Лінкі ўнівэрсальнага доступу

„Бульбаш“: ці бяскрыўдная мянушка і ці беларускае гэта слова


„Бульбаш“ — гэта абраза?
„Бульбаш“ — гэта абраза?

Сьцісла:

  • У Беларусі зьяўляюцца чарговыя „брэнды“ з словам „бульбаш“. Але стаўленьне грамадзтва да яго неадназначнае.
  • „Бульбаш“ не саманазва беларусаў і ўвогуле не беларускае слова.
  • Суфікс -аш уласьцівы расейскім жарганізмам і словам з прыніжальным значэньнем (торгаш, алкаш, елдаш).
  • Слова ўзьнікла ў сярэдзіне 1940-х гадоў, спачатку азначала вайскоўцаў атамана УПА Тараса Бараўца („Бульбы“).
  • Прыйшло ў расейскі крымінальны жаргон са значэньнем „беларус“, адтуль — у армейскі, дзе яго і пачулі беларускія мужчыны, што служылі ў савецкім войску.
  • Мянушкі народаў паводле гастранамічных прыхільнасьцяў заведама прыніжальныя; Ірляндцы абражаюцца, калі іх называюць Potato-eaters (бульбаеды);
  • Але слова „бульбаш“ папулярызуе і фактычна абвясьціў саманазвай беларусаў галоўны герой тэлевізійных навін. У выніку ўласьнікі брэндаў „Бульбаш“ рэагуюць на пратэсты самаўпэўнена і агрэсіўна.

Спрэчка ня новая. Ізноў мяне зачапіла, калі нейкі час таму ў маім Зялёным Лузе зьявілася рэкляма дзіцячага цэнтру „Бульбашик“.

Рэкляма дзіцячага цэнтру „Бульбашык“. Менск
Рэкляма дзіцячага цэнтру „Бульбашык“. Менск

Ёсьць „бульбаши“ — чаму ня быць „бульбашикам“

Пазваніў на нумар аб’явы. Адказалі (ветліва, як магчымаму кліенту). Не, беларускамоўных групаў не плянуюць. Я спытаў, што азначае назва цэнтру і ці яна нікога не бянтэжыць. Суразмоўца быццам чакала пытаньня, перапыніла: „Как вы заметили, у нас акцент на весёлое настроение, на юмор, взрослых жителей Беларуси так шутливо называют, почему бы и детей не называть…“ Вось такі жыцьцярадасны прывабны брэнд — „Бульбашик“. (На гэты момант цэнтар не працуе, прычынаў ня ведаю.)

Быць „бульбашом“ — звычайная рэч?

Маем два вулічныя апытаньні на гэтую тэму — 2012 і 2017 году. За пяць гадоў настроі тых, хто трапіў у аб’ектыў (выбарка выпадковая, нерэпрэзэнтацыйная!), крыху зьмяніліся: у 2012-м згодных быць бульбашамі была абсалютная бальшыня.

​У 2017-м прапорцыя крыху ўраўнаважылася.

Некаторыя адказы на пытаньне „Ці крыўдна вам будзе, калі скажуць — вы бульбаш?“:

— Нормально, нас так называют: бульбаш — беларус...
— Нет, конечно, патамушо мы беларусы, какая тут может быть крыўда!
— Нее, бульбашы-ы, канешна, ой, вы што!
Нармальная назва?
— Даже симпатичная, милая, я бы сказала.

А як разумеюць/адчуваюць спытаныя гэтае слова?

— Бульбаш значит в переводе „картофельник“.
— Человек, кушающий картошку.
— Бульбаш... Ну это беларус. Такой беларус-беларус. Прямо любитель картошки.

Бальшыня лічыла, што „бульбашы“ — гэта беларускае слова, саманазва, або не задумвалася на гэтую тэму. Былі і такія адказы (хоць ня часта):

— Бульбаш? Ну так называют беларусов жители других стран.

А сёлета, у 2022 годзе, апытаньне прайшло ў суполках „Толькі пра мову“ ў розных сацыяльных сетках.

Апытанка пра слова „бульбаш“. 2022
Апытанка пра слова „бульбаш“. 2022

У фэйсбуку і інстаграме тых, хто лічыць „бульбаша“ абразаю, удвая больш, чым тых, хто да яго ставіцца спакойна. У тэлеграме такіх прыблізна пароўну. Тыя, хто пазначаў два варыянты — і „бяскрыўдная мянушка“, і „абраза“ — нярэдка заўважалі: маўляў, калі „бульбашом“ называе чужы, то абражаюся, а калі свой жа, беларус, — то не. Гэта вядомая і апісаная псыхолягамі сытуацыя: паміж сабой маем права кпіць з свае супольнасьці, а чужакі — не.

У кожным разе бачым прынамсі супярэчлівае ўспрыманьне слова.

Ці беларускае гэта слова?

Назвы народаў — этнонімы — дзеляцца на эндаэтнонімы (ад грэцкага ἔνδον ‘унутраны’), якімі народ называе сябе сам, і экзаэтнонімы (ад грэцкага ἔξω ‘вонкавы’), якімі пэўны народ завуць іншыя.

Тое, што слова „бульбаш“ — не саманазва, падкрэсьліваў лінгвіст Пётра Садоўскі ў экспэртным камэнтары для суду пра слова, палемізуючы з афіцыйнай экспэрткай ад Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук (падпісанай як О. Щербакова). Слова няма ў беларускіх слоўніках пад грыфам той самай Акадэміі навук. Дадам, што няма яго і ў слоўніках клясычнага канону, і ў Корпусе беларускай мовы, і ў беларускай мове ў прынцыпе.

Вось жа „бульбаш“ — экзаэтнонім, чужое слова.

Калі не зважаць на вернападданыя „раёнкі“, па-беларуску яно ўжываецца хіба як барбарызм, з усьведамленьнем, што мы сябе так не называем і такімі ня лічым. Лявон Вольскі быў пацьвердзіў, што парода „бульбашоў“ ёсьць, але „яны“ гэта ня „мы“:

Яны прагнуць маны.
Хочуць, каб ім хлусілі.
І самі хлусіць яны
Любяць па страшнай сіле.

Бульбашы,
Бульбашы,
Бульбашы
Хлусяць па страшнай сіле.

„Бульбаш“ — этнафаўлізм. Гэта не азначае нічога добрага

Лінгвісты даўно дасьледуюць мянушкі, якія даюць адны народы іншым. Тэрмін ethnophaulism (ад грэцкіх ἔθνος ‘народ, краіна’ і φαύλισμα ‘зьнявага’ увёў амэрыканскі псыхоляг Абрам Робак, родам з Гонядзі на Падляшшы, які ўклаў першы слоўнік міжнародных абрáзаў — A Dictionary of International Slurs (1944). Расейскі лексыколяг Леанід Крысін „ненарматыўныя этнонімы“ (у ангельскай offensive ethnonyms) апісвае як безумоўна нэгатыўныя:

„Гэтыя словы маюць у рознай ступені рэзкае адмоўнае афарбаваньне, у якім адлюстроўваецца нэгатыўнае — зьедліва-кплівае, грэблівае, прыніжальнае, пагардліва-іранічнае і пад. — стаўленьне носьбітаў расейскай мовы да прадстаўнікоў пэўных этнасаў. Большая частка такіх этнонімаў не фіксуецца сучаснымі тлумачальнымі слоўнікамі“.

Слова „бульбаш“ няма ў слоўніках і расейскае літаратурнае мовы. Бо яно там належыць да катэгорыі offensive ethnonyms.

Ніхто ня любіць мянушак за ежу

Стылістычна-эмацыйны спэктар нацыянальных мянушак розны. Бываюць сярод іх ня крыўдныя. Britons — мянушка для ангельцаў у нечым нават узвышаная, ад рымскай назвы.

Вылучаюць асобную групу этнафаўлізмаў, матываваных ладам жыцьця і звычаямі іншага народу. Іх карані ў старадаўнім проціпастаўленьні „свой — чужы“: рысы „чужога“ недарэчныя, ненармальныя. І ежа ў „чужых“, вядома ж, дзіўная і няякасная, дый спажываюць яны яе ў непрымальных аб’ёмах.

Міжнародны Journal of Language and Social Psychology у 2010 годзе апублікаваў вынікі дасьледаваньня „Як ты назваў мяне? Эўрапейскія і амэрыканскія рэйтынгі валентнасьці этнафаўлізмаў“. Прадстаўнікоў 17 эўрапейскіх народаў, якія прыехалі ў ЗША, прасілі ацаніць ступень нэгатыўнасьці розных ангельскіх мянушак для іхных народаў.

Вось жа мянушкі паводле (сапраўдных ці выдуманых) гастранамічных схільнасьцяў успрымаюцца адмоўна і нават вельмі адмоўна.

Немцы нэгатыўна (2,8 бала паводле 10-бальнай шкалы, дзе 5 балаў — мяжа нэгатыву і пазытыву) ацэньваюць мянушкі Sauerkraut, Sausage i Hans Wurst (‘кіслая капуста’ і дзьве „каўбасныя“ мянушкі; ніжэй ідуць толькі абразы накшталт „капустагаловы“ і Nazi).

Французы сама больш ня любяць амэрыканскіх мянушак Frog i Jean-potage (‘Жаба’, ‘Жан-cуп’, па 3,25). Італьянцы не прымаюць этнафаўлізмаў Spaghetti-bender, Spag, Macaroni. Швэды і нарвэгі лічаць адмоўнымі селядцовыя мянушкі Herring-choker і Herring-destroyer (‘душыцель’ і ‘зьнішчальнік селядца’, адпаведна 2,40 і 4,8). Паказальна, што расейцы катэгарычна (1,8) не прымаюць мянушкі Cabbage-eater(‘капустаед’; мо гэта пра „щи“).

Выключэньне — толькі вугорцы, якіх мянушка Goulash не абражае (6,6).

Ірляндцы хочуць быць не бульбашамі, а змагарамі

А ірляндцы — увага! — не выносяць, калі іх абзываюць Potato-eaters (‘бульбаеды’; 2,13), горшая толькі мянушка „балотныя пацукі“. Затое яны ня супраць мянушкі Fighting-Irish (ад колішніх ірляндзкіх жаўнераў у Грамадзянскай вайне; 5,25), слова абрасло выявамі і стала брэндам. А гэта ж той самы „змагар“, якім па-расейску спрабуюць абражаць сьведамых беларусаў.

Таму ў прыстойным таварыстве не прынята называць французаў жабаедамі, немцаў капустажэрамі, мэксыканцаў бабáмі, а паўночных немцаў рыбінымі галовамі. Ангельскія і нямецкія мовазнаўцы адносяць усе адпаведныя словы да прыніжальных.

Ня толькі „бульбашы“. Мы бывалі і „мякіньнікамі“...

„Бульбашы“ — ня першая мянушка, якую чужыя давалі беларускаму народу.

Паводле У. Даля, расейцы зьняважліва называлі беларусаў (ліцьвіноў) колтуны (Литвинъ — колтунъ) — ад хваробы каўтуна, а таксама земляники́ ‘грабары, землякопы’ (Бѣлорусы земляники). Атрымалі беларусы ад расейцаў і мянушку паводле гастранамічных прыхільнасьцяў (думаю, уяўных):

Мякинникъ (…) Кто ѣстъ мякину. Литвины мякинники; вообще прозвище бѣлорусовъ и псковичей.

Мякіна пасьля абмалоту калосься жорсткая, з вострымі асьцюкамі; муку зь мякінай вымушана — для эканоміі — малолі ў галодныя гады. Крыўднай мянушкай усходнія суседзі кляймілі насельнікаў розных гістарычна і моўна беларускіх земляў — ня толькі Пскоўшчыны, але, напрыклад, жыхароў Суражу на Старадубшчыне. Але сумняюся, што такая дыета адрозьнівала жыхароў ВКЛ ад падданых Маскоўскай дзяржавы ды іх нашчадкаў; наадварот, сурагатны хлеб быў тыповы для ўласна расейскіх губэрняў.

...і „бурачкамі“

Заходнія суседзі мелі для нас іншы „гастранамічны“ этнафаўлізм. Падданых ВКЛ пагардліва называлі boćwina, boćwiniarz, boćwinisko — ад беларускага слова бацьвіньне (раней азначала і ўласна бурак, і лісьце бурака; дарэчы, абодва — важныя складнікі традыцыйнага халадніку).

Продкі нашыя не былі ў захапленьні. Багушэвіч хоць і ўзяў сабе псэўданім Мацей Бурачок — але дэманстратыўна, з самаіроніяй.

Францішак Багушэвіч. Вокладка кнігі «Дудка беларуская», Вільня, 1922
Францішак Багушэвіч. Вокладка кнігі «Дудка беларуская», Вільня, 1922

Ані бацьвінаю, ані мякіньнікамі самі беларусы не пачалі сябе называць. А чаму ж частка беларусаў пагадзілася быць „бульбашамі“? Бо прывучылі, выкарыстаўшы неканфліктнасьць і адаптыўнасьць нацыянальнага характару.

Прышчэпка ў савецкім войску

У савецкім войску беларусаў груба прыніжалі тою бульбаю здавён. Пётра Садоўскі піша:

Памятаю, як у першы ж дзень у вайсковай вучэльні ў Яраслаўлі (1959 год) старшына роты перад строем пракамэнтаваў геаграфію майго паходжаньня: «Белоруссия родная, бульба дробная гнилая…»

А ў артыкуле „Бульбаш“ у „Слоўніку Свабоды“ Андрэй Лапцёнак успамінае пра савецкую армію і такое: першая рэакцыя на „бульбаша“ — належна адказаць крыўдніку на інтанацыю абразы, але раптам беларус у імпэрскім войску праз гэтую стыгму ўсьведамляў, што ён асобны, адметны:

«Бульбаш» — гэта тая мяжа, дэмаркацыйная лінія, якая назаўсёды аддзяліла нас ад «хахлоў», «маскалёў», «лабусаў» і «пшэкаў».

Слоўнік Свабоды: XX стагодзьдзе ў беларускай мове. Слова на дзень для памяці і для роздуму

Г. зн. бывала, што этнафаўлізм, насуперак самой сваёй істоце, стымуляваў абуджэньне прыспанай нацыянальнай сьвядомасьці маладога беларуса.

Магчыма, гэта адно з тлумачэньняў выпадкаў талерантнага стаўленьня да ксэнафобскай мянушкі.

Навязьлівы брэнд

Слова бульбаш агрэсіўна заваёўвае сабе прастору ў Беларусі.

Першай узялася за перапраграмаваньне сьвядомасьці нацыі гарэлачная фірма. Потым зьявіліся мясапрадукты з страшнаватай (у традыцыях доктара Лектэра) назвай „Вкус бульбаша“. Людзі абураліся і сьмяяліся, таму фірма ўставіла ў „брэнд“ прыназоўнік „от“.

Марка мясапрадуктаў „Вкус бульбаша“. (с) Інфа-Кур'ер
Марка мясапрадуктаў „Вкус бульбаша“. (с) Інфа-Кур'ер

Зьявіліся нейкія „фестивали бульбаша“. А зусім афіцыйна слова прымусілі загучаць па-беларуску — „Гасьцёўня бульбаша“ — у рамках сьвята ў вёсцы Александрыя. Прадказальна: найбольшы ўклад у легалізацыю і штучнае падыманьне статусу слова бульбаш уносіць вядомы абарыген Александрыі.

Раней ён зазначаў, што, маўляў, нас так называюць (прызнаваў экзанімічнасьць мянушкі):

„Например, нас называют бульбашами, но сейчас у нас позиции по картофелеводству не такие, как были ранее (2009).

Але празь 10 гадоў у ягонай галаве экзаэтнонім ператварыўся ў эндаэтнонім (нібыта беларусы ўжо так называюць самі сябе):

„Картошки отварите, мы же бульбаши! Драники выпекайте, чай приготовьте, автомобиль помойте, еще что-то. Море услуг! (пра бізнэс на транзыце; 2019).

Індульгенцыя абвешчана. Сэмантычна-стылістычную іньекцыю чужога ў мазгі беларусаў можна пашыраць.

Форма вызначае зьмест

Слова бульбаш у значэньні ‘беларус’ — расейскае; найбольш імаверна, з расейскага крымінальнага арго. Вось культавы для пасьвячоных „Словарь тюремно-лагерно-блатного жаргона“ Балдаева, Бялко і Ісупава 1992 году выданьня:

Слова „бульбаш“: Словарь тюремно-лагерно-блатного жаргона. Москва, 1992
Слова „бульбаш“: Словарь тюремно-лагерно-блатного жаргона. Москва, 1992

Поруч — елдаш ‘азіят’, лохтарь ‘эстонец’ і г.д. Суфікс -аш характэрны для расейскіх аргатызмаў — таго ж елдаш, легаш ‘легавый, міліцыянт’, целкаш ‘целковый, рубль’, таксама торгаш, алкаш — гэтыя паралелі прыводзіць Пётра Садоўскі ў згаданай экспэртызе. Суфікс -аш паказвае на прастамоўнасьць, зьніжанасьць. У нас ён зусім рэдкі і, як піша знаўца словаўтварэньня Павел Сьцяцко, надае асабовым назоўнікам „экспрэсію непахвальнасьці“ (звадыяш, гневаш; зазначу, што беларускі суфікс, відаць, іншага паходжаньня).

А корань слова — бульба намякае і на паніжаны сацыяльны статус чалавека, што, пагатоў з вуснаў чужаземцаў, успрымаецца балюча. З вулічнага апытаньня:

Картофельник. Такой человек, который сидит в селе на своих харчах.
Типичный селянин, я это понимаю так.

Найбольш адназначна ставяцца да слова бульбаш людзі, якія пабывалі ў Расеі:

Когда меня в Москве называют бульбашка, я обижаюсь.

Як і калі ўзьнік „бульбаш“

Знайсьці слова можна толькі ў расейскіх слоўніках аргатычнай і абсцэннай лексыкі. Прычым спачатку яно было ў іншым значэньні:

„Прозвище последователя С. Петлюры, мельниковца. Употреблялось в разведгруппе «Голос» с июля 1944 г. От белорусского названия картофеля — бульба“ (Х. Вальтер, В. Мокиенко. Большой словарь русских прозвищ. Москва, 2007).

Няясна, ані чаму ўкраінскія вайсковыя дзеячы атрымалі фамільярную мянушку ад беларускага слова, ані якім бокам Сымон Пятлюра да падзеяў 1940-х гадоў. Папраўдзе СМЕРШаўцы так называлі ваеўнікоў Тараса Бараўца („Тараса Бульбы“) з УПА „Палеская Сеч“ на Валыні і Палесьсі. Але важна, што слова бульбаш у расейскай мове фіксуецца толькі зь сярэдзіны 1940-х. Потым яно, памяняўшы значэньне, замацавалася ў крымінальным арго.

Ці абураліся

Так. Быў не адзін зварот у суды. Яўген Гучок, Валеры Місьнікоў спрабавалі юрыдычна адстаяць сваё права на абарону нацыянальнай годнасьці ад абразьлівай, на іхную думку, мянушкі, якая запоўніла візуальную прастору. Рабіла запыт Аліна Нагорная. Марна.

Пётра Садоўскі апісаў канфлікт з уплывовым уласьнікам „брэнду“:

Эмацыйны дыскамфорт... запаўзае ў сэрца адукаванага беларуса, калі ён бачыць на сёньняшніх вуліцах Менску прыметы прысутнасьці колішняй Расейскай імпэрыі“. Пры гэтым экспэрт ня лічыць, што уласьнікі таварнага знаку ад пачатку хацелі пакрыўдзіць беларусаў. Але яны не разумеюць тых беларусаў, каго слова “бульбаш” балюча крыўдзіць. Больш за тое — пераходзяць у наступ і абвінавачваюць тых, хто патрабуе вывесьці неадназначнае слова з публічнага ўжытку, у... распальваньні нацыянальнай варожасьці!

Гэта дае аўтару экспэртызы падставу думаць, што дырэктар СТАА „Дыёніс“ М. Лявончык „не такі ўжо і бяскрыўдны ігнарант“. Я ж мяркую, што папулярызатары „бульбаша“ на рынку ведаюць, што могуць разьлічваць на „найвышэйшую“ прыхільнасьць, адкуль і вынікае іхная самаўпэўненасьць і агрэсія.

Не сумняюся, што калі б мы былі больш скансалідаванай нацыянальнай супольнасьцю, пасьля сапраўды масавых пратэстаў ніхто не пасьмеў бы даваць сумнеўную назву вырабам і ўстановам. Зрэшты, адзін дастаткова масавы пратэст усё ж быў. Сьвядомае беларускае грамадзтва абурылася і будаўніцтвам забаўляльнага комплексу каля курапацкіх магіл, і яго назваю — „Бульбаш-хол“. У выніку ўласьнік паціху прыбраў — праўда, толькі назву, але ня комплекс.

Але зьяўленьне „Бульбашика“ сьведчыць, што мы пакуль недастаткова прымусілі сябе паважаць.

Калі я „бульбаш“, то магу абражаць іншых?

Ускосным вынікам легалізацыі слова бульбаш стала тое, што некаторыя беларусы ня бачаць нічога кепскага і ў называньні суседніх народаў мянушкамі. Але калі ваш суразмоўца — украінец, паляк, літовец — далікатна маўчыць ці пасьміхаецца ў адказ на хахла, пшэка і лабуса, гэта зусім ня значыць ягонай згоды так звацца! Суразмоўца ж можа аказацца і недалікатны — тады не крыўдуйце на наступствы.

Для ведама. Мянушка лабус для літоўцаў і латышоў абразьлівая. Часта лічаць, што яна ад слова labas, labs — ‘добры’ (напр. дзень), але, падобна, яна паходзіць ад крыўднага беларускага дыялектнага слова лабус ‘неразумны, дурнаваты’, ніяк з labas не зьвязаным.

І хахлом сябе сьвядомы ўкраінец ніколі не назаве. Хоць слова гэтае даволі даўняе, зьвязанае з казацкімі традыцыямі. Бо ёсьць назва народу — і людзі хочуць, каб іх называлі менавіта ўкраінцамі, літоўцамі, палякамі.

Пагатоў з пачаткам шырокамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў нашым рэгіёне пытаньні нацыянальнай годнасьці абвострыліся гранічна. І мы не „бульбаши“, і дзеці-ўнукі нашы — не „бульбашики“.

«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» — аўтарская рубрыка, дзе ацэнкі і меркаваньні не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG