Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто спрабаваў уцячы — зьбівалі. А паліцыя купленая», — берасьцеец апавёў пра рабства ў Расеі


Жыхар Берасьця Міхаіл Трацюк вярнуўся з працоўнага рабства з Расеі, схуднеўшы на 10 кіляграмаў. Замест абяцанага заробку ў 400 даляраў за месяц яго яшчэ і абакралі.

Пра тое, як ён трапіў у расейскае рабства пад Варонежам і як удалося вызваліцца, Трацюк распавёў у інтэрвію Радыё Свабода.

30-гадовы Міхаіл Трацюк некалькі месяцаў улетку ня мог знайсьці працу ў Берасьці:

«Не было працы проста. Па адукацыі я цырульнік, але даўно не практыкую. Працаваў у асноўным у Берасьцейскім тэатры тэхнікам-асьвятляльнікам. Але там заробкі былі такія, што нельга было працаваць...

Мая маці ўбачыла на слупе абвестку і кажа, што вось ёсьць варыянт зьезьдзіць папрацаваць у Расеі. Патэлефанаваў, усё нармальна патлумачылі — 400 даляраў за месяц абяцалі. Сказалі, паедзем у Курскую вобласьць зьбіраць яблыкі. Ну, я і падумаў, чаму ня зьезьдзіць. Да лістапада ім працаўнікі патрабаваліся. Думаю, добра, пяць месяцаў спакойна можна папрацаваць, да Новага году нейкія грошы падзарабіць», — кажа Міхаіл.

Прыехаў — і прымусілі адпрацоўваць за дарогу

Суразмоўца кажа, што чалавек, які іх набіраў на працу ў Расею, — жыхар Камянца. Цяпер ён затрыманы міліцыяй, супраць яго завялі крымінальную справу.

«Сабралі нас цэлы мікрааўтобус і павезьлі. Дарога, сказалі, бясплатная. А калі прыехалі ўжо туды, то аказалася, што ня ў Курскую вобласьць, а ў Варонескую. І выявілася, што і за дарогу мы вінныя. Таму што калі я ўбачыў, куды прывезьлі, то разьвярнуўся і хацеў сысьці, а мяне спынілі і сказалі: маўляў, усё, дарагі, грошы адрабляй за дарогу».

Міхаіл кажа, што пасялілі іх у былой калгаснай лазьні ў вёсцы Данкава Кашырскага раёну Варонескай вобласьці. У памяшканьнях стаялі двухпавярховыя ложкі, умовы побыту — самыя мінімальныя. Напачатку, кажа Міхаіл, не было электрыкі. Нават газу не было, каб гатаваць есьці на пліце ці пагрэць ваду. Варылі на вуліцы на дровах. Толькі потым прывезьлі балён з газам.

Былая калгасная лазьня ў вёсцы Данкава, дзе прымусова ўтрымлівалі беларусаў

Былая калгасная лазьня ў вёсцы Данкава, дзе прымусова ўтрымлівалі беларусаў

«Абяцалі нармальнае пражываньне, нармальнае харчаваньне. Але аказалася, што прыяжджалі з поля а 23-й гадзіне, амаль ня еўшы цэлы дзень, хіба якую талерку гароху ў абед. А прыяжджаеш з працы — табе кажуць, маўляў, на, „Ролтан“ завары ды паеж... Раніцай — кавалак хлеба з маргарынам, гарбата, ды паехаў...

Было там каля 30 чалавек агулам, калі мы прыехалі. Гэта ў адным толькі доме. А быў яшчэ другі дом, дзе людзі жылі. Большасьць беларусаў былі берасьцейцамі, два чалавекі з Кобрыні, адзін з Жабінкі», — кажа Міхаіл.

Хлопец распавёў, што былі там і жанчыны. Яны найбольш пакутавалі, што не было як падтрымліваць гігіену:

«Ваду ў бочцы прывозілі. Каб нармальна памыцца, яны грэлі ваду на агні і ішлі з бутэлькі паліваць адна адну. Недалёка была рака. Спачатку не дазвалялі туды хадзіць, увогуле забаранялі выходзіць у вёску. А потым дазволілі хадзіць у раку мыцца. Калі некаму былі патрэбныя лекі — то не дачакаесься. Жанчыны ніякіх сродкаў гігіены не маглі дапрасіцца», — кажа Міхаіл.

Хто спрабаваў уцячы — зьбівалі, а паліцыя ніяк не рэагавала

Міхаіл распавёў, што ўцячы з рабства было амаль немагчыма:

«Маладых нас там было некалькі чалавек, асноўная колькасьць — людзі ва ўзросьце, якія выпіць любяць. Кожны дзень некага білі. Калі спрабаваў нехта ўцячы, то вярталі ды зьбівалі. Проста на трасе лавілі чалавека ды назад прывозілі. Там кругом палі, лясоў няма, няма дзе і схавацца. Многія, хто ўцякаў, ішлі лавіць аўтаспынам машыну на бліжэйшай аўтазапраўцы на трасе, то іх там і лавілі.

Адзін з працаўнікоў выклікаў паліцыю. Яны прыехалі, паслухалі, павіталіся з галоўнымі і зьехалі. Яны іх ведалі. Другі раз выклікалі, і тое самае — паліцыя прыехала і зьехала. А нам гаспадары сказалі, што калі яшчэ раз выклічам, то, маўляў, яны самі вас і пакараюць. Паліцыя там купленая, гэта сто працэнтаў.

Умовы побыту — двухпавярховыя нары ды голыя дошкі

Умовы побыту — двухпавярховыя нары ды голыя дошкі

Учора я атрымаў інфармацыю, што адзін з тых, хто нас утрымліваў — сын нейкага сілавіка ці нейкага палкоўніка на пэнсіі. Відаць, таму ў іх там усё і „схоплена“, як кажуць,» — сказаў Міхаіл.

Міхаіл Трацюк кажа, што пашпарты ў вымушаных працаўнікоў хацелі спачатку «ўзяць, каб зрабіць копіі», але людзі не далі.

«А вось сім-картак у нас не было, адабралі. Была адна сытуацыя, калі ноччу ўваліліся ў нашы баракі, пачалі зьбіваць усіх, хто пад руку папаўся. І тады ва ўсіх адабралі сім-карты. Таму зьвязацца не было магчымасьці», — кажа берасьцеец.

«Я за месяц і тыдзень 10 кіляграмаў скінуў»

«Тыя людзі, што ўтрымлівалі нас, — малдаване ды цыганы ў асноўным. Кармілі абяцанкамі, што будзе дамова, усё падпішам. А аказалася — загналі на поле, і да захаду сонца... Бульбу зьбіралі, буракі, моркву... Палі вялікія — морквы недзе 40 гектараў было. Працы было вельмі шмат, фізычна вымотваліся. Я за месяц і тыдзень 10 кіляграмаў скінуў. Працаваць даводзілася і па 14, і па 17 нават гадзін. Гарачыня стаяла пад 40 градусаў. Людзі часам у непрытомнасьці падалі, іх толькі адносілі ў цянёк.

Нас, маладых, ставілі на пагрузку ўвесь час. Цэлы дзень на сьпякоце грузілі ў фуры мяшкі. Грузілі і начамі ў сьвятле фар. Увесь час працуеш, і толькі чуеш, як стаяць над табой і крычаць, каб хутчэй. А куды хутчэй, калі людзі як коні штодня працуюць, адкуль сілы набрацца?» — кажа Міхаіл пра ўмовы працы ў рабстве.

«Яны, выходзіць, займаліся субпадрадам людзей. Там у ваколіцах былі фэрмэры, якім патрэбныя былі працаўнікі на поле бульбы, ці морквы, напрыклад. Яны тэлефануюць гэтым людзям, што нас утрымлівалі, і тыя вязуць нас на палі», — кажа Міхаіл пра сваіх «працадаўцаў».

Міхаіл кажа, што «гаспадары» абкрадалі многіх працаўнікоў:

«Рэчы пакідаеш, зьяжджаеш у поле, а потым бачыш, што нехта лазіў. Амаль ва ўсіх нешта прападала. У мяне пляншэт скралі і палатку, якую я ўзяў з сабой — думаў, пасьля заробкаў некуды на адпачынак зьежджу».

Уцёкі, як у крымінальных фільмах

Міхал Трацюк кажа, што ўцячы яму ўдалося дзякуючы сябру-дальнабойшчыку:

«Аднойчы прывезьлі новых людзей, і ў іх яшчэ не пасьпелі адабраць тэлефоны. Я папрасіў тэлефон і патэлефанаваў сябру свайму, Дзьмітрыю Дзеркачу зь Берасьця. Ён якраз па працы на фуры ехаў у Краснадар. І якраз вёска Данкова была каля 6 кілямэтраў ад трасы, па якой ён павінен быў ехаць. Мы зь ім дамовіліся, што ён уначы падʼедзе па мяне. І я ўначы, ціхенька, з заплечнікам уцёк адтуль.

Сябар зьняў прычэп сваёй фуры на запраўцы і ўначы, як і дамаўляліся, прыехаў па мяне на дарогу. Забраў, паехалі на тую запраўку чапляць прычэп, а ён і кажа — маўляў, давай тут пераначуем. Я кажу, не, давай уцякаць адсюль хутчэй. І зь ім я даехаў дадому», — кажа Міхаіл, не хаваючы ўдзячнасьці сябру за вызваленьне.

«На наступны дзень, як я вярнуўся ў Берасьце, мне сябар параіў зьвярнуцца ў арганізацыю „Клюб дзелавых жанчын“, якая якраз займаецца праблемамі гандлю людзьмі. Цяпер дзякуючы гэтай арганізацыі мяне накіравалі бясплатна вучыцца ў аўташколу і дапамаглі з працай — на філіял „Пінскдрэва“ ўладкавалі. Дапамаглі і матэрыяльна.

У Берасьці напісаў заяву ў міліцыю, і ня я адзін, а ўсе, хто змог вярнуцца. Завялі крымінальную справу супраць таго чалавека, што нас вэрбаваў», — кажа Міхаіл.

Міхаіл Трацюк кажа, што раней ужо бываў на заробках у Расеі — адміністратарам у рэстаране ў Якуціі. Але тады ўсё абышлося добра, шчасьліва вярнуўся дахаты. Цяпер жа ня ведае, ці паехаў бы на заробкі. Ня ўпэўнены ў людзях, якія туды клічуць:

«Я ўвогуле не ўяўляў, што можна ў такое рабства трапіць. Каб у Расеі, у Варонескай вобласьці, малдаване запалохвалі беларусаў вось так... Жах нейкі. Дагэтуль сплю дрэнна, жахі сьняцца ўсялякія».

Жыхар Камянца пераправіў у Расею каля 50 беларусаў

Як распавёў «Брестской газете» начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Дучэнка, берасьцейская міліцыя затрымала жыхара Камянца 1983 году нараджэньня, якія вэрбаваў людзей зь Берасьцейшчыны «на заробкі» ў Расею. Пры ператрусе ў яго знайшлі запіскі, зь якіх выявілася, што ён накіраваў у Расею каля 50 чалавек. Частка зь іх вярнуліся, а некаторыя, мабыць, яшчэ ў Расеі.

У дачыненьні да жыхара Камянца распачатая крымінальная справа паводле артыкула 187 Крымінальнага кодэксу — незаконныя дзеяньні, накіраваныя на працаўладкаваньне грамадзянаў за мяжой.

Паводле Берасьцейскага ўпраўленьня ўнутраных спраў, беларуская міліцыя сумесна з расейскай паліцыяй высьвятляе асобы людзей, якія засталіся ў лягеры ў вёсцы Данкава Кашырскага раёну Варонескай вобласьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG