барадуліна


У катэдральным касьцёле Менску адбылася ўрачыстая імша на разьвітаньне з амбасадарам Ватыкану Кляўдыё Гуджэроцьці. На распараджэньне папы рымскага Францішка ён пераведзены на служэньне апостальскім нунцыем ва Ўкраіну.

Разьвітацца з папскім пасланьнікам прыйшлі духоўныя герархі ўсяго касьцёлу ў Беларусі, прадстаўнікі грэка-каталіцкай, праваслаўнай цэркваў, шматлікія вернікі, а таксама людзі, удзячныя ня толькі за ягонае духоўнае служэньне, але і за дапамогу сьветара у сытуацыях грамадзка-палітычных.

Арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроцьці ўзначаліў урачыстую сьвятую Імшу і адправіў яе на беларускай мове. У разьвітальнай прамове ксёндз-дыплямат зьвярнуўся да біскупаў, сьвятароў і простых вернікаў са словамі падзякі за супольна пражытыя чатыры гады ў Беларусі і яшчэ раз падкрэсьліў сваю павагу, пашану і любоў да ўсяго беларускага народу. Значную частку прамовы герарх прысьвяціў значэньню свабоды ў жыцьці людзей:

«Я быў сьведкам вашага штодзённага пошуку свабоды ў вашых сэрцах. Бо сапраўдная свабода пачынаецца ў сэрцах. Свабода зьнешняя — гэта толькі праяўленьне і знак свабоды ўнутранай. Усе мы зьяўляемся слугамі па дарозе да свабоды. Перадусім свабоды ў адносінах да Бога, каб падзякаваць за тое, што ён нас стварыў. Гэта свабода Бога, які любіць свой народ і памірае за яго на крыжы. Гэта свабода ад ідалаў і свабода ад маніпуляцый незалежна ад таго, адкуль яны сыходзяць. Шукайце, маліцеся аб свабодзе для вашага народу», — зьвярнуўся герарх да сьветароў і вернікаў.

Выпраўляючыся ва Ўкраіну, арцыбіскуп заклікаў маліцца за братоў-украінцаў і за спакой у Беларусі, бо «вайна вельмі блізка ад Беларусі». Заклікаў таксама маліцца за тое, «каб далі магчымасьць захаваць спакой». Зьвяртаючыся да ўсіх людзей арцыпастыр працытаваў словы Рыгора Барадуліна, якія прысутныя прывіталі аплядысмэнтамі:

«Дзякую беларускаму народу. Дзякую лагоднаму беларускаму сэрцу. Дзякую, бо гісторыя пакутаў гэтага народу, як гісторыя жанчыны, якая стаіць пад крыжам у момант сьмерці Хрыста і яна даручаная Хрысту. Усяму гэтаму народу я хацеў бы паказаць прыгажосьць веры. Для гэтага выбраў некалькі радкоў Рыгора Барадуліна. У гэтых радках ёсьць усё:

«Нялёгкая праца
Нялёгкая доўгая праца
Страх у сабе зьнябыць,
Бога ня трэба баяцца —
Бога трэба любіць».

Кляўдыё Гуджэроцьці таксама падзякаваў беларускім краявідам: «лясам, палеткам і азёрам», якія дапамаглі зразумець беларускую душу. Апошнім ў шэрагу імпрэзаў разьвітаньня зь Беларусьсю для яго стане наведваньне санктуарыю ў Будславе, у нядзелю, 13 сьнежня, каб — як сказаў арцыбіскуп — у цішы памаліцца да Маці Божай Будслаўскай на знак падзякі за чатыры гады служэньня ў Беларусі:

«Толькі Бог ведае тыя цяжкія моманты якія мы перажывалі і пра якія ніхто і ніколі не даведаецца. Моманты, калі нашыя сэрцы дрыжэлі і крывавілі. Спатыкаючыся з хворымі, сіротамі і вязьнямі, я спатыкаўся з Хрыстом і Ягоным целам, якое пакутавала».

На завяршэньне ўрачыстасьці Кляўдыё Гуджэроцьці падзякавалі за служэньне дзеці, падарыўшы кветкі васількоў, вернікі, паабяцаўшы вечную малітву, а таксама сьвятары, падарыўшы на ўспамін беларускі лён і карціну з выяваю санктуарыя ў Будславе.

Кляўдыё Гуджэроцьці таксама паведаміў, што ўрачыстую імшу на сьвята Божага нараджэньня ён адправіць у рыма-каталіцкай парафіі ў Львове. Затым у Кіеве адправіць сьвяточную Імшу з украінскімі грэка-каталікамі. Таксама падчас калядных сьвяткаваньняў ён прыедзе ў Беларусь, каб падзяліцца аплаткам — скласьці сьвяточныя віншаваньні — вернікам у Магілёве і Горадні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG