Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bulbamovie страціў «Хранатоп» і «Яечню па-беларуску» праз абвінавачваньні ў «антыгуманнасьці» 


Кадр з фільму «Хранатоп»
Кадр з фільму «Хранатоп»

Рэспубліканская экспэртная камісія ў пытаньнях прадухіленьня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці забараніла арганізатарам VI фэстывалю новага беларускага кіно Bulbamovie-2016 паказваць альманах «Хранатоп».

Пра гэта Свабодзе сказаў праграмны дырэктар кінафэстывалю Максім Жбанкоў.

«Вядома, што з нашай конкурснай праграмы мы вымушаныя былі прыбраць стужку «Яечня па-беларуску», якая была забароненая на падставе рашэньня экспэртнай камісіі Міністэрства культуры. І вось літаральна гадзіну таму мы атрымалі чарговую адмову на чарговую стужку нашай праграмы. Размова ідзе пра альманах «Хранатоп», які павінен быць паказаны на Bulbamovie як беларускі прэм’ерны пазаконкурсны фільм.

Гэта супольны праект каманды пад кіраўніцтвам рэжысэра Андрэя Кудзіненкі. Часткай гэтага альманаха быў перапрацаваны фільм «Яечня па-беларуску», якая ў вэрсіі «Хранатопа» была фактычна іншай стужкай, таму што была скарочана амаль удвая.

Тым ня менш у афіцыйнай паперы Міністэрства культуры пазначана, што «Хранатоп» можа быць паказаны на экранах, але за выключэньнем фрагмэнту «Яечня па-беларуску» з дакладным пазначэньнем часу — умоўна кажучы, ад 24 па 36 хвіліну.

У якасьці аргумэнтацыі прыводзіцца спасылка на папярэднія рашэньні камісіі, дзе фільм не атрымаў дазволу на пракат на падставе таго, што ён наводзіць на думкі пра «аднамерную антыгуманную жыцьцёвую пазыцыю», — кажа ён.

Такім чынам, Bulbamovie страціў ужо дзьве стужкі — «Яечня па-беларуску» і «Хранатоп».

«Фактычна такім чынам Міністэрства культуры ня толькі пацьвердзіла сваю ранейшую аргумэнтацыю, якая выглядае па меншай меры дзіўна. Яна на гэтай падставе фактычна забараніла прэм’ерны паказ „Хранатопу“ ў Менску, але зрабіла гэта такім дыпляматычным чынам — маўляў, мы не забараняем, але прыбярыце гэты кавалак. Гэта ўсё адно як сказаць — ведаеш, ты можаш хадзіць па гэтых вуліцах, але адсячы сабе руку ці нагу. Такім чынам, наша праграма страціла ўжо дзьве стужкі», — кажа Жбанкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG