Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смольгава — на выгляд самая звычайная беларуская вёска. Калі не сказаць банальная. Катэджы часоў перабудовы, тыповая школа, крама, сельсавет.

Але менавіта тут, у гэтых «былых ваколіцах» нарадзіўся галоўны беларускі літаратар-падарожнік сярэдзіны пазамінулага стагодзьдзя, Уладыслаў Сыракомля. І адзін гэты факт зьмяняе ўвесь навакольны савецкі краявід. І ў звычайным сквэры перад сельсаветам нехаця пачынаеш бачыць рэшткі былой сядзібы. Кабета, якая праходзіла побач, сказала, што для смольгаўскіх жыхароў гэты факт адкрыўся толькі на пачатку 90-х. За саветамі ніякага паэта Сыракомлі не існавала. Вяртаньне слаўнага імя на радзіму ініцыяваў колішні дырэктар школы Васіль Рудзько.

— Мы пачалі з 92-га году зьбіраць па кроплях матэрыял, які захаваўся да нашага часу. І пастанавілі стварыць у школе яго музэй. Стваралі на свае грошы. Ніхто нам не дапамагаў. Ні раённыя ўлады, ні мясцовыя. Усё самі настаўнікі. Адкрылі ў 2003-м годзе. Прыяжджаў Мальдзіс, прыяжджаў Мархель, Баршчэўскі, загадчык катэдры беларускай мовы і літаратуры Варшаўскага ўнівэрсытэту. Глагоўская заўжды нам матэрыялы дасылала пра Сыракомлю з польскага друку.

Гэты маленькі школьны музэй, больш падобны да мэмарыяльнага пакоя, — адзіны музэй Сыракомлі ў Беларусі. Настаўніца расейскай мовы Алена Шабунь ганарыцца міжнароднымі сувязямі. Школа вядзе перапіску з праўнучкай паэта Браніславай Рудкоўскай. А яшчэ Сыракомля абараняе школу ад закрыцьця.

— А дзе быў фальварак Кандратовічаў?

— Спрэчкі ідуць. На сёньняшні дзень месца дакладнага няма.

— Над вамі не вісіць пагроза скарачэньня, закрыцьця?

— Вісіць пастаянна. Сёлета мы сталі базавай школай. А былі сярэдняй. У нас трыццаць дзевяць вучняў і дзевяць дашкольнікаў. Пакуль што мы трымаемся толькі дзякуючы Сыракомлі, дзякуючы музэю.

Найстарэйшая жыхарка Смольгава Лідзія Шэўчык нарадзілася ў Камуне. Той самай, калгаснай, якая была апетая Купалам у паэме «Над ракой Арэсай».

— Мы жылі ў бараку аднапавярховым, падобным да літары П. З аднаго боку трыццаць кватэр і з другога трыццаць. Аднапакаёвых. А праз дарогу былі хлявы з каровамі. Калі немцы ў сорак першым ехалі, мама карову даіла. І нехта на дарозе стрэліў і забіў іхнага салдата. Яны разварочваюцца сюды і ўсё паляць. Але людзей і дзяцей павыганялі. Толькі адзін дом яны пакінулі. Там адзін дзядок, калі яны празь вёску ехалі, узяў ікону і сустракаў іх. З іконай. Яго не зачапілі.

Лідзія Шэўчык

Лідзія Шэўчык

У кожнай беларускай сям’і была свая непаўторная гісторыя выжываньня ў вайну. У Лідзіі Захараўны быў вельмі разумны бацька. Які не пашкадаваў грошай і ў 20-я гады накіраваў сваю жонку вучыцца шыць. Сам загінуў на вайне.

— Трое дзяцей было ў мамы. І што яна выратавала з агню? Швейную машыну. Singer! Бацька адправіў маму вучыцца шыць у дваццаць пятым годзе да жыдоўкі. Тры гады яна вучылася. А бацька плаціў. Салам, зернем, чым мог. І ў вайну мы выжылі дзякуючы машынцы.

Радзіма Сыракомлі зьдзівіла, калі я разгаварыўся на вуліцы са старшынёю сельсавета Валянцінай Пархімовіч, спадарыняй вельмі прыемнай. Я забыўся, калі апошні раз чуў нагэтулькі пісьменную беларускую мову з вуснаў беларускага чыноўніка.

— Вось пакуль мы стаім, тры трактары праехалі. Працуюць людзі. Не пустуе вёска.

Смольгава
Смольгава

Пані Валянціна не бяз гонару паказала на два дамы, дзе сёньня жывуць сем’і перасяленцаў з Луганшчыны.

— Чалавек з Луганшчыны прыяжджае і атрымлівае працу і жытло. Падобна да нейкай сацыяльнай казкі.

— Гэта ня казка. Па-першае, каб сюды прыехаць і працаваць, чалавеку патрэбны дазвол на працу тут. Яго правяраюць органы, і да нас ён прыходзіць ужо правераны. А зь іншага боку — чаму мы павінны адмаўляць? Калі хочаш працаваць — ідзі працуй. Знайшлася праца і для кіроўцаў, і для работніцы сталовай. А дамы ў нас былі пустуючыя. Спэцыяльна для іх ніхто не будаваў. Жытло было, і яны пагадзіліся.

Але самая цікавая гутарка ў мяне выйшла зь іншай стваральніцай музэю Сыракомлі, настаўніцай расейскай мовы і літаратуры Надзеяй Скрыпнік.

— Кандратовічы ў Смольгаве жылі толькі два гады. Як нарадзіўся Ўладыслаў, яны зьехалі. У 1996 годзе памёр апошні старажыл, які памятаў, дзе дакладна знаходзіўся дом Кандратовічаў.

Напэўна, пані Скрыпнік — не адзіная настаўніца расейскай мовы і літаратуры, якой даўно хочацца падкарэктаваць праграму свайго прадмета.

— Я б выкладала і Шэксьпіра, і нават прадстаўнікоў рускай літаратуры на беларускай мове.

Любанскі раён вельмі незвычайны ў пляне адукацыі. Па словах пані Надзеі, толькі тут усяго дзьве расейскамоўныя школы. Усе астатнія беларускія. Болей бы такіх выкладчыкаў расейскай мовы і літаратуры.

— Дзеці ўспрымаюць беларускую літаратуру як штосьці другаснае і факультатыўнае? Ці не?

— Тут усё залежыць ад настаўніка і ягонай пазыцыі. Калі настаўнік будзе прадстаўляць беларускую літаратуру як літаратуру мужыцкую, гэта будзе няправільна. Бо беларус — гэта ня толькі пан сахі і касы. Гэта інтэлігент ад Янкі Купалы. Гэта шляхціч ад таго ж самага Сыракомлі. Ад Караткевіча, безумоўна. А з рускай літаратурай я заўжды праводзіла паралелі. І вучыла вучняў ганарыцца тым, што ёсьць у нас. Гаварыла, што такога пісьменьніка, як Уладзімір Караткевіч, няма ў рускай літаратуры. Такога грунтоўнага дасьледчыка беларускай культуры з пазыцыі высакароднай шляхты. Гэта вельмі цікавы падыход. І гэтым трэба ганарыцца.

XS
SM
MD
LG