Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Белавія» ўтрая павялічыла пасажырапаток на лініі Беларусь — Украіна


Самалёт «Белавіі» ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль»

Самалёт «Белавіі» ў кіеўскім аэрапорце «Барыспаль»

Зь Менску безь перасадак можна даляцець да Кіева, Адэсы, Запарожжа, Харкава.

За два месяцы пасажырапаток «Белавія» паміж Беларусьсю і Ўкраінай вырас утрая. Пра гэта паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец падчас запуску новага маршруту — гэтым разам у Харкаў.

«З улікам павелічэньня частаты палётаў у Кіеў і новага рэйсу ў Адэсу пасажырапаток ва Ўкраіну вырас прыкладна ўтрая. Зараз да гэтага сьпісу далучаецца Харкаў дзякучы чаму, колькасьць пасажыраў будзе павялічвацца і надалей», — адзначыў спадар Чаргінец, дадаўшы, што запаўняльнасьць рэйсаў у Кіеў вельмі высокая. Па яго словах, амаль на такі ж ўзровень паступова выйшла Адэса, хоць спачатку ўсё было ня так аптымістычна. Цяпер давядзецца актыўней папрацаваць на харкаўскім напрамку.

Апроч таго, 22 сьнежня «Белавія» мае намер адкрыць чацьвёрты штодзённы рэйс паміж Менскам і Кіевам у міжнародны аэрапорт «Жуляны» ва ўкраінскай сталіцы:

«Мы назіраем прырост транзытных пасажыраў і, каб задаволіць існуючы попыт, прынятае рашэньне аб увядзеньні дадатковага рэйсу. Выбар аэрапорту абумоўлены тым, што ён знаходзіцца непасрэдна ў межах гораду, што дазваляе пасажырам эканоміць час на шляху ў аэрапорт», — заявіў з гэтай нагоды генэральны дырэктар авіякампаніі Анатоль Гусараў.

Ад 25 кастрычніка, калі Расея і Ўкраіна ўвялі ўзаемную забарону палётаў, «Белавія» істотна павялічыла свой пасажырапаток на лініі Менск — Кіеў: паводле афіцыйных дадзеных, у сярэднім за дэкаду паміж дзьвюма сталіцамі перамяшчаецца больш за 5 тысяч чалавек. Раней такая колькасьць зьбіралася за месяц. Рост пасажырапатоку дасягнуты перадусім за кошт павелічэньня ўкраіна-расейскага транзыту празь Беларусь.

Пры канцы верасьня Ўкраіна заявіла пра забарону палётаў для расейскіх авіякампаній, якія ажыцьцяўлялі рэйсы ў анэксаваны Расеяй Крым. Потым сьпіс быў пашыраны на ўсіх расейскіх авіяперавозчыкаў. Сьледам пра ўвядзеньне аналягічных захадаў у дачыненьні да ўкраінскіх авіякампаній абвясьціла Расея. Практычна адразу ж Беларусь прапанавала стаць злучальным зьвяном у паветраных зносінах паміж бакамі канфлікту.

XS
SM
MD
LG