Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку падарылі Неглюбскі ручнік, і ён тут жа стаў гісторыка-культурнай каштоўнасьцю


 Майстрыха Людміла Кавалёва

Майстрыха Людміла Кавалёва

І гэта добра: унікальнай традыцыі неглюбскага ткацтва цяпер нішто не пагражае. Радыё Свабода наведала вёску Неглюбка Веткаўскага раёна, дзе ткуць і старыя, і малыя.

30-мэтровы ручнік у дар Аляксандру Лукашэнку выткала і падарыла Людзьміла Кавалёва. Ручнік вельмі падобны на тыя, якімі захапляліся падчас выставаў у Італіі і Канадзе, Нямеччыне і ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, Бэльгіі і Японіі. Ручнік Кавалёвай даўжэйшы нават за той неглюбскі ручнік, які ўпрыгожвае адну з заляў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

«Спачатку размова ішла пра стомэтровы, потым сямідзесяці, — прыгадвае ткачыха Кавалёва. — Пазьней сышліся на тым, што Лукашэнка прыяжджае ў Ельскі раён на трыццатую гадавіну чарнобыльскай катастрофы, то й даўжыня мусіць быць адпаведная — 30 мэтраў». «А мне тое яшчэ й лепей, бо на стомэтровым ручніку складана вытрымаць роўнымі берагі. Гэта ж кросны, а не ткацкая машына», — кажа майстрыха.

Супадзеньне ці не, але неўзабаве пасьля паднясеньня ручніка кіраўніку дзяржавы, Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаньнях спадчыны пры Міністэрстве культуры падтрымала прапанову аб наданьні статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь тэкстыльнай традыцыі аграгарадка Неглюбка.

Пайшла па сваіх ручніках на неба

Па адной з дасьледчых вэрсій, Неглюбка — ня любае Богу месца. У пісьмовых крыніцах пачатку 18 стагодзьдзя Неглюбка згадваецца як уладаньне Кіева-Пячорскай лаўры. Ходзіць паданьне, што менавіта сюды, у некалі глухое месца сярод балотаў, і ссылалі прыгажунь, якія правініліся і не адпавядалі высокім хрысьціянскім канонам. А тыя заняліся вышываньнем і ткацтвам. Ужо ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя Неглюбка стала вядомым у акрузе цэнтрам мастацкага ручнога ткацтва. На пачатку 20 стагодзьдзя тут жылі тры з паловай тысячы чалавек. І ледзь ня ў кожнай хаце — кросны. Калі трапляеш на ўсходні бок вёскі, вочы шукаюць знаёмы завулак, дзе жыла Настасься Хрушчова — адна з самых таленавітых неглюбскіх майстрых. Гадоў пяць таму заяжджаў у гэты неглюбскі закуток, каб купіць у Хрушчовай ручнік — на радасьць жаночай палавіне сямейнікаў. Настасься распытала, хто ды адкуль, а пасьля, пільна так паглядзеўшы ў вочы, наўпрост запытала: «Будзеш берагчы?» І толькі пасьля станоўчага адказу дастала аднекуль з шафы ручнік сваёй работы. На белым полі — густая чырвань узору з дадаткам паралельных чорна-белых фрызаў з драбнюткімі элемэнтамі.

Эўфрасіньня Дзямчыхіна

Эўфрасіньня Дзямчыхіна

«Няма ўжо Настасьсі, — уздыхае Эўфрасіньня Дзямчыхіна. — Летась памерла. У гародзе памідоры былі ўжо чырвоныя, як яна памерла. Гадавіна хутка. Семдзесят дзевяць ёй было. Раптоўна памерла — асабліва не хварэла, не ляжала. Як у нас кажуць, пайшла па сваіх ручніках у неба. Хай ёй там сонечна будзе — каб хоць ня менш таго, колькі яна сонца й радасьці ўклала ў свае ручнікі. Яна ж і мне свае ўзоры давала. Я сама чытаць ня ўмею. Вазьму, бывала, аркушык „у клетачку“, алоўкаў пару — і ўжо заштрыхоўваю, узор пераношу на паперу. У школу я ні дня не хадзіла, але памяць у мяне такая: гляну — і ўсё мігам запамінаю».

Кабета са сьвятым для беларусаў імем Эўфрасіньня, кажа, што ад сакавіка ёй пайшоў восемдзесят другі год. Колькі ручнікоў саткала, не пералічыць . Можа сотню, а, можа, дзьве ці нават болей. Асабліва, калі ўлічыць трынаццацігадовую працу на колішняй тутэйшай ткацкай фабрыцы.

«Мне шэсьць гадоў было, як пачалася вайна, — Бацьку на фронт забралі, а нас у маці трое дзяцей засталося. Потым даведаліся, што бацьку моцна параніла, ён ляжаў тут непадалёку ва Ўкраіне ў шпіталі, ды там і застаўся. Дадому чамусьці не вярнуўся. Я сама вучылася ткаць. Маці кросны паставіць, сатчэ што зрэбнае, каб сарочку пашыць ці андарак, і бяжыць то ў саўгас, то на соткі, то ў гарод. Я прыглядалася, як мама ніткі заводзіць, чаўнок ганяе, а пасьля й сама села за кросны».

Вясковае жыцьцё, цьвердзіць Эўфрасіньня, усяму яе вучыла: ткаць, жаць, «хрэстам» вышываць, жывёлу хатнюю даглядаць і нават касіць, сякеру ў руках трымаць, канём правіць.

«Нітак для ткацтва і праз дзесяць гадоў пасьля вайны бракавала, дык мы хусткі распускалі, тканіну грубейшую патрэбнага колеру.Так ніткі сабе здабывалі. Калі я ўжо была замужам за сваім Васілём, то ён на адну зіму езьдзіў у Карэлію на лесанарыхтоўкі. Грошай зарабіў і нітак мне навёз столькі, што ткаць не ператкаць. Я прыбягу з працы, па гаспадарцы зраблю што трэба — і за кросны. Бывала, да апоўначы сяджу».

Покуць у хаце Эўфрасіньні Дзямчыхінай

Покуць у хаце Эўфрасіньні Дзямчыхінай

У Эўфрасіньні Іванаўны абразы на покуці ў пярэдняй, на кухні і нават у сенцах увешаны тканымі ручнікамі. «Я ўсіх адарыла ручнікамі — дачку, сем’і сваіх сыноў, унучак. На продаж таксама ткала, грошы зарабляла. І сабе пакінула. Да Вялікадня вешаю чысьценькія ручнікі — яны вісяць да Ўшэсьця. Потым здымаю іх, мыю, а на покуць вешаю іншыя. І мне так лёгка і хораша на душы, што я проста лётаю. Я ж і сьпявала яшчэ дабрэнна. Але як сын у Гомелі ў тралейбусным парку трагічна загінуў, то ўжо не хаджу на вясковыя сьвяты. Толькі ў царкоўным хоры сьпяваю».

Мы ж, жанчыны, у мужыкоў шмат чаго забралі. І ткацтва, у прыватнасьці У бакавым пакоі Дома культуры стаяць чацьвёра драўняных кроснаў. Гэта цяпер і ёсьць Неглюбскі сельскі цэнтар ткацтва. Вучыцца старадаўняму мастацтву сюды ходзіць два дзесяткі школьнікаў. Ня толькі дзяўчынкі, але й васьмёра хлопчыкаў. Іхнія настаўнікі — народны майстар Людзьміла Кавалёва, Алена Дзямчыхіна й Тацяна Суглоб. Людзьміла Кавалёва, цяперашняя кіраўніца гуртка ткацтва «Ніток», родам з Брагінскага раёну. Пасьля вучэльні нафтавікоў яе накіроўвалі ў Комі АССР. Пазьней «палярную ссылку» замянілі працай у аб’яднаньні «Гомсельмаш».

Тут Людміла і сустрэла свайго нарачонага — неглюбскага хлопца Ўладзімера Кавалёва. Цяпер Уладзімер — дырэктар Дома культуры.

«Я калі першы раз зайшла ў хату сьвекрыві, — распавядае Людміла, — то вачэй не магла адарваць ад даматканых ручнікоў, капаў, павалакаў. „Зачапілі“ яны мяне дужа моцна. Аказалася, ня толькі сьвякроў ткала, але і маці яе і бабуля — усё да дзесятага калена. Да прыезду ў Неглюбку я ж толькі вышывала крыжыкам. Ну, і стала кросны засвойваць».

Людміла Кавалёва (зьлева) і Алена Дзямчыхіна

Людміла Кавалёва (зьлева) і Алена Дзямчыхіна

Па тым часе ў Неглюбцы месьціўся філіял Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Сюды і ўладкавалася Людзьміла на працу. Пазьней стала займацца са школьнікамі ў гуртку ткацтва.

Праз адсутнасьць фінансаваньня гурток на некаторы час спыняўся, але ў дзевяностых гадах цяпер ужо мінулага стагодзьдзя яго адрадзілі.

«Да нас прыходзяць усе ахвочыя, нават шасьцігодкі, — распавядае ткачыха Алена. — Садзім за кросны. Калі ногі дастаюць да панажоў, кажам: „Заставайся“. Калі не: „Ідзі падрасьці“. От, я назіраю за нашымі выхаванцамі з ліку хлапцоў і бачу, што ў некаторых зь іх нават лепей атрымліваецца, чымсьці ў дзяўчынак. Яны мацнейшыя, рукі ў іх дужэйшыя. Але калі яны падрастаюць, то часьцей сыходзяць. З аднаго боку, ім у будучым няма дзе прымяняць сваё ўменьне. Зь іншага, сёй-той пачынае кпіць: „Бач, заняўся бабскай справай“. Мы ж, жанчыны, у мужыкоў шмат чаго забралі. І ткацтва, у прыватнасьці, якое раней было чыста мужчынскай справай».

Не, гэта выпадкова У пакой, дзе знаходзяцца кросны, заходзіць адзінаццацігадовы Косьцік, унук Кавалёвых. Прыехаў да дзядулі з бабуляй з Гомеля на канікулы.

Косьцік садзіцца за кросны і пачынае ткаць заснаваную тут панёўку.

«Мне цікава, — тлумачыць хлапчук. — Чаўнок запускаю туды-сюды, лязгаю — і на палатне выбіваецца ўзор. Ня ведаю яшчэ, кім стану. Хутчэй за ўсё, аўтамэханікам. А ткацтва трэніруе — і рукі, і плечы, бо я ж яшчэ й адзінаборствам у Гомелі займаюся».

Настаўнікі ткацкай майстроўні «вярнулі да жыцьця» своеасаблівую тэхніку неглюбскага ткацтва, багата якіх старадаўніх арнамэнтаў, дзе ёсьць «лапы» і «круччы», «цярэшкі» і «мядзьведзікі», «верабейкі» і «мушкі». Аднавілі ў майстроўні і колішнія традыцыйныя строі неглюбцаў — мужчынскія і жаночыя. Іх цяпер выкарыстоўваюць на фэстах, выставах, розных іншых імпрэзах і, канечне, на сьвяце беларускага ручніка, якое ўпершыню запачаткаванае ў Неглюбцы ў 2012 годзе. У цэнтры ёсьць нават адмысловая крама і пакой гісторыі мясцовага рамесьніцтва.

Цікавімся ў Людмілы Кавалёвай, што за супадзеньне такое: як толькі неглюбскі ручнік паднесьлі Аляксандру Лукашэнку, так праз два дні ён стаў гісторыка- культурнай каштоўнасьцю?

«Гэта выпадкова. Бо ўжо гады са два рыхтаваліся патрэбныя дакумэнты. Праўда, ініцыятыву праяўлялі ня нашы мясцовыя ўлады, а Ірына Сьмірнова зь Менску, навуковая супрацоўніца Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».

Цяпер у неглюбскіх майстрых зьявілася больш упэўненасьці ў тым, што «стаўкі» не абрэжуць, і сельскі цэнтар народнага ткацтва будзе працаваць надалей.

«А што вам кіраўнік дзяржавы сказаў на трыццацімэтровы ручнік?» — пытаемся ў Кавалёвай.

«Падзякаваў і сказаў, што гэта «самы лепшы падарунак», — адказвае народны майстар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG