Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часам на маім шляху сустракаюцца незвычайныя дамы. Як толькі пераступаеш парог такой хаты, адразу ахоплівае адчуваньне, што ты не ў гасьцях у незнаёмых людзей. А дома. У чым тут загадка? У прыемных пахах кухні і печы? Ці ўся справа ў гасьціннай прыязнасьці гаспадароў? Ці гэта нешта больш загадкавае? Тое, што называюць аўрай?

Як бы там ні было, а ў Беларусі хапае такіх дамоў. Варта толькі пераступіць парог такой хаты, як сыходзіць зь яе нікуды ня хочацца. І як быццам людзей у хаце ведаеш ня першы год, хоць насамрэч бачыш іх упершыню. Чарговым разам такое прыемнае насланьнё са мною здарылася ў вёсцы Вусава, што на Глыбоччыне. У хаце Яніны Машко, якая сёлета адзначыла 90-годзьдзе. Да Яніны Васільеўны прыехала яе дачка Алена са сваёй унучкай, Янай. Гэта значыць — праўнучкай Яніны. Тры жанчыны рыхтаваліся да сьвяткаваньня Каляд.

Алена: «Рыхтуем на стол сена. Абрус на стол трэба заслаць. Саматканы. Мае ўнучкі прыяжджаюць, а ейныя праўнучкі. Усе стараюцца сабрацца. Усе правілы ведаюць. Сена, абрус. Вось тут адзін сусед застаўся. На куцьцю запрашаем яго.

Яніна: «Каб чалавек адзін ня быў. У нас гэтак заведзена. І абавязкова дванаццаць посных страў».

Я быў нямала зьдзіўлены ня толькі тым, зь якой дасканаласьцю ў гэтай хаце ведаюць, як правільна сустракаць Божае Нараджэньне — але і як добра памятаюць калядныя звычаі з паганскіх часоў.

Яніна: «І сьвечку ставім на вакне. Каб ніхто не ішоў».

Алена: «Бо калі падчас куцьці зойдзе мужчына, у гэтай хаце памрэ мужчына. А калі жанчына прыйдзе, то жанчына памрэ ў новым годзе. А калі сьвечка гарыць на вакне, значыць, куцьцю ядуць у хаце. Няможна заходзіць».

А ў сенцах чакае маленькая выкапаная ялінка. Гэтае дрэва будзе сымбалізаваць Каляды не адзін год.

Алена: «Я ўжо елку выкапала. Яна стаіць усю зіму. А пасьля вясной саджу. Ужо колькі гадоў так раблю. На вуліцы пасадзім. У мяне адна ёлка на тры гады».

Карэспандэнт: «Якое сьвята было галаўнейшае?»

Раней было лепей жыць. Весялей. Людзі былі не такія зайздросныя

Яніна: «Каляды. Цярэшку жэняць».

Алена: «У нашай хаце Цярэшку жанілі. Дні тры моладзь гуляла».

Яніна: «А цяпер сядзяць толькі каля тэлевізара. Раней было лепей жыць. Весялей. Людзі былі не такія зайздросныя. А цяпер — во сусед у турме сядзіць, ужо пяць гадоў адседзеў. Забіў сваю сужыцельку. 19-га сьнежня было пяць гадоў».

Алена: «Каб вы бачылі, якая яна была! Мяне панятой узялі. Трыццаць дзьве нажавыя раны».

Якія часам дзіўныя супадзеньні бываюць у Беларусі. І якія неверагодныя суседзтвы. Сусед найдабрэйшай пані Машко, саракагадовы мужык, па-зьверску забіў сваю сужыцельку. Увечары 19-га сьнежня 2010-га году. У той самы час, калі за 200 кілямэтраў адсюль, па ўсім цэнтры сталіцы, міліцыя зьбівала мірнае насельніцтва, тут адбывалася жорсткае забойства. Вось і ня вер у цёмныя часы.

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, што каля Вусава, за саветамі быў адзіным каталіцкім храмам на Глыбоччыне. І працаваў ён дзякуючы таму, што быў ксёндз. Ды яшчэ які ксёндз! Слава пра айца Люцыяна Паўліка грымела на ўсё навакольле. Ён гатовы быў ехаць спавядаць за дзясяткі кілямэтраў. Цяжка нават паверыць, што гэтага касьцёла магло ня быць. Былая ахмістрыня, 85-гадовая Тарэса Дунец распавяла мне, што былы вязень ГУЛАГу, ксёндз Паўлік, па вяртаньні зь лягера павінен быў служыць у касьцёле ў Ідолце, што пад Мёрамі. Але ідолтаўскія людзі ніяк не маглі вырашыць, каму ж прапісаць ксяндза. І гэтай замінкай скарысталіся жыхары Вусава, Задарожжа і Мнюты. Ксяндза хуценька запрасілі ў Вусава, дзе і прапісалі. Такім чынам уратаваўшы каталіцкае жыцьцё Глыбоччыны. Слова пані Тарэсе.

— А адкуль тутэйшыя людзі даведаліся, што яго там не прапісваюць?

— А чаму ж не даведацца? Пачулі, што вярнуўся зь лягера, што адпакутаваў.

— Ён маліўся па-польску?

— І па-беларуску таксама мог. І на латыні. Ён гаварыў па-польску, па-расейску, па-беларуску. Навучыўся ў лягеры.

Памятае ксяндза Паўліка і Яніна Машко.

— Ён служыў ад 57-га года, пакуль не памёр. Колькі ён тут касьцёлаў адбудаваў! Лужкі, Раманавічы, Чарневічы, Празарокі. Там былі зусім дабітыя касьцёлы. А ён адбудоўваў. Грошы зьбіраў, і свае, і людзі давалі.

За вакном імкліва цямнее, але ў суседніх хатах не запальваецца сьвятло. Алена бачыць у гэтым плюс. Бо нарэшце перад сьвятам можа пасядзець з маці. Раней, калі вёска жыла, старая Яніна была нарасхват. І як выдатная кухарка, і як сьпявачка, і як галоўны знаўца народных абрадаў. Зь іншага пакоя выйшла праўнучка Яніны, 15-гадовая Яна. Я задаў ёй простае пытаньне пра жыцьцёвыя пляны. І атрымаў грунтоўны, патрыятычны і беларускі адказ.

— А б хацела вучыцца ў Віцебску, а потым вярнулася б дахаты. Няма ў мяне жаданьня пераяжджаць некуды. Хачу жыць на радзіме. Я хачу быць настаўніцай геаграфіі ці гісторыі. Нізкая зарплата не асабліва мяне палохае.

У Яніны Машко сёньня 6 унукаў і 13 праўнукаў. І налета чакаецца першы прапраўнук. Вось каму пашанцуе з прапрабабуляю.

XS
SM
MD
LG