Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Словы „беларускае кіно“ больш не выклікаюць пагардлівай усьмешкі» — Жбанкоў пра пераможцаў Bulbamovie-2016


Максім Жбанкоў, архіўнае фота
Максім Жбанкоў, архіўнае фота

У Менску завяршыўся фэстываль новага беларускага кіно Bulbamovie-2016, які праходіць у Арткінатэатры ў ГЦ «Тытан» 21-22 кастрычніка.

Сёлетняя праграма Bulbamovie разгортвалася ў трох асноўных кірунках: мастацкае кіно, дакумэнтальнае кіно і анімацыя. Было пададзена 64 заяўкі, зь іх 24 прайшлі першасны адбор і стварылі конкурсную праграму.

Як паведаміў Свабодзе праграмны дырэктар Bulbamovie-2016 Максім Жбанкоў, у намінацыі «Мастацкае кіно» журы адзначыла стужку рэжымэра Віктара Красоўскага «Душы мёртвыя», у намінацыі «Анімацыя» — стужку рэжысэра Івана Гапіенкі «Дзеці будучыні сьпяць».

«Журы праняла рашэньне не адзначаць нікога ў намінацыі „Дакумэнтальнае кіно“, а замест гэтага выдаць дзьве дадатковыя ўзнагароды для мастацкіх і анімацыйных фільмаў. Іх атрымалі стваральнікі стужак „Дваццацьшаснаццаць“ і „Лямбэрсэк і даярка“. Як пажартаваў адзін зь сябраў журы Паўлюк Канавальчык, замест адной залатой бульбіны выдалі два залатыя дранікі», — расказаў Жбанкоў.

Апроч гэтага журы вырашыла ўзнагародзіць мастацкую стужку «Вянок» прызам глядацкіх сымпатыяў, а фільм пераможца сярод анімацыйных фільмаў «Дзеці будучыні сьпяць» атрамаў дадаткова ўзнагароду за лепшы гук.

«Bulbamovie — гэта фэстываль, які пачынаўся перад усім як Варшаўскі фэст беларускага кіно. Сёлета, ужо другі год запар, мы яго робім у Менску, і я думаю, што гэта абсалютна лягічна, бо няма сэнсу ехаць па беларускае кіно ў Варшаву ці ў Вільню, калі яно робіцца тут. Мы разглядаем сваю місію як пляцоўку для сустрэчы новых беларускіх аўтараў з новай маладой публікай і спадзяёмся, што ў нас усё атрымаецца», — казаў Жбанкоў Свабодзе перад стартам фэстывалю.

«Уся праграма фэстывалю, і асабліва пераможцы, якіх абрала журы, засьведчылі, што беларускае кіно выходзіць на новы ўзровень якасьці. Прынамсі, цяпер словы „беларускае кіно“ ўжо не выклікаюць пагардлівай усьмешкі й зьдзеклівых камэнтароў. Упершыню мы маем новую генэрацыю, якая дэманструе эўрапейскі ўзровень валоданьня тэхнікаў экраннага выказваньня і самы высокі тэхнічны ўзровень. Фэстываль Bulbamovie — гэта плятформа, дзе можна пабачыць новых яркіх асобаў беларускага кінэматографу», — пракамэнтаваў Максім Жбанкоў вынікі конкурснай праграмы.

23 кастрычніка ў Арткінатэатры ў ГЦ «Тытан» аб 11.00 пакажуць усе стужкі анімацыйнай праграмы фэстывалю, а 12.00 — пачнецца дэманстрацыя фільмаў-пераможцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG