Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы кажуць, што 44 тысячы чалавек у Беларусі жывуць у «сучасным рабстве».

Карбалевіч: Паводле дасьледаваньня аўстралійскай праваабарончай арганізацыі Walk Free Foundation, 45,8 мільёна чалавек па ўсім сьвеце знаходзяцца ў той ці іншай форме нявольніцтва. Беларусь у гэтым рэйтынгу заняла 25 месца. Тут праваабаронцы налічылі больш за 44 600 нявольнікаў, то бок людзей, якія знаходзяцца ў паднявольным становішчы.

Краіны ацэньваюцца па 24 парамэтрах. У асноўным маецца на ўвазе нядобраахвотная праца ці пазаэканамічны прымус. Нявольніцтва праваабаронцы знайшлі і ў Польшчы, і ў Літве.

У якасьці прыкладу нядобраахвотнай працы ў Беларусі ў дасьледаваньні названыя суботнікі — у іх удзельнічае большасьць насельніцтва, якое працуе. Так супала, што амаль у той жа час, калі зьявілася гэтая інфармацыя, быў адменены дэкрэт прэзыдэнта ад 7 сьнежня 2012 году, які забараняў звальняцца работнікам дрэваапрацоўчай галіны. Тады мэдыі шмат пісалі, што ў Беларусі ўводзіцца прыгоннае права.

Увогуле, прыкладаў прымусовай працы ў Беларусі даволі шмат.

Гэта людзі, якія знаходзяцца ў месцах зьняволеньня.

Гэта бацькі, якія кінулі сваіх дзяцей, не клапоцяцца пра іх. Такіх нядобрасумленных бацькоў прымушаюць працаваць, каб яны аплачвалі дзяржаве ўтрыманьне іхніх дзяцей. Тым, хто ўхіляецца, прысуджаюць абмежаваньне волі.

Гэта выпускнікі навучальных установаў, якія мусяць адпрацаваць два гады па разьмеркаваньні.

Увогуле ў рамках кантрактнай сыстэмы работнік у Беларусі бяспраўны. Ягоныя правы ня можа абараніць ніхто, ні прафсаюзы, ні суд.

Шмат пытаньняў выклікаў у праваабаронцаў прыняты ў 2015 годзе «дэкрэт аб дармаедах». Паводле яго людзі, якія афіцыйна не працуюць, павінны плаціць дзяржаве нейкі збор ці падатак. Гэта таксама можна разглядаць як прымус да працы.

Увогуле ў патэрналісцкай дзяржаве, дзе захавалася шмат элемэнтаў адміністратыўнага кіраваньня эканомікай, пазаэканамічны прымус —элемэнт неабходны. Бо ідэалягічны канструкт патэрналісцкай дзяржавы грунтуецца на эгалітарысцкай канцэпцыі сацыяльнай справядлівасьці, згодна зь якой усе павінны працаваць на карысьць грамадзтва (на самой справе — дзяржавы), а ўжо ўлады ад імя народа падзеляць атрыманыя даброты паміж падданымі. Калі ўлада вялікай лыжкай раздае, дзеліць на ўсіх баланду, дык таму яна лічыць, што мае права патрабаваць, каб кожны грамадзянін добрасумленна зарабляў сваю пайку. Хто гэтага ня робіць, той сацыяльны ўтрыманец, дармаед, чужы элемэнт у патэрналісцкай сыстэме, да якога трэба прымяняць меры прымусу. І сацыяльная дзяржава натуральным чынам ператвараецца ў паліцэйскую сацыяльную дзяржаву.

Цыганкоў: Учора быў скасаваны дэкрэт пра немагчымасьць звальняцца з прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. Яго скасаваньне — яркі і красамоўны паказьнік таго, як беларуская ўлада вымушаная рэагаваць на міжнародныя патрабаваньні. Прынамсі ў галіне абароны прафсаюзаў, умоваў працы. Гэта дзейнічае эфэктыўна, магчыма, больш эфэктыўна, чым у праваабарончай ці палітычнай сфэры. Некалькі разоў беларускім незалежным прафсаюзам, якія ўсё ж ня могуць пахваліцца вялікай масавасьцю і ўплывам, на міжнародным узроўні ўдавалася ўсё ж скасаваць найбольш абуральныя дзеяньні беларускіх уладаў — пад пагрозай таго, што супраць Беларусі могуць быць уведзеныя санкцыі Міжнароднай арганізацыяй працы альбо сусьветнымі прафсаюзнымі структурамі. Тут варыянт пугі спрацоўваў дастаткова эфэктыўна.

Нэгатыўнае разьвіцьцё сытуацыі ўзмацняецца эканамічным крызісам і ўмовамі працы, зь якімі сутыкаюцца беларусы. 54% працоўных атрымліваюць менш за 3,5 мільёна. Людзі цяпер усё больш пагаджаюцца на любую працу, менш увагі зьвяртаюць на камфорт працы, ахову працы і г. д. Гэта нядаўняя тэндэнцыя, як і беларускі крызіс, якому два гады. Зь ёй варта змагацца прафсаюзнымі, праваабарончымі, міжнароднымі сіламі. Дагэтуль стан рэчаў у гэтай сфэры выглядаў добра. Але эканамічны крызіс, жаданьне атрымаць любую працу ў любых умовах могуць істотна пагоршыць сытуацыю з аховай працы і правамі працоўных.

Дракахруст: Ёсьць пытаньні і да спосабаў падліку, і да тэрміналёгіі. Калі зьявіўся гэты даклад, усіх уразіла слова «нявольніцтва». Адразу аналёгія — хаціна дзядзі Тома і гэтак далей. Між тым размова ідзе пра нядобраахвотную працу. Існуюць краіны, дзе ёсьць натуральнае нявольніцтва. Зьявілася інфармацыя, што нейкі чалавек у Беларусі ў сябе ледзь не пад падлогай трымаў 19 віетнамцаў у натуральным рабстве. Таксама гэта тычыцца беларусак, якія выяжджаюць за мяжу. Ёсьць фэномэн сэксуальнага рабства, калі жанчын гвалтам прымушаюць да такіх функцыяў, адбіраючы ў іх пашпарты. Яны проста ня маюць магчымасьці гэтаму супраціўляцца.

Доля якраз такога кшталту зьяваў, рабства натуральнага, у Беларусі не настолькі вялікая. Гэта асобныя эпізоды. Нядобраахвотная праца — так, вельмі распаўсюджаная, пачынаючы з суботнікаў, канчаючы ЛТП і ўсім іншым. Часам беларусы гэта і не ўспрымаюць як прымус. Але праблема ў тым, што ў гэтай справаздачы сапраўднае рабства зьмешваецца з фэномэнамі нядобраахвотнай працы. Такое таксама кепска, але гэта зьявы зусім іншага парадку.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG