Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карэспандэнту расейскай Свабоды Раману Суперу ўдалося апынуцца ў рэдакцыі маленькага малавядомага паўднёвакарэйскага онлайн-выдання Daily North Korea, у якое некалькі гадоў таму прыйшла працаваць Кан Мі Джын — ўцякачка з паўночнакарэйскай правінцыі Янгандо.

Спадарыня Кан не хавае свой твар і сапраўднае імя. У КНДР яна расла ў добрай заможнай сям’і, скончыла ўнівэрсытэт і ўладкавалася на прэстыжную працу. Але яе жыцьцё і стаўленьне да рэжыму кардынальна зьмянілася са зьяўленьнем дачкі, разам зь якой яна ледзь не патрапіла ў рабства і ў рэшце ў 2009 годзе ўцякла праз Кітай у Сеул .




— Раскажыце пра сябе. Як вас завуць?

— Мяне завуць Кан Мі Джын.

— Колькі вам гадоў?

— Мне 49 гадоў.

— Гэта ваша сапраўднае імя?

— Так.

— Чаму вы не зьмянілі імя і дазволілі вас сфатаграфаваць? Чаму пагадзіліся распавесьці пра сябе? Вы не баіцеся?

— Я не хаваю свой твар, таму што хачу паказаць на сваім прыкладзе, што зьмяніць сваё жыцьцё можна практычна пры любых абставінах. Я пагадзілася з вамі пагаварыць, таму што хачу прыцягнуць увагу ўсяго сьвету да праблем, якія нараджае падзел Карэі на Поўдзень і Поўнач. Найперш — гэта праблема захаваньня правоў чалавека. Тыя ўмовы, у якіх аказваюцца многія паўночнакарэйцы, недапушчальныя ў сучасным сьвеце. Сыстэма, якая шмат гадоў калечыць чалавечыя лёсы і ператварае людзей у рабоў, недапушчальная. Ня можа ў дваццаць першым стагодзьдзі чалавек быць рабом, у чалавека павінны быць базавыя правы — гэта нармальна.

— Давайце пачнём з самага пачатку. Вы нарадзіліся ў Пхеньяне?

— Не, я нарадзілася ў правінцыі Янгандо, у горадзе Хесане. На поўначы правінцыя мяжуе з Кітаем.

— Гэта маленькая правінцыя?

— Не такая ўжо маленькая. Каля сямісот тысяч чалавек там жыве.

— Зь якой вы сям’і? Хто вашыя бацькі?

— Мой бацька працаваў у пункце забесьпячэньня харчаваньнем. Ён адказваў за разьмеркаваньне харчаваньня ў правінцыі.

— Мяркую, гэта вельмі хлебная, «блатная» пасада, калі народ існуе шмат у чым дзякуючы картачнай сыстэме разьмеркаваньня прадуктаў.

— Так, праца ў цэнтры разьмеркаваньня тавараў была жаданай. Добрая пасада.

— Значыць, у дзевяностыя, калі ў Паўночнай Карэі лютаваў голад, у вас не было праблем зь ежай?

— Тады ва ўсіх былі праблемы зь ежай. Але наша сям’я была багацей многіх іншых сем’яў, гэта факт.

— Вы гэта нейкім чынам падкрэсьлівалі? Ці гэта наогул было прынята ў Паўночнай Карэі — хваліцца заможнасьцю перад суседзямі?

— Не, што вы. Наадварот. Бытавой тэхнікі ў нас практычна не было. Мы паводзілі сябе вельмі і вельмі сьціпла. Мы і тэлевізар ня сталі купляць, хоць маглі. Тэлевізар у маім жыцьці зьявіўся, калі я пакінула бацькоўскі дом.



— Дзе працавала ваша мама?

— Мая мама шмат гадоў займалася маленькімі дзецьмі, працавала ў ясьлях.

— Якая ў вас адукацыя?

— Я скончыла трохгадовы каледж, затым паступіла ва ўнівэрсытэт там жа, дзе і жыла, у Янгандо.

— Куды вы ўладкаваліся, калі скончылі ўнівэрсытэт?

— Я ўладкавалася ў мясцовы камітэт паўночнакарэйскага дэмакратычнага саюзу жанчын.

— Гучыць пагрозьліва.

— Пагрозьліва гучыць мая наступная пасада. За чатыры гады да ўцёкаў з Паўночнай Карэі я стала камандзірам узводу 380-й вайсковай часткі Янгандо.



— Чым вы займаліся ў вашай 380-й вайсковай частцы?

— Гэта была асаблівая вайсковая частка. Па сутнасьці, я працавала на адмысловай базе, якая рэгулявала і забясьпечвала бясьпеку гандлёвых адносін з замежжам.

— Вы кантралявалі валютныя патокі, якія пранікалі ў краіну?

— Так, у тым ліку.

— Маючы зносіны з вашым суайчыньнікам — спадаром Джонам — я зразумеў, што разам з валютай у Паўночную Карэю з пачатку нулявых гадоў пачала пранікаць і заходняя культура, інфармацыя аб зьнешнім сьвеце. Ці гэта так?

— Інфармацыя і адгалоскі іншай культуры пачалі пранікаць раней. Ужо ў васьмідзесятыя гады мы даволі шмат, хоць і не бяз страху слухалі забароненае радыё. Ужо тады я асабіста трымала ў руках і ўлёткі, дасланыя з Паўднёвай Карэі.

— Што было ў гэтых улётках? Паўднёвакарэйская прапаганда?

— Нейкая элемэнтарная інфармацыя пра сьвет, якая зараз здаецца банальнай і сьмешнай.

— Атрымліваецца, што паўночнакарэйцы даведваліся пра сьвет з двух крыніц: радыё і ўлёткі з Сэтбола?

— Так, у асноўным так.

— Больш нічога забароненага не было?

— Было, але да гэтага было складаней дабрацца. Я глядзела нямецкія фільмы, савецкія фільмы, было кітайскае відэа. І паўднёвакарэйскія фільмы таксама атрымоўвалася глядзець. Але паўднёвакарэйскія фільмы былі пад самай вялікай забаронай. Таму гэтыя фільмы былі і самымі жаданымі. Я іх глядзела час ад часу, па начах, нават бліжэй да раніцы, калі ніхто дакладна не застукае. Мы даведваліся нейкія дробязі пра сьвет і са зьдзіўленьнем і сумам параўноўвалі ўсё гэта з нашым жыцьцём у Паўночнай Карэі.



— Вы ўжо тады — у васьмідзесятыя — пачалі падумваць пра ўцёкі?

— Думкі сталі зьяўляцца ўжо тады. Былі дзьве вялікія падзеі, якія на мяне паўплывалі. Першая — гэта летняя Алімпіяда ў Сеул е ў 1988 годзе. Другое — трынаццаты Сусьветны фэстываль моладзі і студэнтаў, які праводзіўся ў Пхэньяне, куды прыехала шмат розных людзей. Пасьля гэтых мерапрыемстваў ўва мне выразна пачала прарастаць цікавасьць да Паўднёвай Карэі, да паўднёвакарэйскай культуры, да паўднёвакарэйскага грамадзтва.

— У які момант гэта цікавасьць да Поўдня упёрся ў столь і прабіла яго?

— Гэта ўсё доўга назапашвалася. Мне здаецца, што я вельмі шмат зрабіла для Паўночнай Карэі. Я старанна і добра працавала. Я не рабіла нікому нічога дрэннага і старалася жыць сумленна і правільна, але атмасфэра вакол была цалкам непрымальнай.

— Вы маеце на ўвазе ідэалёгію, чучхе?

— Перш за ўсё я маю на ўвазе чалавечыя адносіны ў грамадзтве і стаўленьне сілавых службаў да людзей. Я маю на ўвазе вымагальніцтва хабараў, я маю на ўвазе нахабства начальнікаў і чыноўнікаў на кожным кроку, я маю на ўвазе пастаянную хлусьню, у якой нараджаюцца, сталеюць, старэюць і паміраюць людзі.



— У вас вымагалі грошы? Вы ж былі камандзірам узвода. Каму ў галаву магло прыйсьці вымагаць грошы ў вас?

— Як толькі сілавыя структуры бачаць, што ты выбіваесься з агульнай беднай праслойкі насельніцтва (а я выбівалася), на цябе адна за адной пачынаюць валіцца ўсякія дробныя і буйныя непрыемнасьці. І тут жа зьяўляецца чалавек у пагонах, які прапануе гэтыя непрыемнасьці вырашыць. За грошы, зразумела. Разумееце? Такое паўсюль было. Зьяўляюся я камандзірам узводу або кімсьці іншым — усё роўна. У мяне пачаліся ў нейкі момант сур’ёзныя спрэчкі з уладамі з-за таго, што я паводзіла сябе дзёрзка, не давала хабараў, я пайшла на прынцып, а гэта было ўжо рэальна небясьпечна.

— Ведаеце, кажуць, што да ўсяго можна прывыкнуць. Чаму вас гэта так раздражняла? У вас жа было больш ежы, чым у іншых, вы кантралявалі зьнешнія гандлёвыя адносіны, а значыць, мелі доступ да тавараў, грошай у вас было больш, чым у іншых. Дрэнна, ці што?

— У мяне зьявілася свая сям’я, я шмат часу стала надаваць выхаваньню дачкі і ўсё часьцей пачала задумвацца, што не хацела б, каб гэты фон быў часткай і яе жыцьця таксама. Гэта самае важнае. Асноўная прычына маіх ўцёкаў — гэта жаданьне даць маёй дачцэ лепшую адукацыю і наогул — лепшую будучыню, уяўленьне пра якое я мела па фільмах, улётках і радыёперадачах.

— У вас тады перад вачыма ўжо былі прыклады пасьпяховых уцёкаў з Паўночнай Карэі?

— Так, былі. Я ведаю, што ў нашым раёне жылі жанчыны, якія без асаблівых праблем уцяклі з Паўночнай Карэі. Але былі і такія, каго злавілі. Іх затрымлівалі, дапытвалі і прыгаворвалі да турэмных тэрмінаў.

— Вы псыхалягічна былі гатовыя да турэмнага тэрміну?

— Я рыхтавалася да ўцёкаў. Я старанна прадумвала плян. І, як мне здавалася, я яго прыдумала ідэальна.

— Вы вырашылі бегчы з дачкой?

— Так, я вырашыла бегчы разам з дачкой і дзеля дачкі. І ў гэтым была галоўная праблема.

— Чаму?

— Для паўночнакарэйскай жанчыны самы відавочны і ў нейкім сэнсе просты спосаб ўцячы — гэта прадацца ў рабства ў Кітай.

— Гэта мэтафара?

— Не. У 2009 годзе, калі мы беглі, продаж паўночнакарэйскіх жанчын у Кітай быў адладжаны вельмі добра. Гэта сапраўдны бізнэс.

— Вы так спакойна пра гэта гаворыце.

— Для вас гэта навіна?

— Думаю, прыкладна для ўсіх гэта навіна.

— Не, усе, хто займаецца гэтай праблемай прафэсійна, добра ведаюць, што продаж жанчын з Паўночнай Карэі ў Кітай — гэта проста факт. Увогуле, я вырашыла скарыстацца гэтай шчылінай і прадаць сябе ў Кітай.

— Што значыць прадаць сябе? Ёсьць нейкі чорны рынак чалавечых лёсаў?

— Можна і так гэта назваць. Рынак сапраўды ёсьць. Ёсьць удзельнікі рынка. У гэтага рынку есьць правілы.

— Раскажыце, як гэта працуе.

— У Паўночнай Карэі ёсьць спэцыяльныя «брокеры» — кантрабандысты, якія займаюцца гандлем людзьмі. Яны валодаюць моцнымі сувязямі з рознымі высокапастаўленымі ваеннымі чыноўнікамі і за грошы зьдзяйсьняюць ўсю гэтую працэдуру «пад ключ». Ты плаціш ім ўзнагароджаньне, яны цябе прадаюць у Кітай, дамаўляючыся зь кім трэба. У 2009 годзе, калі я бегла, расцэнкі былі такія: за маладых жанчын да трыццаці гадоў кітайцы плацілі дваццаць тысяч юаняў. А за тых, хто старэй, ад трох да пяці тысяч юаняў.

— Атрымліваецца тры тысячы даляраў за маладую дзяўчыну. І сямсот баксаў за жанчыну старэйшую.

— Калі пагадненьне зьдзяйсьнялася, паўночнакарэйскі «брокер» перадаваў жанчыну кантрабандысту, які перавозіў яе ў Кітай. У Кітаі мясцовыя пасярэднікі прадаюць жанчыну на сваім чорным рынку — у любы куток краіны.

— І вы вырашылі прадаць сябе кітайцам разам з маленькай дачкой? Яны і дзецьмі былі гатовыя займацца?

— Гэта першае, што прыходзіць у галаву жанчыне, якая хоча бегчы з Паўночнай Карэі. Так. Галоўнае — апынуцца за межамі краіны, усё астатняе ўжо можна вырашыць у Кітаі, там значна прасьцей.

— Вы знайшлі такога «брокера» і прапанавалі сябе?

— Я знайшла «брокера», прапанавала сябе, але ён адмовіўся мець са мной справу з-за дачкі. Ён быў гатовы прадаць мяне адну, але з дачкой — не. Тады я знайшла іншага «брокера», але ён таксама адмовіўся мець справу з дзецьмі. Усяго было пяць «брокераў», зь якімі я размаўляла. І ўсе адмовіліся. А адна бегчы я не магла. Так я зразумела, што гэтай шчыліны ў мяне няма. Я пачала шукаць іншыя шляхі для ўцёкаў.



— Як вы іх знайшлі?

— Сувязі і хабар. Я выйшла на дружалюбных памежнікаў. Яны падзяліліся са мной вельмі карыснай інфармацыяй: распавялі мне, што ў пэўны дзень у пэўную гадзіну пэўны дазор будзе знаходзіцца ў пэўным месцы. А калі дазор будзе знаходзіцца там, дык у іншым пункце на мяжы некалькі гадзін дазору ня будзе. Я дакладна вызначыла раён, дзе мне трэба было апынуцца, адзначыла яго на карце, сабрала рэчы, узяла дачку. Так мы пасьпяхова перасеклі мяжу і зьбеглі ў Кітай.

— Кітай быў для вас трансфэрнай зонай? Вы ж на самай справе імкнуліся ў Сеул?

— Так, вядома. Але мы затрымаліся на нейкі час у Кітаі: там я сустракала розных людзей, у тым ліку і іншых уцякачак з КНДР. Я пазнаёмілася зь дзіўнай жанчынай Кім Кен Ок. Яна двойчы ўцякала з Паўночнай Карэі. Яна выйшла замуж за кітайскага карэйца, жыцьцё стала наладжвацца, але кітайскія ўлады яе дэпартавалі назад. Ёй давялося адседзець у турме два гады ў КНДР. Вызваліўшыся, яна зноў зьбегла, прыкладна тады ж, калі і мы з дачкой. Апынуўшыся зноў у Кітаі, Кім Кен Ок зьвязалася са сваім мужам, але той за два гады пасьпеў ажаніцца на іншай жанчыне.

— Як вас у выніку прыняла Паўднёвая Карэя?

— Гэтыя ўцёкі вельмі моцна выматалі нас. Апынуўшыся ў Сеул е, мы выдыхнулі. І прыём здаўся нам вельмі цёплым. Я нічога не зрабіла для Паўднёвай Карэі, я не пасадзіла тут ніводнага дрэва, я не брала ў рукі рыдлёўку, не пасьпела праліць ні адной кроплі поту, не плаціла падаткі, а краіна ўсё роўна паставілася да мяне як да сваёй. Для мяне гэта было сардэчны прыём. Не магу сказаць нічога дрэннага.

— Вам не было цяжка адаптавацца да капіталізму?

— Па-рознаму было. Спачатку мяне вельмі шмат зьдзіўляла. Па-дзіцячы зьдзіўляла. Усё здавалася іншым.

— Ну што, напрыклад?

— Ды ўсё, нават родная карэйская мова ў Сеуле іншая, нагрувашчваная вялікай колькасьцю запазычаных слоў. Мяне ўразіла, што адна і тая ж мова ў адных народаў можа быць такая розная. Мяне зьдзіўлялі культурныя адрозьненьні. Мяне зьдзіўляла, што круглы год з крану цячэ гарачая вада, а сьвятло можа гарэць у любы час сутак, калі яго ўключыць. І яшчэ мяне зьдзіўляла, што за працу, аказваецца, павінны плаціць грошы, на якія рэальна купіць розныя прадукты і розную вопратку. Цяпер гэта ўжо сьмешна, а ў 2009 годзе мяне гэта ўсё ўражвала.

— Вам удалося ўладкавацца ў Сеуле на працу?

— Так, мне пашанцавала з гэтым. Вельмі пашанцавала. Я ведаю выпадкі, калі ўцекачы з КНДР не маглі ўладкавацца і знайсьці сябе ў новай рэальнасьці. Яны беглі назад у Паўночную Карэю, па самых розных і няпростых прычынах.

— Куды вы ўладкаваліся?

— Прыехаўшы ў Сеул, я, як і ўсе перабежчыкі, апынулася ў дзяржаўнай школе — «Ханавон». Па-ангельску гэта завецца Settlement Support Center for North Korean Refugees. Там людзям дапамагаюць перабудавацца на іншы лад, навучаюць іх базавым навыкам, якія спатрэбяцца ў капіталістычным сьвеце. У гэтай школе я даведалася, што такое інтэрнэт. Шмат чаго даведалася. І вырашыла паспрабаваць заняцца журналістыкай. Я захацела расказаць Паўднёвай Карэі і ўсяму сьвету пра жыцьцё ў Паўночнай Карэі. Гэтым я і займаюся зараз у онлайн-выданні Daily North Korea.

— Як вы думаеце, у Паўночнай Карэі калі-небудзь зьявіцца інтэрнэт?

— Пры гэтым рэжыме — ніколі. Інтэрнэт для рэжыму будзе азначаць сьмерць. Калі паўночнакарэйцы атрымаюць інтэрнэт, яны тут жа палезуць шукаць інфармацыю пра Кім Чэн Ына. Яны яе атрымаюць і вельмі зьдзівяцца. Рэжыму гэта ня трэба. Ніякага інтэрнэту. У Паўночнай Карэі і непраслухоўваемай тэлефоннай сувязі-то няма. Усё выразна кантралюецца. Кожнае слова.

— Вы выйшлі замуж у Паўднёвай Карэі?

— Не, я не замужам. У мяне ёсьць толькі дачка, зь якой мы і зьбеглі.



— Акрамя журналістыкі вы займаецеся праваабарончай дзейнасьцю?

— Так, я імкнуся гэта рабіць. Я распавядаю сьвету рэальныя гісторыі, якія адбываюцца ў Паўночнай Карэі цяпер. Не ў сярэднявеччы, а цяпер. Я, напрыклад, распавядаю сьвету гісторыю 32-гадовай Ры Кенсыль, якая нарадзілася ў Паўночнай Карэі, у мястэчку Хвэрэн. Яе падманам прадалі кантрабандыстам ў Кітай, калі ёй было дзевятнаццаць гадоў. У кітайскай правінцыі Шаньдун яна трапіла ў сэксуальнае рабства, зь яе зьдзекаваліся сем месяцаў, пасьля чаго ёй удалося зьбегчы ў паселішча кітайскіх карэйцаў. Пазьней яна пераехала ў Сеул. Я ведаю нямала такіх гісторый. Гэта ўсё жудасна.

— Вы хочаце аб’яднаньня Карэі?

— Вы ня знойдзеце чалавека, які хоча гэтага больш, чым я.

— Вы лічыце, што гэта рэальна?

— Я лічу, што гэта магчыма, так.

— Спадарыня Кан, ці павінна паўднёвакарэйская дэмакратыя нешта запазычыць у чучхе? Ці ёсьць такія рэчы?

— Не, калі мы гаворым пра сыстэму, дык запазычаць у чучхе ня трэба нічога. У сацыялістычнай сыстэме няма нічога добрага.

— У сацыялістычнай сыстэме, можа, і няма нічога добрага. Але вось у нас у Расеі неяк прынята настальгаваць па гэтай сыстэме. Нават людзі, якія Савецкі Саюз ненавідзяць, не-не ды і ўспомняць добрым словам якую-небудзь дэталь з савецкага малочнага дзяцінства. Нейкая эстэтычная туга па мінулым ёсьць. Вы не пасьпелі засумаваць па маладосьці, праведзенай у чырвонай краіне?

— Не-не, я не сумую па сыстэме. Наогул не сумую ні кропелькі. Я сумую па сваіх добрых сябрах, я сумую па сваіх школьных настаўніках, сумую па земляках, зь якімі сталела. Па канкрэтных людзях — сумую. Па сыстэме — не, канешне не сумую. Я зьбегла ад яе, рызыкуючы жыцьцём.

— У вас засталіся сваякі ў Паўночнай Карэі? Ці падтрымліваеце вы зь імі сувязь?

— Сваякі ёсьць, але сувязі зь імі абарваны. Я нават не спрабую зь імі кантактаваць, так будзе лепш для ўсіх. І бясьпечней. Кантакты сваякоў паміж Поўднем і Поўначчу — гэта вельмі небясьпечная і няправільная задума.



— Калі ўявіць, што ў вас ёсьць магчымасьць вярнуцца ў Паўночную Карэю на некалькі дзён, што б вы зрабілі там за гэты час?

— Калі ўявіць такое чараўніцтва, я б ... Я б хацела сустрэцца з сябрамі і расказаць ім пра сваё новае жыцьцё. Я б хацела распавесьці сябрам, знаёмым, тым, зь кім разам вучылася, ды й проста ўсім людзям у КНДР, што паўнднёвакарэйскі лад жыцьця і паўднёвакарэйскае грамадзтва ня маюць нічога агульнага з тымі стэрэатыпамі, якія распаўсюджвае паўночнакарэйская прапаганда. І яшчэ — я б хацела наведаць магілу майго бацькі. Бадай, вось усё.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG