Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая нарада ў Лукашэнкі, якая афіцыйна названая «Даклад прэзыдэнту аб ходзе прыёмнай кампаніі і падрыхтоўцы сыстэмы адукацыі да новага 2016/2017 навучальнага году», здавалася б, была руціннай і дзяжурнай. Але кіраўнік Беларусі, як зь ім часта бывае, нагаварыў шмат цікавых рэчаў. Незалежныя мэдыі ў асноўным зьвярнулі ўвагу на пытаньне аб заробках настаўнікаў. Але, на мой погляд, там прагучалі іншыя, больш важныя моманты.

Вось, напрыклад, якая галоўная функцыя настаўнікаў і ўсёй сыстэмы школьнай адукацыі? Здавалася б, зусім простае пытаньне. Бо ў любой краіне асноўная роля школы — гэта сацыялізацыя новага пакаленьня, забесьпячэньне школьнікаў якаснымі ведамі. Аднак у Беларусі трохі ня так. Кіраўнік Беларусі бачыць галоўную функцыю настаўнікаў, як і школы ўвогуле, па-іншаму.

Сёньня ўсім відавочна, што якасьць ведаў школьнікаў апошнімі гадамі катастрафічна ўпала. Пра гэта, напрыклад, кажуць вынікі цэнтралізаванага тэставаньня. Шмат гадоў сярэдні бал па фізыцы і матэматыцы быў каля 20–30 балаў паводле 100-бальнай сыстэмы. Двойка нават па пяцібальнай сыстэме — гэта вельмі дрэнна. А двойка па дзесяцібальнай сыстэме — гэта, кажучы, па-старому, адзінка. Але каб гэты правал ня быў такі відавочны, апошнімі гадамі заданьні на цэнтралізованым тэставаньні значна спрасьцілі. У выніку цяпер сярэднія балы сталі трохі вышэйшымі.

Але, як можна зразумець, якасьць навучаньня для Лукашэнкі — задача другасная. З гэтым, на ягоную думку, у краіне ўсё ў парадку. Маўляў, у нас нармальная сыстэма адукацыі, і ня варта яе мяняць, ладзіць нейкую рэформу. Ён кажа: «Нас ужо заходнікі папярэджваюць: вы адзіныя ў былым сацыялістычным лягеры, ня кажучы пра Савецкі Саюз, засталіся, хто не разбурыў сыстэму адукацыі, і яна дае вам эфэкт, не паламайце яе».

Як вядома, Лукашэнка — чалавек шчыры. Ён заўсёды кажа тое, што думае. Трэба яго толькі ўважліва слухаць, і ўсе дзяржаўныя тайны будуць навідавоку.

Вось і цяпер, паводле Лукашэнкі, галоўная роля і функцыя настаўнікаў і школы — палітычная. Менавіта гэта найбольш хвалюе Лукашэнку, таму ён і акцэнтуе на ёй увагу:

«Пытаньне статусу пэдагагічнага работніка, скажу дакладней — настаўніка, перш за ўсё сярэдняй школы, ужо набыло ня проста грамадзкае гучаньне, а палітычнае. Са шмат якіх прычын. На настаўніку заўсёды ляжала цяжкая місія, і ніколі багатымі настаўнікі не былі. Не зусім багатыя яны і сёньня. Але нагрузку на іх, у тым ліку палітычную, мы накладваем велізарную. Вазьміце парлямэнцкія выбары, нядаўнія прэзыдэнцкія выбары: хто складаў аснову палітычнага ядра, якое праводзіла галоўную палітычную кампанію? Настаўнікі, лекары, дзяржаўныя службоўцы. І сёньня гэтыя катэгорыі грамадзян, якія забясьпечваюць стабільнасьць у нашай дзяржаве, неабгрунтавана, напэўна, пакрыўджаныя. Але перш за ўсё — настаўнік».

Такім чынам, не КДБ, а настаўнікі — «аснова палітычнага ядра» рэжыму, бо яны забясьпечваюць патрэбныя вынікі падчас выбарчых кампаніяў. Такая іх цяжкая місія.

А якая галоўная функцыя школы? Лукашэнка таксама шчыра растлумачыў. У чым ён бачыць галоўную праблему школы? У нізкім статусе настаўніка, ягоных малых заробках? Не. Галоўную праблему Лукашэнка бачыць вось у чым:

«Трэба даць нармальныя падручнікі, перш за ўсё падручнікі гісторыі ў школы, каб дзеці разумелі, што адбывалася ўчора ў нашай краіне. Погляд у мінулае — гэта погляд у будучыню. Ня мне вас вучыць. А мы пачынаем займацца ня тымі пытаньнямі, якія сёньня надзённыя, надзённыя для нашай сыстэмы адукацыі».

Лукашэнка на інаўгурацыі ў 1994 годзе

Лукашэнка на інаўгурацыі ў 1994 годзе

То бок, калі перакласьці гэты мэсыдж на зразумелую мову, то трэба ў падручніках гісторыі паказаць гістарычную ролю першага і адзінага прэзыдэнта Беларусі. І гэта самае надзённае пытаньне. А галоўная функцыя школы палягае ў тым, каб забясьпечыць палітычную ляяльнасьць маладога пакаленьня існаму рэжыму.

І тут высьвятляецца вельмі цікавая рэч. Здавалася б, калі настаўнікі — «аснова палітычнага ядра» выбарчых кампаніяў, выконваюць «цяжкую місію», то яны павінны атрымліваць адпаведную ўзнагароду, іх трэба падкупляць. Але насамрэч аказваецца, што настаўнікі выконвалі і цяпер выконваюць гэтую сваю галоўную функцыю за проста так. Лукашэнка прызнае, што заробкі ў іх малыя, меншыя, чым у мэханізатара ці даяркі на вёсцы. Але яны настолькі паслухмяныя, што ня трэба асабліва і турбавацца.

Так, Лукашэнка канстатаваў, што заробкі павышаць трэба. (Праўда, незразумела, хто перашкаджаў гэта рабіць дасюль?) Але рост заробкаў кіраўнік Беларусі абставіў умовамі. Па-першае, трэба загрузіць настаўнікаў яшчэ больш. Хоць, здавалася б, куды яшчэ? Другі важны тэзіс — статус настаўніка залежыць не ад дзяржавы, а «перш за ўсё ён залежыць ад самога настаўніка». Гэта як?

Падлік галасоў на выбарах вачыма назіральніка

Падлік галасоў на выбарах вачыма назіральніка

Думаю, гэтую крыптаграму можна расшыфраваць так: калі настаўнікі, якія ў асноўным працуюць у выбарчых камісіях, забясьпечаць патрэбныя вынікі цяперашніх выбараў, то, так і быць, павысім ім заробкі. Працэнтаў на пяць. А больш ня трэба, яны людзі сьціплыя, хопіць ім таго, што бацька пахваліў.

Як кажуць, страшная рэч — рабства з-пад палкі (ці за вялікія грошы). Але яшчэ страшнейшае рабства — бяз палкі, за адну баланду.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG