Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэпцыю рэбрэндынгу «Белавія» прафінансавала кампанія Boeing


Гэтая расфарбоўка неўзабаве адыдзе ў гісторыю

Гэтая расфарбоўка неўзабаве адыдзе ў гісторыю

Дзьве амэрыканскія кампаніі, якія супрацоўнічаюць з кампаніяй Boeing, займаюцца распрацоўкай візуальнай канцэпцыі рэбрэндынгу беларускай кампаніі «Белавія».

Фінансавыя рэсурсы на гэтую працу былі выдзеленыя менавіта кампаніяй Boeing. «Унутры кампаніі Boeing існуе норма, адпаведна зь якой пры падпісаньні першага кантракту з авіяперавозчыкам пра набыцьцё самалётаў выдзяляецца пэўны аб’ём коштаў для маркетынгавых мерапрыемстваў. Іх можна патраціць на рэкляму, на нейкія іншыя рэчы. Ведаючы нашы праблемы, кампанія прапанавала накіраваць гэтыя грошы на распрацоўку новага брэнда, і мы з гэтым пагадзіліся», — паведаміў сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве прадстаўнік кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец.

У той жа час ён не ўдакладніў агульную суму коштаў, выдзеленых на распрацоўку канцэпцыі рэбрэндынгу. «Былі праведзены глыбокія дасьледаваньні, у тым ліку сярод пасажыраў, і нам было прапанавана пяць канцэпцыяў, зь якіх мы абралі адну. Цяпер мы шчыльна працуем зь ёй», — дадаў ён.

Паводле Ігара Чаргінца, далейшае прасоўваньне абноўленага брэнду «Белавія» будзе ажыцьцяўляцца ўжо коштам самой кампаніі. «Мэтаю рэбрэндынгу зьяўляецца адмова ад таго нэгатыву, які быў зьвязаны з сэрвісам савецкага часу, у першую чаргу», — падкрэсьліў прадстаўнік «Белавія».

Тры новыя самалёты «Boeing 737» «Белавія» атрымае ўжо ў новай расфарбоўцы. Усе іншыя лайнэры, якія знаходзяцца на балянсе кампаніі, паступова будуць таксама перафарбаваныя. Але якія колеры стануць новым сымбалем «Белавія», у кампаніі пакуль не ўдакладняюць. Дадаюць толькі, што ў працэсе рэбрэндынгу зьменяцца таксама строі стуардаў і ўзровень сэрвісу.

XS
SM
MD
LG