Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка хоча павысіць заробкі настаўнікам, бо «на іх высокая палітычная нагрузка»


Падчас дакладу пра ход прыёмнай кампаніі і падрыхтоўку сыстэмы адукацыі да новага навучальнага году кіраўнік Беларусі заявіў, што пытаньне статусу настаўніка набыло ня проста грамадзкае, але палітычнае гучаньне.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ён далёкі ад папулізму — «проста павысіць заробак настаўнікам, і кропка».

«Я не хачу так ставіць пытаньне. Я хачу сказаць па-іншаму: сытуацыя з матэрыяльным забесьпячэньнем настаўніцтва далей нецярпімая, таму давайце настаўніка нагрузім настолькі, наколькі ён павінен быць загружаны, але будзем плаціць годны заробак. Мы настаўніка ня страцім: настаўнікі былі і заўсёды будуць. Але мы вымываем самыя моцныя кадры з сыстэмы нашай адукацыі, перш за ўсё школы. Мы губляем самых лепшых настаўнікаў», — сказаў кіраўнік краіны.

Паводле Лукашэнкі, статус настаўніка трэба падымаць.

«Гэта дрэнна, калі ўжо сёньня настаўнік у добрых, сярэдніх гаспадарках мае палову заробку ад таго, які мае мэханізатар або даярка. Гэта ненармальна. Таму гэта пытаньне карэннае, цэнтральнае. Як бы мы ад яго ні ўцякалі, як бы мы сябе ні закалыхвалі, што настаўнікі ня ставяць перад намі нейкіх матэрыяльных пытаньняў, мы дакладна павінны разумець, што для кожнага чалавека гэта важны момант. А для настаўнікаў архіважны, бо іх сярэдняя заработная плата ніжэйшая, чым па краіне».

Паводле Лукашэнкі, пытаньне статусу настаўніка, перш за ўсё сярэдняй школы, ужо набыло ня проста грамадзкае, але палітычнае гучаньне.

«На настаўніку заўсёды ляжала цяжкая місія, і ніколі багатымі настаўнікі не былі, — цытуе Лукашэнку БелТА. — Не зусім багатыя яны і сёньня. Але нагрузку на іх, у тым ліку палітычную, мы накладваем велізарную.

Вазьміце парлямэнцкія выбары, нядаўнія прэзыдэнцкія выбары: хто складаў аснову палітычнага ядра, якое праводзіла галоўную палітычную кампанію? Настаўнікі, лекары, дзяржаўныя службоўцы. І сёньня гэтыя катэгорыі грамадзян, якія забясьпечваюць стабільнасьць у нашай дзяржаве, неабгрунтавана, напэўна, пакрыўджаныя. Але перш за ўсё настаўнік».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG