Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мястэчка Празарокі, якое ляжыць каля трасы Вільня — Полацак, ня можа ня радаваць беларускага вандроўніка. Чырвоным зграбным касьцёлам, брукаванкай колішняга Альгердавага шляху, камэрцыйнымі крамамі, якія называюцца «Дукат» і «Талер», і сваёй старасьвецкай тапанімікай. Тут ёсьць вуліца Літоўская, Цэнтральная. Але няма ні Савецкай, ні Ленінскай. Празарокі вядомыя найперш тым, што тут пахаваны тэатральны дзеяч нашаніўскай пары Ігнат Буйніцкі. Чый маёнтак быў у суседніх Палівачах. Але ўжо мала хто ведае, што гэта за пустыр насупраць магілы рэжысэра.

Празарокі
Празарокі

Некалі на гэтым месцы павінен быў паўстаць музэй Ігната Буйніцкага. Пра гэта мне расказаў Фелікс Лавейка, патомны празароцкі гаспадар.

— Гэта яшчэ ў 1993 годзе, калі была беларусізацыя, нацыянальны ўздым, было прынята рашэньне будаваць музэй Буйніцкага. І была такая зіма суровая, градусаў дваццаць, усё сьнегам завеяўшы. Прывезьлі экскаватар, бабу здаровую, бо зямля замёрзлая. Мясілі так, што ва ўсіх Празароках хаты падскоквалі. Пачалі будаваць, але прыйшоў да ўлады Лукашэнка. Прыярытэты і вэктары разьвіцьця зьмяніліся. Навошта нейкаму беларускаму нацыяналісту рабіць музэй? Гэта ўжо неактуальна. Выкапалі яму, і тыя недабудаваныя сьцены звалілі, закапалі і разраўнялі. Каб і знаку не было. А такія былі фундаманты, такія падвалы! Ня ведаю, што там мелася быць. Размах быў такі, што ня толькі музэй, але і культурны цэнтар мусіў быць.

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Пан Фелікс з той рэдкай пароды людзей, для якіх слова «незалежнасьць» — не пусты гук. Як незалежнасьць сваёй краіны, так і свая ўласная незалежнасьць ад дзяржавы. Пан Лавейка жыве з працы рук сваіх, вырошчвае памідоры.

— Ці даўно ў вас узьнікла жаданьне не залежаць ад дзяржавы?

— Даўно. Бо яшчэ бацька, як быў на нагах, расказваў, што немагчыма. І сам я бачыў, як цяжка яму было туды хадзіць, некаму падпарадкоўвацца. Гэтыя начальнікі, якім вечна нечага не хапала. Пастаянна быў вінаваты перад імі. Бацька пастаянна расказваў, як жылі пры Польшчы. Рабілі што хацелі. Хто мог рабіць болей, жылі лепш, хто не хацеў, жылі горай. Але нікому справы не было да гэтых людзей. Людзі адчувалі сябе больш вольнымі і вясёлымі. І як пачалася перабудова, пасвабаднела, мне неяк не захацелася некуды ісьці, падпарадкоўвацца. А цяпер працы няма нават у калгасе. Раней казалі: «Будзеш кепска вучыцца, застанесься ў калгасе». А цяпер і калгасу ня трэба ніхто. Сёлета скарачаюць чалавек пятнаццаць. Паспрабуй яшчэ туды ўладкавацца. Хаця і так амаль нікога не засталося. Няма чым плаціць заробкі.

У 2012 годзе ў Празароцкай школе адкрыўся свой музэй Ігната Буйніцкага. Назваць гэтую густоўную і багатую экспазыцыю школьным музэем не паварочваецца язык.

Фотапано, афішныя тумбы, артыстычныя строі, музычныя інструмэнты. Спрыяў музэю тагачасны міністар культуры Павал Латушка. Але найперш гэта заслуга Вольгі Гінько, дырэктаркі школы. Чалавека, цалкам адданага сваёй справе.

— Буйніцкі быў чалавекам сьвету. Я гавару гэта ўсім. Паслы ў мяне былі. Гэта асоба сусьветнага маштабу. У дапамозе фронту ён зь Цёткай удзельнічаў. У Празароках арганізаваў камэрцыйны банк. Хоць сам быў небагаты памешчык. Але дзякуючы яму нехта мог купіць карову, каня, пабудавацца, стаць на ногі. Інтэлігент быў ад мозгу да касьцей. Танцамі займаўся сур’ёзна. Задумка была зрабіць тэатар прафэсійны. Хор, дэклямацыя вершаў, танцы, пастаноўка драматычных спэктакляў. Дзе зараз можна знайсьці такі тэатар?

Ня ведаю наконт тэатру, а вось школу, падобную да Празароцкай, знайсьці ў Беларусі нялёгка. Школа ўражвае сваёй нефармальнай беларускасьцю.

Я даўно ня бачыў столькі беларускай тэматыкі ў аздабленьні школьных кабінэтаў. У гэтай школе немагчыма ня стаць сапраўдным грамадзянінам і патрыётам.

А яшчэ на адной сьцяне я ўбачыў маляваны дыван Язэпа Драздовіча. Які нядаўна перадала школе адна бабуля. Казачны драздовіцкі сюжэт з возерам, замкам, лебядзямі. І чатыры лічбы пад гэтай казкаю. 1943. Настаўніца гісторыі Марыя Адольфаўна Сулімава распавядае наступнае.

— Бачыце, рукой аўтара выведзена «1943» і «В.П» Гэта для Веры Пятроўны Сямчонак. Для тых часоў, вельмі складаных, асабліва 43-га, замовіць у дом такое аздабленьне — якім трэба быць узьнёслым чалавекам! Драздовіч піша ў сваіх успамінах: «Зьеў дзьве бульбіны за дзень, папіў кіслага малака. Як я наеўся!» Мы вельмі далёка адышлі ад тых людзей, якія культуру, адукацыю ставілі па парадак вышэй, чым мы, грамадзтва спажываньня. Сорак трэці год. Пра што б мы з вамі думалі, каб жылі ў той час?

І зусім ня дзіва, што з такой школы выходзяць цалкам беларускія дзеці. Калі я гутарыў з Іванам і Алёнай Булах, братам і сястрой, я з горыччу ўсьведамляў, якое б магло прыйсьці пакаленьне маладых беларусаў, калі б не была разгромленая ў 90-я гады беларуская школа. Іван вучыцца на гістарычным факультэце Віцебскага ўнівэрсытэту. А ягоная сястра — будучы выкладчык беларускай мовы.

— Вас не палохае пэрспэктыва працаваць у школе?

— Калі я паступаў, мне падабалася, што я буду настаўнікам. Цяпер я стаў старэйшы, разумнейшы. Цяпер палохае. І заробкі нізкія, і дзеці цяпер сталі іншыя. І калі ў горад пайду працаваць, там будзе цяжэй. Разумею, як лёгка было працаваць нашым настаўнікам з намі. Індывідуальны падыход да кожнага. Але і мы былі добрыя. Цяпер праходзіў практыку ў горадзе і бачу, што дзеці больш нахабныя. У вёсцы настаўнік — гэта аўтарытэт. А ў горадзе не заўсёды.

— Наша школа — выдатнае месца, дзе мы вучыліся з братам. І гэтая любоў да беларускай мовы ў нас менавіта дзякуючы школе.

Марыі Беззубёнак, усьмешлівай, сухенькай кабеце, ужо 90 гадоў. Яе бацька Фэлікс часта падзарабляў у гаспадарцы Буйніцкага. Яна памятае песьні, што сьпяваліся падчас працы работнікамі ў маёнтку Буйніцкага. Марыя мне напела жорсткі раманс, узор расейскай папсы пачатку ХХ стагодзьдзя.

— Буйніцкі, тата расказваў, дужа любіў песьні. Я памятаю, што пяялі «Саджуся іграць на гітары». А я пытаюся ў таткі: «Татка, міленькі, раскажы мне, што гэта за гітара?» А татка: «Каб я табе паказаў яе, ты б зразумела. А як я табе раскажу?» Тата пяяў гэту песьню.

Саджуся я йграць на гітары.
Так чудна я йграла на ей.
Так чудна я йграла і пела.
Душэ маей радасьць была.
Радныя мяне ўсе любілі.
Ўхажоры ганялісь за мной.
А я палюбіла брадзягу.
І жызьнь загубіла сваю.

А далей — забі, ня ўспомню.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG