Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кляўдыё Гуджэроцьці: «Усім я жадаю свабоды мараў і веры ў тое, што няма нічога немагчымага»


Кляўдыё Гуджэроці, архіўнае фота
Кляўдыё Гуджэроці, архіўнае фота

У архікатэдральным касьцёле імя Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Менску 12 сьнежня адбудзецца імша на разьвітаньне з апостальскім нунцыем у Беларусі, арцыбіскупам Кляўдыё Гуджэроцьці. Пасьля чатырох гадоў служэньня ў Беларусі распараджэньнем папы Рымскага Францішка Кляўдыё Гуджэроцьці пераведзены ва Ўкраіну.

Кляўдыё Гуджэроцьці асабіста сустракаўся з многімі беларускімі палітычнымі вязьнямі. Празь яго стараньні Папа Рымскі Францішак хадайнічаў пра іх вызваленьне.

З нагоды завяршэньня місіянэрскай дзейнасьці ў Беларусі Кляўдыё Гуджэроцьці адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— Што вы бачыце галоўным вынікам сваёй працы ў Беларусі? Вырашэньня якіх пытаньняў у дачыненьнях паміж афіцыйным Менскам і Ватыканам удалося дасягнуць? А якія яшчэ застаецца вырашыць?

— Я не прэтэндую на тое, што за гэты час былі дасягнутыя значныя вынікі, але магу вас запэўніць, што я прыкладаў усе магчымыя намаганьні для таго, каб даць адчуць тую павагу, якую каталіцкая Царква мае да беларускага народа. Я быў пасланы не для таго, каб здабыць нейкія прывілеі для каталікоў, але для таго, каб спрыяць агульнаму дабру ўсіх людзей, а ў тым ліку і каталікоў. Паміж Менскам і Ватыканам няма нявырашаных праблемаў. Сьвяты Пасад у сваёй працы імкнецца да таго, каб кожны народ, і беларускі таксама, мог сапраўды быць самім сабою. Калі гэта будзе дасягнута, таксама і каталікі, як і ўсе іншыя грамадзяне, змогуць працаваць больш спакойна, свабодна і рупліва. Важна ўзрастаць ва ўласнай сталасьці як народу.

— Каталіцкая Царква ў Беларусі паведаміла пра падрыхтоўку канкардату — дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Ватыканам. Як вядзецца праца над гэтым дакумэнтам? Па якіх пытаньнях мяркуецца супрацоўнічаць?

— Канкардат — гэта спроба акрэсьліць «статус» Царквы ў асяродзьдзі народа, да якога ён належыць, паколькі няма асобна верніка, а асобна грамадзяніна. Вернік — гэта грамадзянін, адзін з грамадзянаў. Мы паступова ідзем наперад, хоць і не заўсёды так хутка, як хацелася б, каб зразумець самім і даць зразумець іншым, што канкрэтна значыць прызнаньне свабоды верыць і вызнаваць веру, а таксама каб знайсьці справядлівую раўнавагу паміж дзяржаўнай уладай і свабодай вернікаў. Гэта нялёгкі шлях, які патрабуе шмат цярплівасьці, вывучэньня сытуацыі, інфармацыі і агульнага разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці.

Дыскусія пра сьмяротнае пакараньне ў Менску. Алесь Бяляцкі і Клаўдыё Гуджэроцьці
Дыскусія пра сьмяротнае пакараньне ў Менску. Алесь Бяляцкі і Клаўдыё Гуджэроцьці

— Як вядома, Аляксандар Лукашэнка запрашаў наведаць Беларусь папу Рымскага Францішка. Калі можа адбыцца такі візыт? Ці не плянуецца візыт у Ватыкан Аляксандра Лукашэнкі? Ці плянуецца бліжэйшым часам абмен візытамі іншых дзяржаўных асобаў?

— Так, сапраўды, прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка ня раз запрашаў папу наведаць Беларусь. І калі гэта пакуль не магло зьдзейсьніцца, дык толькі таму, што гэта не залежыць толькі ад волі папы. Папа ніколі не скіроўваецца ў нейкую краіну, каб унесьці туды падзел, бо ягоныя візыты пакліканыя аб’ядноўваць людзей. Таму візыт можа адбыцца толькі тады, калі складуцца адпаведныя ўмовы для гэтага. Чым больш паляпшаюцца адносіны з нашымі праваслаўнымі братамі, тым больш візытаў і сустрэчаў становяцца магчымымі і плённымі.

Кляўдыё Гуджэроцьці і Папа Рымскі Францішак, 2013 год
Кляўдыё Гуджэроцьці і Папа Рымскі Францішак, 2013 год

— Каталіцкая Царква абвясьціла пра стварэньне ў Беларусі вышэйшай навучальнай установы для духоўных і сьвецкіх асобаў. Ці прымаюць удзел у стварэньні гэтай установы адпаведныя структуры Ватыкану? На якой стадыі гэтая праца?

— Гэта так. Прычым мець каталіцкую навучальную ўстанову высокага ўзроўню жадае не толькі каталіцкая Царква. Таксама і прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка казаў пра гэта папу Бэнэдыкту XVI падчас свайго візыту ў Ватыкан. Мела месца доўгая працэдура, якая патрабавала шмат фармальнасьцяў, у выніку якой Акадэмія была афіцыйна зарэгістраваная. Цяпер трэба чакаць выдзяленьня пляцоўкі пад будаўніцтва, пасьля чаго мы пойдзем далей. Мы ўпэўненыя, што там, дзе ствараецца высокая культура, ствараюцца таксама перадумовы для ўзаемаразуменьня. Адукацыя не дапускае спрашчэньняў, агульных месцаў, якія ўзьнікаюць ад непісьменнасьці і неадукаванасьці, якія іх падтрымліваюць і адстойваюць. Там, дзе думаюць, жывуць лепш і могуць жыць разам.

— Вашы ўражаньні ад Царквы ў Беларусі: гісторыі, традыцыяў, архітэктуры, сьвятароў і вернікаў? Якія пытаньні яго жыцьця ўдалося вырашыць, а якія застаюцца нявырашанымі?

— Гісторыя каталіцкай Царквы ў Беларусі мае сваю ўласьцівую адметнасьць: яна не ўзялася аднекуль звонку, яна свая, уласная. Унёсак Царквы — частка самой беларускай зямлі, пачуцьцяў беларускага народа. Часам здараліся ўзаемныя непаразуменьні паміж каталікамі і праваслаўнымі (зрэшты, амаль заўсёды з палітычных прычынаў). Гэта адбывалася тады, калі людзі не маглі зразумець, што ўсе яны належаць да аднаго грамадзтва, нягледзячы на адрозьненьні. Я аддаю належнае таму ўнёску, які каталікі зрабілі і працягваюць рабіць у беларускую культуру, і вельмі гэтым ганаруся. Аднак да гонару прымешваецца таксама і горыч ад таго, што да гэтага часу не ўдаецца дасягнуць гармоніі паміж рознымі верамі і культурамі гэтай краіны і што хтосьці ўсё яшчэ лічыць, быццам толькі адна зь іх можа або павінна быць паноўнай. Такое стаўленьне ня мае нічога агульнага з тутэйшай гісторыяй і мала зьвязана з рэальнасьцю.

— Вы ня раз наведвалі Курапаты і Трасьцянец — месцы масавых забойстваў падчас сталінскіх рэпрэсіяў і нацысцкага генацыду. Ці магла б каталіцкая Царква дапамагчы пошуку імёнаў закатаваных, адкрыцьцю беларускага Катынскага сьпісу?

— Я адчуваю глыбокі боль ад таго, што Беларусь стала месцам, дзе расквітнела «культура зьнішчэньня». Знайшліся тыя, хто выкарыстаў памяркоўнасьць народа для таго, каб яго зьнішчаць. Яны выкарысталі талерантнасьць і гасьціннасьць народа, каб абрабаваць ягоны дом і забраць ягоную годнасьць, каб прымусіць яго змоўкнуць. Большасьць праблемаў беларусаў — наступства траўмы, якую прычыніў гвалт. Тое, што вы прапануеце, безумоўна патрэбна, і я ўпэўнены, што Царква зробіць усё магчымае, каб падтрымаць гэтую ініцыятыву. Памяць — гэта частка нас саміх, але нельга жыць толькі ёю, каб яна ня сталася вязьніцай. Ёсьць таксама і ўтопія, у якую ператвараецца надзея, якая выходзіць па-за межы магчымага. Але нашая хрысьціянская надзея грунтуецца на Божым абяцаньні: «Я дам вам новае неба і новую зямлю». І ўжо цяпер мы пакліканыя да таго, каб быць творцамі, якія супрацоўнічаюць у стварэньні канчатковага шэдэўру Бога.

Кляўдыё Гуджэроцьці ў Курапатах, 2012 год
Кляўдыё Гуджэроцьці ў Курапатах, 2012 год

— Зь якім настроем накіроўваецеся на працу ва Ўкраіне і як ацэньваеце ролю каталіцкай Царквы ва ўрэгуляваньні палітычнага канфлікту ва Ўкраіне?

— Украіну сёньня можна параўнаць зь целам, якое разрываецца на кавалкі. Першае заданьне хрысьціяніна ў гэтай сытуацыі — не судзіць, а лячыць раны. Менавіта для гэтага папа скіроўвае мяне ва Ўкраіну. Небясьпека тых жудасных падзеяў, якія там адбываюцца, сапраўды велізарная: гэта прыклад таго, што ў сучасным сьвеце можа прывесьці да канфлікту бязь межаў. У гэтых падзеях крыецца штосьці д’ябальскае: цынізм, жорсткасьць, разьлік на прыватную выгаду, аўтарытарызм, абыякавасьць да супольнага дабра, імкненьне зарабіць на сьмерці, мэханізмы дасягненьня ўлады паводле Макіявэлі, несумленныя змовы. У гэтым пекле вернікі пакліканыя быць пасланцамі міру, а гэта вельмі складаная задача, калі ты сам становісься ахвяраю або прыладаю насільля. Я лічу, што нам неабходна вярнуць чалавечнасьць і павагу, без чаго немагчымыя ані справядлівасьць, ані свабода. Таксама ва Украіне, як і ў Беларусі, я буду імкнуцца стаць мостам, каб усе змаглі прайсьці па ім насустрач адзін аднаму, сустрэцца зь іншым, адрозным, нічога ня плацячы за гэты праход.

— Якія ўражаньні і памяткі вы пакідаеце для сябе пра Беларусь: сувэніры, памяць пра людзей, уражаньні ад гісторыі ці культуры?

— Культура народа — гэта тое, чым ён ёсьць. Яе немагчыма навязаць ці зьнішчыць, хоць можна зрабіць нямала для таго, каб паспрыяць або перашкодзіць яе разьвіцьцю. Але такі падыход вынікае не з культуры, а з агульнага спосабу падтрыманьня адносінаў у грамадзтве. Я лічу беларускую культуру вельмі прыгожай зьявай, таму што яна ахоплівае вялікую колькасьць разнастайных праяваў: беларусы ўвабралі ў сябе — часам па добрай волі, часам пад прымусам — культурны вопыт надзвычай рознага паходжаньня. Сёньня ня варта займацца дыстыляцыяй беларускай культуры, каб зрабіць яе чыстым прадуктам, а варта прыняць яе разнастайнасьць, а часам нават і супярэчлівасьць, дзеля пошуку такога сынтэзу, які б адпавядаў самабытнасьці народа. Сёньня як ніколі раней культура ствараецца ня дзякуючы пурыстычнай самаізаляцыі, а дзякуючы сустрэчам.

Кляўдыё Гуджэроцьці
Кляўдыё Гуджэроцьці

— Што б вы пажадалі на разьвітаньне беларускім каталікам і народу Беларусі?

— Мне б вельмі хацелася, каб каталікі, з увагі на адмысловасьць сваёй веры, былі носьбітамі ўнівэрсальнай, усеагульнай адкрытасьці, каб былі такімі мужчынамі і жанчынамі, якія не сядзяць за зачыненымі дзьвярыма, а спрыяюць сустрэчам; каб яны па-сапраўднаму любілі сваю краіну, але пры гэтым каб пазьбягалі заразы нацыяналізму, з аднаго боку, і бязглуздай глябальнай інтэграцыі — з другога. Усім я жадаю свабоды мараў і веры ў тое, што няма нічога немагчымага, што адважнае і творчае, што імкненьне наперад мацнейшае за ўсялякі страх. Жадаю таксама адчуваньня радасьці ад магчымасьці даваць і прымаць любоў, не баючыся, што той, каго любіш, можа прычыніць табе боль менавіта ў той самы момант, калі ты сябе аддаеш яму і калі ты безабаронны. Дарагія мае беларусы, калі вы згодзіцеся на гэтую рызыку, вы ўбачыце такое, чаго нават не маглі сабе ўявіць. Да пабачэньня!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG